Выслухаць i дапамагчы

Общество

Нядаўна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу С. Ф. Кулеш правёў прыём грамадзян у Валожыне і Вішневе.

Канец лета – не толькі пара адпачынкаў. Гэта напружаны час для тых, хто займаецца сельскай гаспадаркай, хто збірае дзяцей у школу, рыхтуе навучальныя ўстановы да новага навучальнага года. Магчыма таму жадаючых звярнуцца да дэпутата аказалася не так і шмат.

Але першае ж пытанне паказала, што праблемы ў нашых грамадзян ёсць і вырашаць іх неабходна. Для “разрульвання” сітуацыі Станіслаў Францавіч даў тыдзень тэрміну і зазначыў, што з усімі вызначанымі праблемамі разабрацца нескладана.

Справа “круціцца” вакол інтэрната па вуліцы Міру ў райцэнтры. Тут даўно патрабуецца рамонт, а таксама кантроль за выкананнем жыльцамі правіл пражывання. У часовым прытулку некаторыя вядуць сябе па-хуліганску: смецце кідаюць куды папала, кураць у недазволеных месцах, не падтрымліваюць чысціню. У інтэрнаце часта збіраюцца шумныя кампаніі, якім сумленне не забараняе зламаць уваходныя дзверы, разбіць акно ці нават учыніць пажар. Назіраць такое пенсіянерцы Н. вельмі балюча, бо гэтыя сцены для яе – адзіны родны дом. Нядаўна пасля разводу жыць да маці пераехала дачка, побач туляцца сын з нявесткай і маленькі ўнук. За электрычнасць сям’я плаціць штомесяц паўмільёна рублёў – па сто тысяч за кожнага пражываючага. А затое жыльцы з суседніх пакояў, у якіх шматлікія “госці” часам затрымліваюцца на некалькі месяцаў, плацяць у разы менш. Вось і просіць жанчына дэпутата, каб паспрыяў ва ўстаноўцы індывідуальнага электралічыльніка, а таксама падтрымаў яе просьбу аб рамонце месцаў агульнага карыстання ў інтэрнаце. Былі ў наведвальніцы і прэтэнзіі да некаторых кантралюючых органаў. У прыватнасці, інспектары пажарнага нагляду ўсе свае заўвагі і штрафы выстаўляюць толькі жыльцам інтэрната. Няўжо гаспадар, у дадзеным выпадку РУП “Валожынскі жылкамунгас”, не павінен несці адказнасць за сваю маёмасць?

Станіслаў Францавіч абурэнні наведвальніцы выслухаў і зазначыў, што адказныя службовыя асобы на тое і пастаўлены, каб забяспечваць кантроль і падтрымліваць парадак. А прафесійныя абавязкі трэба выконваць канкрэтна і бездакорна. Людзі за свае грошы, праз падатковыя адлічэнні фінансуюць чыноўніцкі апарат і таму маюць права патрабаваць павагі да сябе і сваіх прыватных праблем.

Дарэчы, дэпутат ніколькі не сумняваўся, што валожынскія камунальнікі недахопы выправяць, а таксама прызнаўся, што наш жылкамунгас не раз ставіў у прыклад іншым.

Спіс пытанняў на разгляд прадстаўніку ўлады прынёс пенсіянер з райцэнтра. Спыніцца хачу на тым, якое ў пэўнай ступені адлюстроўвае стан духоўнасці ў нашым грамадстве. Добраўпарадкаваннем валожынскіх могілкаў займаюцца і прыватныя асобы, і маладзёжныя атрады з сельскагаспадарчага ліцэя, і члены БРСМ. Аднак каля царквы не прыбрана будаўнічае смецце, на брацкую магілу ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ніхто не прыносіць кветак, не ўскладае вянкоў…

У той жа дзень на гарадскіх могілках пабывалі супрацоўнікі райвыканкама, каб на ўласныя вочы ацаніць абстаноўку. Сітуацыя да крытычнай аказалася далёкай, але без увагі з боку мясцовай улады не застанецца.

…З кожным разам звароты грамадзян усё больш перамяшчаюцца ў маральна-этычную плоскасць. Вось і на гэтай сустрэчы падымаліся пытанні, якія абумоўлены тым, што некаторыя людзі ў паўсядзённым жыцці не ўмеюць весці сябе цывілізавана: парушаюць грамадскі парадак у інтэрнаце, не даглядаюць магілы продкаў. А як часта адказным службовым асобам даводзіцца выслухваць скаргі так званых “прафесіяналаў” розных даносаў і паклёпаў!

Складаная гэта справа – фарміраванне агульначалавечых культурных навыкаў. І рашаць яе не прадстаўнікам улады, а нам з вамі…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий