Сістэма адукацыі ў Беларусі мае высокі рэйтынг у свеце. Наша дзяржава мэтанакіравана інвесціруе сродкі ў будучыню краіны, у новае пакаленне грамадзян…
Дзень ведаў у аўторак урачыста абвясціў пра пачатак новага навучальнага года. На галоўнае вераснёўскае свята да дзяцей і педагогаў завіталі ў Вішнеўскую школу-сад старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч, старшыня мясцовага сельвыканкама Марына Іосіфаўна Траццяк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Чарнышова.
Кіраўнік раёна, выступаючы перад удзельнікамі першавераснёўскай урачыстасці, падкрэсліў, што ў нашым раёне нямала зроблена, у тым ліку і сёлета, для таго, каб навучальны, выхаваўчы працэсы ажыццяўляліся на якасна новай аснове, ва ўнісон патрабаванням часу. Станоўча была ацэнена і работа калектыву вішнеўскай установы адукацыі пад кіраўніцтвам Алы Віктараўны Клімковай. Пазітыўныя змены тут адбыліся непасрэдна ў вучэбным корпусе, пахарашэла і тэрыторыя ля школы. Старшыня райвыканкама шчыра павіншаваў дзетак, педагогаў, бацькоў з новым навучальным годам, які адметны важнай грамадска-палітычнай падзеяй – выбарамі Прэзідэнта краіны.
У. А. Наумовіч справядліва падкрэсліў, што затрачаныя шматлікія дзяржаўныя сродкі на ўдасканаленне сістэмы адукацыі павінны акупіцца галоўным капіталам – трывалымі ведамі дзяцей, павышэннем іх інтэлекту, развіццём талентаў, ініцыятывы, крэатыўнасці. У падарунак гэтай навучальнай установе быў прывезены лазерны прынтар і тэлефон-факс.
Дзеткі-першакласнікі на ўрачыстай лінейцы атрымалі прыгожа аформленую кнігу «Беларусь – наша Радзіма», якую па ініцыятыве Прэзідэнта краіны традыцыйна ўручаюць усім пачаткоўцам Беларусі.
Ірына ПАШКЕВІЧ, фота аўтара