Шчучын – лiтаратурная сталiца

Официально

Дзень беларускага пісьменства, які штогод прыпадае на першую нядзелю верасня, традыцыйна ладзіцца ў гарадах, што з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Затым свята прымалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў.

Сёлета XXII літаратурнай сталіцай стане Шчучын – радзіма вядомай Цёткі (паэтэсы Алаізы Пашкевіч) і іншых людзей, якія ўнеслі ўклад у беларускую культуру.

На свяце пісьменства 6 верасня сем беларускіх празаікаў і паэтаў стануць лаўрэатамі першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Імёны намінантаў і магчымых лаўрэатаў пакуль не раскрываюцца. Уручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры стане першым такім мерапрыемствам у краіне, раней літаратараў ушаноўвалі ў абласцях або на іншых конкурсах.

На свята ў Шчучын завітае мноства гасцей, вядомых пісьменнікаў не толькі з Беларусі, але і з Сербіі, Расіі, Украіны, Казахстана, Таджыкістана, Арменіі, Узбекістана.

Да Дня беларускага пісьменства ў раённым цэнтры ААТ “Белкніга” адкрые першы кніжны магазін-кавярню. У ім будзе шырока прадстаўлена кніжная прадукцыя ў першую чаргу айчынных аўтараў і выдавецтваў. Акрамя таго, літаратурнае свята ў Шчучыне паслужыла падставай для адкрыцця гандлёвага павільёна “Белсаюздруку”.

Беларускія выдавецтвы пачалі падрыхтоўку да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе святкавацца ў 2017 годзе. У Шчучыне будзе прадэманстраваны шэраг выдавецкіх праектаў у сувязі з гэтай датай, гасцям свята будуць прадэманстраваны лепшыя кнігі, якімі Беларусь праслаўлена ў свеце.

Так, некалькі месяцаў таму, адбыўся чарговы міжнародны конкурс мастацтва кнігі краін СНД. Беларусь чацвёрты раз атрымала Гран-пры за кнігу “Беларусь замкавая”.

Азнамянуе святочныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства і адкрыццё адрэстаўрыраванай былой рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Палац запоўніцца ўнікальнымі выстаўкамі, якія рыхтуюць для дэманстрацыі розныя культурныя ўстановы краіны. У сядзібе плануюцца выстаўкі, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, творчасці і жыццю Якуба Коласа, Адама Міцкевіча і Уладзіміра Караткевіча, і іншыя. Акрамя таго, у час фестывалю кнігі і прэсы экспазіцыі плакатаў, фатаграфій і літаратурныя выстаўкі размесцяцца ў Доме культуры і ў павільёнах на плошчы. Яшчэ адным “кніжным” праектам стане прэзентацыя факсімільных выданняў Францыска Скарыны і перадача іх раённай бібліятэцы Шчучына.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *