Каб абмiнуць геапатагенныя зоны

Культура

“Дзе сабака лёг, – сведчыць адна з прыкмет, – будуй хату, а дзе сарока села – капай студню». Нашы продкі даўней нічога не ведалі пра неаднастайнасць магнітнага выпраменьвання Зямлі. Не ведалі, але бачылі, як адбіваецца «нешта» на жыцці жывёл, чалавека. Тлумачылі яны гэта злымі духамі, сурокамі, уздзеяннем цёмных сіл.

Селянін, які планаваў будаўніцтва новай хаты, уважліва аглядаў мясцовасць: ці не водзяцца там у вялікай колькасці змеі, мурашкі, чмялі, ці няма на ўчастку застойных вод з жабамі і п’яўкамі, ці шмат сустракаецца стракоз, насякомаедных птушак. Насякомыя і змеі добра пераносяць імпульснае выпраменьванне, там яны звычайна выбіраюць зоны для размнажэння і сваіх зімовак, а мурашкі будуюць свае мурашнікі.

Раней правяралі месца для будучай хаты простым спосабам: пераносілі на яго мурашнік і глядзелі, як павядуць сябе мурашкі: калі пачнецца іх масавы зыход – выдатна, калі застануцца – лепш тут жыллё не ўзводзіць.

Часам ставілі вулей з пчоламі. Тыя таксама чула рэагуюць на зоны: калі пчолы адчулі сябе добра, то хаты там не ставілі. Заўважце, што ўсе пчальнікі размешчаны ўбаку ад жылых пабудоў, звычайна яны знаходзяцца за вёскай.

Этнографы зафіксавалі мноства магічных абрадаў і павер’яў, звязаных з узвядзеенем жылога будынка. Для будаўніцтва выбіраліся ў лесе спецыяльныя дрэвы, якія не адносяцца да разраду «буйных» ці «стаяросавых». Закладку будынка пачыналі, «калі напаўняецца месяц», гэта значыць пасля маладзіка.

Пад кут першага вянца клалі жмуток поўсці, жменю збожжа, ладан, воск. Спецыяльнымі абрадавымі дзеяннямі суправаджалася ўмацаванне маціцы, на якую насцілалася столь. А затым з верхняга вянца зруба з добрымі пажаданнямі раскідвалі зерне і хмель.

Пасля завяршэння будаўніцтва хаты ладзіўся баль. Калі ж хата будавалася з дапамогай сваякоў і суседзяў, то ўдзельнікаў урачыста кармілі пасля кожнага этапу будаўніцтва.

Мудры селянін заўсёды прыглядаўся, якія трава, кветкі, дрэвы растуць на ўчастку. Ліпа, клён, хвоя – добра. Дуб, вярба, алешына – дрэнна.

Даўней высновы рабіліся на аснове шматгадовых назіранняў некалькіх пакаленняў. Толькі потым навукоўцы растлумачылі, чаму адным раслінам раскошна жыць у зоне, а іншыя ў ёй сябе адчуваюць дрэнна. Вільгацелюбівым раслінам для жыцця неабходна, каб абавязкова існаваў магутны падземны ваданосны пласт. Такі пласт утвараецца ў месцах разломаў ці расколін, калі падземныя пустэчы запаўняюцца грунтавымі водамі. Над благімі месцамі добра растуць вільгацелюбівыя дрэвы – вярба, асіна, алешына, дуб, вяз, ясень. Іглічныя ж дрэвы, а таксама ліпа і бяроза гэтых зон пазбягаюць, бо яны там хутка марнеюць.

Уся балотная трава аддае перавагу дрэнным для чалавека месцам. Асот, багун, святаяннік, палын, напрыклад, пазбягаюць сухой глебы.

Сабакі рэагуюць на дрэнную зону пагаршэннем самаадчування. Нават у дзікую сцюжу ён не будзе ляжаць у будцы, калі яна стаіць над разломам. З сарокай таксама ўсё лёгка тлумачыцца: яна шукае насякомых, а яны аддаюць перавагу вільготным месцам, які размешчаны, як правіла, у раёне геапатагенных зон.

Каровы, якія жывуць у стойлах, размешчаных над геапатагеннымі зонамі, часцей за іншых хварэюць лейкозам, у іх нярэдка выяўляюць злаякасныя пухліны, назіраюцца збоі ў рабоце ўнутраных органаў, у такіх кароў з’яўляюцца на свет слабыя цяляты.

Куры і качкі над такімі зонамі хутка губляюць апярэнне, дрэнна нясуцца, а маладняк церпіць ад генетычных захворванняў.

Людзі, якія пасяліліся ў “нядобрых” месцах, таксама рэагавалі на зоны негатыўна: у іх выяўлялі сардэчна-сасудзістыя захворванні і іншыя расстройствы.



Добавить комментарий