Край мой родны — ластаянцы, падбярэззе…

Культура

Не так даўно вёскі Ластаянцы і Подберазь паклікалі ўсіх, чый лёс так ці інакш злучаны з гэтым краем, на сваё свята. Адразу два аўтары прыслалі ў рэдакцыю лісты, натхнёныя той падзеяй.

“Суседнія вёскі Ластаянцы і Подберазь раскінуліся на мяжы Ашмянскага, Смаргонскага і Валожынскага раёнаў. Іх, утвараючы маляўнічыя астраўкі, акружаюць рэчкі Ластаянка і Заходняя Бярэзіна”, – такімі словамі пачалося свята, арганізаванае дырэктарам СДК “Падбярэззе” С. І. Гурбан, бібліятэкарам Л. І. Маразоўскай і кіраўніком мастацкай самадзейнасці І. Ф. Гурбан.

На мерапрыемства сабраліся людзі розных прафесій: механізатары, жывёлаводы, медработнікі, настаўнікі. У той дзень да многіх мясцовых жыхароў прыехалі пагасціць дзеці, унукі, праўнукі. Некаторыя з іх тут нарадзіліся, мужнелі, асвойвалі нялёгкія сельскагаспадарчыя заняткі, але зараз жывуць і працуюць у іншай мясцовасці. Увагі і цеплыні хапіла ўсім.

Першай на сцэну была запрошана шматдзетная маці Вольга Іванаўна Язерская са сваім маленькім сыночкам Арцёмам, самым юным жыхаром Подберазі. Потым ушанавалі самую пажылую сям’ю Івана Сямёнавіча і Марыі Антонаўны Рубанаў з Ластаянцаў. Не адно дзесяцігоддзе крочаць разам па жыцці Васіль Мітрафанавіч і Валянціна Зіноўеўна Астраумавы, Генадзь Дзмітрыевіч і Ірына Іосіфаўна Дзеравягі, Фелікс Сямёнавіч і Яніна Валяр’янаўна Кавэцкія. Не абышлі на свяце і нашу сям’ю. Мы з жонкай, Аленай Антонаўнай, маем за плячамі амаль 51 год сямейнага стажу.

Лявонцій ЖАРКЕВІЧ



Добавить комментарий