Зберагчы дзяцей!

Закон и порядок

Да 5 верасня на тэрыторыі вобласці Дзяржаўтаінспекцыяй праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, а 28 жніўня пройдзе адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Першы і галоўны ўрок – бяспека!”.

У перыяд правядзення СКМ “Увага – дзеці!” для прыцягнення ўвагі юных удзельнікаў дарожнага руху транспартныя сродкі ў дзённы час сутак павінны рухацца з уключаным блізкім святлом фар. Вадзіцелі павінны быць максімальна асцярожнымі, праязджаючы ля школ і іншых дзіцячых устаноў.

РЭКАМЕНДАЦЫІ ДЗЕЦЯМ

 Дарагія дзеці! Каб не трапіць у бяду, не стаць ахвярай дарожна-транспартнага здарэння і не прычыніць болю сваім бацькам, выконвайце наступныя рэкамендацыі:

  1. Ідучы ў школу ці проста па вуліцы, абыходзьце выезды з гаражоў, з аўтастаянак і іншых падобных месцаў: які-небудзь аўтамабіль можа выехаць заднім ходам, і яго вадзіцель не заўважыць вас.
  2. Ніколі не пераходзьце вуліцу на чырвонае святло, нават калі паблізу няма машын. Лепш пераходзіць у спецыяльных месцах – так бяспечна.
  3. Калі там, дзе трэба перайсці вуліцу, няма святлафора, то ўважліва паглядзіце ў бакі, каб пераканацца, што паблізу няма машын, і толькі потым пераходзьце.
  4. Калі страшна пераходзіць вуліцу аднаму, папрасіце каго-небудзь з дарослых перавесці вас ці дачакайцеся, пакуль дарослы будзе пераходзіць вуліцу, і ідзіце з ім побач.
  5. Будзьце асабліва асцярожнымі пры пераходзе вуліцы, калі ў вочы свеціць сонца. Яркае сонечнае святло слепіць, і можна не ўбачыць машыну, што набліжаецца.
  6. Не выбягайце на праезную частку за мячом ці іншай цацкай: рызыкуеце не заўважыць машыны і трапіць пад яе.
  7. Не катайцеся на ровары па праезнай частцы, дзе ходзяць аўтамабілі і грузавікі.
  8. На аўтобусным прыпынку не пераходзьце дарогу наперадзе аўтобуса, аўтамашыны, а пераходзьце за аўтамабілем, пераканаўшыся ў бяспецы.
  9. Не бярыце прыклад з дарослых, якія парушаюць Правілы. Калі бачыце, што хтосьці, парушаючы парадак, пераходзіць дарогу ў неналежным месцы, – самі не рабіце так. Азірніцеся – дзесьці непадалёк ёсць пешаходны пераход.
  10. Папрасіце сваіх бацькоў купіць вам спецыяльныя святлоадбівальныя значкі, кулончыкі, наклейкі і прымацуйце іх на адзенне.

 

Дзеці

ў аўтамабілі

 

  1. Калі вам яшчэ няма 12-і гадоў – падарожнічайце ў аўтамабілі толькі ў спецыяльным аўтакрэсле. Калі ўжо ёсць 12 – прышпіліце рамень бяспекі, нават калі паездка зойме ўсяго некалькі хвілін. Аварыя здараецца як у працяглых, так і ў кароткіх паездках.
  2. Не ўставайце з месца і не перасоўвайцеся ў машыне, калі яна едзе. Пры крутым павароце ці раптоўным прыпынку можна моцна ўдарыцца.
  3. Не высоўвайце рукі з акна аўтамабіля. Транспарт, што ідзе міма, можа закрануць вас, што выкліча сур’ёзную траўму.
  4. Перш чым аўтамабіль кранецца з месца, трэба праверыць, ці добра зачынены ўсе дзверы. Пасля гэтага замкі і ручкі дзвярэй ужо нельга чапаць, таму што незачыненыя дзверы могуць раптам расчыніцца, і вы на поўным ходзе машыны вылеціце на дарогу.
  5. Знаходзячыся ў аўтамабілі, не дакранайцеся да кнопак і рычагоў кіравання і не спрабуйце самастойна ссунуць машыну з месца.
  6. Не датыкайцеся да руля, калі аўтамабіль рухаецца.
  7. Выходзьце з машыны толькі з боку тратуара (абочыны). Многія няшчасныя выпадкі адбываюцца ад таго, што людзі вылазяць з аўтамабіля не з таго боку: чалавека можа збіць транспарт, што рухаецца міма.

 



Добавить комментарий