Зоркi тэлебачання – у госцi да зорак жнiва

Общество

Хлебаробаў КУП “Сівіца” напрыканцы ўборачнай кампаніі-2015 чакаў прыемны сюрпрыз. Перад працаўнікамі палёў з дабрачынным канцэртам выступіў музычны гурт “Дразды”, саліст якога – Віталь Карпанаў – родам з гэтых мясцін.

Сцэна “Драздам” не спатрэбілася. Добры настрой і з дзясятак жыццярадасных песень музыканты дарылі гледачам прама на тэрыторыі майстэрняў гаспадаркі.

Адначасова на працягу двух дзён здымаліся відэаролік і кліп на песню гурта “Дразды” “Увезу тебя в деревню”. Прафесіянальны рэжысёр “1 канала” і 5 аператараў здымалі не толькі на вуліцах Сівіцы (дагледжаныя двары вяскоўцаў), але і на бліжэйшай ферме (як дойны статак вяртаецца з пашы), прылеглых палетках да вёскі Пілюжына, ля зліцця рэк Валмянкі і Іслачы ў наваколлі вёскі Рудня.

“Дразды” здымаліся ў вышыванках у ролі касцоў. У аб’ектыў камеры трапілі і моманты ўборкі на камбайне, шуфляванне зерня на зернетаку. На маладзёжнай дыскатэцы знялі адпачынак сельскай моладзі. У гумарыстычных сцэнах музыканты на веласіпедах везлі ў магазін шклатару і на выручаныя грошы замест віна куплялі марожанае. Трапіў у кадр і камбайн перадавога хлебароба гаспадаркі Генадзія Іванавіча Бібіка.

Прэм’ера кліпа адбудзецца на “1-ым канале” ў праграме “Добрай раніцы, Баларусь!”.

Марына МАЛЯЎСКАЯ,

стараста вёскі Сівіца



Добавить комментарий