Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 У раёне завяршылася дабрачынная акцыя, ініцыіраваная раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, “Збяры партфель першакласніку”. Першыя шэсць партфеляў з канцылярскімі школьнымі прыладамі на суму ў 500 тысяч рублёў кожны ў сем’ях валожынцаў, у Гародзьках і Багданаве ўручыла асабіста старшыня Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская.

А ўсяго прафсаюзныя актывісты падрыхтавалі для першакласнікаў з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў 14 партфеляў. У ліку першых адгукнуліся на прапанову сабраць дзіця ў школу прафсаюзныя арганізацыі РУП “Валожынскі жылкамунгас”, ААТ “Тарасава”, таксама выдаткавалі сродкі ААТ “Лоск”, КСУП “Сугвазды-агра”, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

Па рашэнні райвыканкама машына для рамонту абутку з былой сацыяльнай майстэрні па рамонце абутку на бязвыплатнай аснове перададзена ў валожынскі Дом быту. 

 

Пасля абходу кантралёраў Валожынскага вытворча-збытавога ўчастка “Энергазбыту” на 1 жніўня ў раёне выяўлены 72 неплацельшчыкі за карыстанне электраэнергіяй, якія завінавацілі дзяржаве 57 мільёнаў 462 тысячы рублёў.

За сем месяцаў з пачатку года ў суд перададзены справы на 54 абанентаў, запазычанасць якіх склала больш за 70 мільёнаў рублёў. Пасля судоў па выканаўчых лістах спагнана 23 мільёны 140 тысяч 500 рублёў. Толькі ў Валожыне, івянцы і Ракаве такіх парушальнікаў выяўлена 17, астатнія пражываюць у іншых населеных пунктах раёна. Асабліва многа злосных неплацельшчыкаў пражывае ў сацыяльным доме па вуліцы Партызанскай. За першае паўгоддзе адключалася электрычнасць 111 абанентам, па меры пагашэння запазычанасці святло зноў было падключана. Не трэба думаць, што кантралёры адразу адключаюць святло ў дамах і кватэрах. Спачатку абанент папярэджваецца. Затым яму высылаецца апавяшчэнне і толькі потым прымяняюцца самыя радыкальныя меры. Хаця ў правілах такое і не прадугледжана, стараюцца не адключаць электрычнасць мнагадзетным сем’ям, асабліва падчас навучальнага года.

 

Клуб аўтааматараў Расіі і Беларусі “Smotri.Ru” правёў дабрачынную акцыю для выхаванцаў івянецкага дзіцячага дома-інтэрната, 59 з якіх падчас летніх канікулаў знаходзіліся тут.

Такіх дзівосаў хлопчыкі і дзяўчынкі не бачылі ніколі: на тэрыторыі дома-інтэрната прызямліўся верталёт, які падымаў іх у паветра. Крылатая машына зрабіла 5 рэйсаў. Самыя адважныя 15 чалавек змаглі палюбавацца на пасёлак з вышыні птушынага палёту. Аўтааматары прыехалі ў госці на 80 машынах і 2 матацыклах, якія не змаглі ўмясціцца на вялікай тэрыторыі ўстановы, давялося некаторыя пакінуць на дарозе. Дзецям дазволілі размалёўваць машыны на свой густ. Для іх была арганізавана забаўляльная праграма, шоу байкераў. Кожны выхаванец атрымаў падарунак. Гэта былі і мяккія цацкі, і развіваючыя гульні, канструктары. А 22 жніўня выхаванцаў арганізавана вывезлі на пікнік. Свята “Да пабачэння, ласкавае лета!” праходзіла на тэрыторыі сядзібы Пятра Дарагунцава па вуліцы Прамысловай у гарпасёлку. Дзеці пабывалі на экскурсіі ў музеі рамёстваў, паласаваліся шашлыкамі, гулялі, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы.

 

Пры салоне “Міласэрнасць” раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае пункт пракату сродкаў рэабілітацыі. Тут у наяўнасці 32 інвалідныя каляскі, 48 хадункоў на колах для інвалідаў і 24 мыліцы з падлакотнікамі. Усе гэтыя прылады прадастаўлены спонсарамі з Германіі.

За сродкамі рэабілітацыі звяртаюцца інваліды з усяго раёна. Для гэтага перш за ўсё трэба мець заключэнне ўрача, што чалавек мае ў іх патрэбу. У даны момант практычна ўсе яны на руках. Пункт працуе на бязвыплатнай аснове.

Таксама бязвыплатна мнагадзетныя і няпоўныя сем’і могуць узяць на пракат дзіцячыя прагулачныя каляскі і манежы. За 6 месяцаў аказана 21 паслуга.

 

У Салігорску прайшлі фінальныя гульні першынства Мінскай вобласці па стрытболе “Аранжавы мяч”, у якіх прымалі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі 2000 года нараджэння і маладзейшыя.

Пасля занальных гульняў у фінале за першае месца змагаліся па 5 каманд. Каманды юнакоў і дзяўчат нашага раёна сталі чэмпіёнамі. Капітаны каманд – Васіль Філістовіч і Кацярына Кулак. Пераможцы адзначаны кубкамі і граматамі. Наперадзе ў чэмпіёнаў вобласці рэспубліканскія гульні.



Добавить комментарий