Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ГУБІЦЬ ЛЮДЗЕЙ НЕ ПІВА…

Паведамленне пра тое, што мужчына 1975 года нараджэння пайшоў купацца на вадаём каля вёскі Шапавалы і не вярнуўся, паступіла ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС позна вечарам 14 жніўня. На наступны дзень у раён прыехалі вадалазы з Вілейкі. Падчас абследавання дна вадаёма труп быў знойдзены.

СУМЛЕННЕ ЗАМУЧЫЛА

Пра крадзеж у міліцыю звычайна паведамляюць самі пацярпелыя. Але нядаўна гэта “правіла” было парушана. Мужчына 1981 года нараджэння патэлефанаваў у АДС і прызнаўся, што скраў у сваёй знаёмай мабільны тэлефон маркі “Nokia”. Факт і сапраўды меў месца. Нягледзячы на дабравольнае прызнанне, супраць злодзея ўзбуджана крымінальная справа. Тэлефон гаспадыні вернуты.

РАЗ’ЮШАНЫ СУБЯСЕДНІК

На бяду сустрэліся двое знаёмых на вуліцы Міру ў райцэнтры. Адзін нанёс другому цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пранікальнага ранення грудной клеткі. Пацярпелы сам выклікаў хуткую, а медсястра паставіла ў вядомасць праваахоўныя органы.

Той, хто падазраецца ў злачынстве, затрыманы, у яго канфіскаваны нажніцы і нажы. Вядзецца следства.

АГОНЬ УТАЙМАВАЛІ, АЛЕ…

18 жніўня ў Лужанах адбылося ўзгаранне жылога дома. Падчас ліквідацыі пажару выратавальнікамі быў знойдзены труп жанчыны 1957 года нараджэння. У Сакаўшчыне гарэў будынак былога збожжасховішча. Якраз напярэдадні тут правялі ўборку. Паколькі памяшканне не эксплуатавалася, то яго абясточылі, а ўваходныя дзверы замкнулі. Па папярэдніх звестках, пажар узнік унутры. Прычынай мог стаць непатушаны акурак.

У ваколіцах Сакаўшчыны рэйдавай групай быў знойдзены і знішчаны самагонны апарат. А на мінулым тыдні падчас земляробчых работ непадалёку жылога дома былі выкапаны гільзы артылерыйскіх снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёры-піратэхнікі знаходку абясшкодзілі.

РАЗБАГАЦЕЦЬ НА ЧУЖЫМ

Па “гарачых” слядах удалося выявіць злачынца, які ўкраў у сваёй знаёмай больш за чатыры мільёны рублёў. За свой учынак мужчыну давядзецца несці судовую адказнасць.

ПРАЕКТЫ-МІРАЖЫ

Дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў, юрыдычны адрас якога мае Валожынскую прапіску, падазраецца ў некалькіх эпізодах махлярства. Вядома, што мужчына заключаў з жыхарамі Мінска і іншых гарадоў вобласці дагаворы на распрацоўку эскізаў праектаў, выраб і мантаж зрубаў дамоў. Вымагаў залогавую цану, якая вагалася ў памерах ад 1 да 8 тысяч долараў ЗША, а потым надоўга знікаў з поля зроку заказчыкаў.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *