Навучальны год на парозе

Общество

У аўторак адбылася традыцыйная жнівеньская канферэнцыя работнікаў адукацыі раёна.

Сёлетняе мерапрыемства прайшло ў іншым фармаце, чым звычайна. Перад пленарным пасяджэннем у СШ № 2 г. Валожына з 9.00 працавалі тэматычныя пляцоўкі, якія адлюстроўвалі школьныя бізнес-праекты, пазашкольнае і дашкольнае выхаванне. Так, у СШ № 1 г. Валожына акцэнт зроблены на выраб швейнай прадукцыі з паркалю, Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з гэтага года будзе заахвочваць маладое пакаленне да традыцыйнага промыслу свайго рэгіёна – ганчарства. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” пад кіраўніцтвам педагога музыкі Жанны Мянцюк хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца розным відам сцэнічнага мастацтва.

Пленарнае пасяджэнне пачалося дакладам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышовай.

Сёлета ў класы школ прыйдуць 4590 школьнікаў, з іх 346 – за парты сядуць першы раз. Гэта больш, чым летась. А калі ў раёне нараджаюцца дзеці, то будучыня ў яго ёсць. Назіраецца і прафесіянальны рост настаўнікаў, амаль 85 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і 1-ю катэгорыі. Выпускнік гімназіі № 1 Сяргей Вайткевіч на ўступных экзаменах у ВНУ набраў 100 балаў па матэматыцы. Вядома, гэта не толькі поспех юнака, але і яго настаўніцы І. У. Уланчык. З гэтага года стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі стануць гімназісткі Дзіяна Шаргародская і Дар’я Лугіна.

Дзецям і падлеткам Валожыншчыны створаны добрыя ўмовы для атрымання сучаснай адукацыі, для развіцця талентаў і задаткаў. Усе 30 устаноў адукацыі адрамантаваны, маюць выдатнае эстэтычнае афармленне, трывалую матэрыяльна-тэхнічную базу. Летась у школах і садках раёна не адбылося выпадкаў дзіцячага траўматызму. папулярнасцю карыстаюцца такія грамадскія аб’яднанні, як БРСМ і піянерская арганізацыя. вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню, амаль 90 працэнтаў вучняў ахоплены гуртковай работай, больш чым на 39 мільёнаў рублёў закуплена спартыўнага інвентару і трэнажораў.

Напрыканцы афіцыйнай часткі перад сабранымі выступіў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Ён пажадаў работнікам педагагічнай нівы новых поспехаў і дасягненняў, а таксама выказаў спадзяванне, што другая, неафіцыйная частка педканферэнцыі дасць зарад бадзёрасці і добрага настрою на ўвесь навучальны год.

На гэтай святочнай ноце ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў кінатэатр “Юнацтва”.

Немалаважную ролю ў тым, каб навучальна-выхаваўчы працэс станоўча рухаўся, адыгрываюць маладыя кадры. Прыемна адзначыць, што яны ўсё часцей застаюцца жыць і працаваць у нашым раёне. Сёлета педагагічны корпус папоўніўся адразу 27 маладымі спецыялістамі. Падчас урачыстай часткі яны першымі падняліся на сцэну, каб з вуснаў вопытнай настаўніцы, дырэктара гімназіі № 1 А. І. Клачко пачуць словы падтрымкі і добрых пажаданняў.

Падводзячы вынікі работы, нельга абысці ўвагай тых, хто дабіўся добрых вынікаў, поспехаў. Старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч уручыў Падзякі загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Наталлі Казак, загадчыцы Ракаўскага сада “Сонейка” Тамары Картынік, дырэктару Вішнеўскай школы Але Клімковай, дырэктару Пяршайскай школы Святлане Ламака, дырэктару Багданаўскай школы Ірыне Альшук, дырэктару Івянецкай школы Ірыне Рудай, дырэктару Гародзькаўскай школы Таццяне Чабай.

За шматгадовую працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі вобласці настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Святлана Федарака атрымала Ганаровую грамату Мінаблвыканкама. За Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на сцэну падымаліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Чарнышова, педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Курыла, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Вольга Шаргародская, выхавальніца Івянецкага дзіцячага сада “Лесавічок” Таццяна Скіба, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Івянецкай школы Аліна Ярмак, педагог-псіхолаг Ракаўскай школы Ірына Манала, дырэктар СШ № 2 г. Валожына Ларыса Петрашкевіч.

Узнагароджанне час ад часу перарывалася нумарамі мастацкай самадзейнасці і відэаролікамі, якія акуналі ў цудоўную атмасферу школьнага жыцця. Асабліва запомніўся сюжэт, зроблены журналістамі 1-га Нацыянальнага тэлеканала пра Сугваздаўскі дзіцячы сад сямейнага тыпу “Светлячок”. Адразу неяк падумалася: “Нашы дзеці – самае прыгожае і цудоўнае, што толькі ёсць на свеце…” Трэба, каб яны выраслі добрымі грамадзянамі нашай цудоўнай краіны, каб былі шчаслівымі. А для гэтага, як сказала Наталля Анатольеўна Чарнышова, настаўнік павінен умець рэалізоўваць дзіцячыя мары…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий