З маладой душой

Культура

Прыгажосць і абаяльнасць… Вось словы, якімі можна ахарактарызаваць гэту жанчыну. Модна, з густам апранутая, валасы пафарбаваныя, прыемная ўсмешка, у вачах іскрацца смяшынкі. Рухаецца спрытна, хоць і апіраецца на кіёк (трохі нагу пашкодзіла). Але ж і гэты дапаможны сродак у стыльнай кабеты незвычайны – сын спецыяльна з Вільні прывёз!

Праз год Крысціна Габрылаўна Радзвіловіч адзначыць 80-годдзе. Ды толькі што ёй тыя гады! “Да такога жыццялюба, як я, гады не прыстаюць!” – сцвярджае аптымістка. А на прапанову “засвяціцца на старонках раёнкі” адказвае смела і ўпэўнена: “А напішыце! Я ж такая файная!”

Нарадзілася яна ў простай сялянскай сям’і ў Багданаве. Яе бацька, ветэран Першай сусветнай вайны, вызначаўся працавітасцю і сур’ёзнасцю. Маці заўсёды ва ўсім падтрымлівала мужа. Яны нават служылі разам у маёнтку Фэрдынанда Рушчыца. Пазней бацькі ўспаміналі, што мастак быў чалавекам добрым, тактоўным, людзей не крыўдзіў. Усе, хто служылі ў яго, шмат чаму навучыліся і ў сэнсе паводзін, і ў сэнсе гаспадарлівасці. Жанчыны, напрыклад, пераймалі ў пані ўменне ўбірацца, гатаваць. Крысціна добра памятае, што маці, нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, ніколі не дазволіла сабе быць непрычэсанай, абыяк апранутай. Гэткія ж прынцыпы прывіла яна і сваёй дачцэ.

Дзяўчына рана пайшла працаваць у калгас, спачатку на падзёншчыну, пазней стала падлікоўцам. Дачакаўшыся з арміі жаніха, выйшла замуж, нарадзіла і разам з мужам Эдвардам Іосіфавічам выхавала пяцёра дзетак. Далёкім ад раскошы быў яе жыццёвы шлях, але ішла па ім гэта спрытная, заўсёды пазітыўна настроеная жанчына з высока ўзнятай галавой. “Мне песня дапамагала, – расказвае Крысціна Габрылаўна, – усё жыццё спяваю! Нават у канцэртах удзельнічала. Вось дзе асалода!” Яна ўпэўнена, што менавіта пачуццё гумару і любоў да прыгожага, да творчасці – самыя надзейныя спадарожнікі. На мой камплімент наконт добрага густу адказвае: “Ах, як люблю ўбірацца!” Дарэчы, аматарак ленавацца Габрылаўна не паважае. “Трэба ўсё паспяваць! Павер, самыя непрыгожыя жанкі – гультайкі!” Гэтай жанчыне хочацца верыць, бо яе словы пацвярджаюцца справамі.

Сям’я Радзвіловічаў мае дагледжаны і ўтульны дом, у які з задавальненнем прыяджаюць дзеці, дзесяць унукаў, чацвёра праўнукаў. Валодаюць гаспадары і гектарам зямлі (да нядаўняга часу было тры!). “Пакуль рухаемся – жывём!” – такую ўстаноўку гэтыя людзі далі сабе самі і, кіруючыся ёй, выглядаюць значна лепш за сваіх аднагодкаў.

Пытаюся пра адпачынак. “Тэлевізар гляджу”, – гаворыць мая суразмоўца. “Меладрамы, напэўна?” – спрабую ўгадаць я. “Вось яшчэ! Баевікі! Што ж калі і пастраляюць трохі, але ж дабро гэтак ярка перамагае!” Габрылаўна працягвае расказваць пра свет сваіх захапленняў, у які ўваходзяць рукадзелле, кулінарыя, перадачы і артыкулы пра “разумных і цікавых людзей”, а я лаўлю сябе на думцы, як жа адрозніваецца гэта не юная ўжо, але з маладой душой жанчына ад тых, хто гады і дзесяцігоддзі свайго жыцця прысвячае крыўдам, скаргам, зайздрасці і плёткам!

Убачыўшы ў маіх руках фотаапарат, прыхільніца экстрэмальнага кіно хвалюецца: “Міленькая мая, а як жа ты мяне сфатаграфуеш, у мяне ж вусны не намалёваныя”. І я з дапамогай касметыкі, якую знайшла ва ўласнай сумцы, “наводжу макіяж” на і без таго прывабным твары новай знаёмай.

“Ну бывай! – цалуе мяне на развітанне новая сяброўка. – Рабі там з мяне карцінку!” “Добра!” – абяцаю я, і мы шчыра смяёмся, задаволеныя жыццём і прыгожым летнім днём, які падараваў нам столькі прыемных уражанняў ад сустрэчы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий