«Дагнаць» час пенсiянерам…

Общество

Сучасны свет такі, што, як ні круці, а без камп’ютара абысціся вельмі складана. На жаль, пажылыя людзі (за выключэннем тых, хто паспеў пазнаёміцца з ім у апошнія гады службы-работы), як гаворыцца, “выпалі з абоймы” навейшых тэхналогій. 

Аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вырашыла дапамагчы людзям пенсіённага ўзросту “дагнаць” час. Пачынаючы з лютага бягучага года, на базе аддзялення жыхары Валожына сталага ўзросту паступова пераходзяць у зносінах з камп’ютарам з “Вы” на “ты”. Кіраўнік гуртка камп’ютарнай граматнасці Віктар Правалінскі лічыць, што галоўнае – перамагчы свой страх, а вучыцца ніколі не позна.

Першыя “студэнты” ўжо добра ведаюць, што такое “іконка”, мышка, умеюць ёй кіраваць і адкажуць на пытанне, чым файл адрозніваецца ад папкі. Кожны навучэнец вёў асабісты канспект, куды старанна занатоўваў новыя паняцці, даўно знаёмыя ўнукам-дзетсадаўцам.

Спецыялісты рэкамендуюць праводзіць заняткі раз на тыдзень.

Прыярытэтныя галіны камп’ютарных ведаў – сацыяльныя сеткі і скайп. У многіх дзеці і ўнукі разляцеліся па ўсім свеце, і гэта значна дапамагае мець з імі штодзённыя зносіны. А галоўнае – гэта значна танней, чым тэлефонныя міжнародныя размовы.

Надышла чарга навучыцца атрымліваць праз камп’ютар талончык да ўрача, набываць неабходныя лекі, авія- і чыгуначныя білеты. Наведвальнікі курсаў стараюцца спасцігнуць спецыфічную мову камп’ютарных карыстальнікаў. Дарэчы, ім даецца жартаўлівы тэкст, які трэба “перакласці” на рускую мову. Праўда, пакуль што з заданнем ніхто не справіўся, але кіраўнік гуртка лічыць, што гэта справа часу. Самі “курсанты” жартуюць, што цяпер ім ёсць пра што пагаварыць з унукамі, з’явілася шмат агульных тэм. Акрамя скайпа і сацсетак, пажылыя людзі ведаюць, як і дзе можна паглядзець фільмы, чытаць розныя газеты, даведвацца пра самыя свежыя навіны, электронныя і аўдыёкнігі. Бо Інтэрнэт – гэта цэлы свет, вялікі і шматгранны.

Тэрытарыяльны цэнтр бярэ на сябе і яшчэ адну праблему пенсіянераў – чэргі, у якіх даводзіцца прастойваць значны час, каб аплаціць камунальныя паслугі, перавесці грошы і г. д. У самы бліжэйшы час тут плануецца набор новай групы слухачоў (непрацуючых грамадзян ад 60 гадоў і старэйшых) для набыцця навыкаў карыстання непасрэдна банкаматамі, інфакіёскамі, інтэрнэт-банкінгам. Гэта значыць, што калі вы знаёмы з Інтэрнэтам, але не ўмееце аплачваць рахункі праз інфакіёск ці інтэрнэт-банкінг – прыходзьце на курсы ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на вуліцу Набярэжную, 6 у райцэнтры. Запрашаюць і тых, хто не знаёмы з Інтэрнэтам, але жадае навучыцца карыстацца інтэрнэт-аплатай рахункаў. Плата за навучанне сімвалічная: 3 тысячы 800 рублёў за гадзіну. І тэрмін навучання кожны вызначае для сябе сам: упэўнены, што гатовы адправіцца ў свабоднае плаванне без дапамогі кіраўніка курсаў – значыць навучанне прайшлі паспяхова.

Карацей кажучы, калі вы жадаеце быць “прадзвінутымі”, ісці ў нагу з часам і быць цікавымі для сваіх унукаў, запісвайцеся на курсы. Тэлефоны аддзялення: 54-3-94, 62-1-97.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий