Будзь, сяло, весяло!

Официально

Нядаўна жыхары вуліцы Гагарына, што ў Дубіне Юрздыцкай, пры дапамозе ўдзельнікаў калектыву “Дубінскія фанабэры” правялі Свята роднай вуліцы. 

Адкрыць урачыстасць дубінцы запрасілі старшыню Валожынскага сельвыканкама Д. К. Карачуна. Прывітаў і павіншаваў сабраных начальнік аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. Мясцовая гаспадарка ААТ “Агра-Дубінское” выступіла ў якасці спонсара і на грошы не паскупілася – падарункаў і пачастункаў хапіла ўсім.

Правіла – якое ж свята без музыкаў – у той дзень пацвярджалася не раз. Ліліся песні ў выкананні Вольгі Дзедуль, Ларысы Тур, Ларысы Шарко, Дзмітрыя Завацкага, Марыны Чабай. Ролю вядучай выпала несці Юліі Крамянецкай, а ў якасці гукарэжысёра выступіў Юрый Ганчарык. Шмат гучала і вершаў. Тамара Каляда, а таксама ўкладальнікі сцэнарыя акцэнт зрабілі на творах беларускіх аўтараў. Пра візуальны дэкор паклапацілася мясцовая майстрыха мастацкай вышыўкі і ткацтва Галіна Сцяпанаўна Палонская.

Асаблівую ўвагу на свяце адчулі да сабе юбіляры. З 85-годдзем віншавалі Зінаіду Сцяпанаўну Пашкоўскую, з 80-годдзем – Вольгу Андрэеўну Іванчык, з 70-годдзем – Міхаіла Паўлавіча Глябовіча, з 65-годдзем – Марыю Рыгораўну Рамановіч і Васіля Вячаслававіча Конана. Пад агульныя апладысменты на сцэну падымаліся і больш маладыя юбіляры. Па сорак гадоў на асабістым календары маюць Сяргей Трыфанаў і Аляксандр Палонскі. Трыццацігоддзе нядаўна адзначыла Алеся Арцюкевіч, 20 гадоў споўнілася Дзмітрыю Нейраноўскаму. Самай жа юнай юбіляркай аказалася Паліна Неўраноўская, якая сёлета сустрэла сваю 15-ю вясну. Правядзенне свята вуліцы супала акурат з днём нараджэння Марыі Пятроўны Рынкевіч. Яе ўслаўлялі як дбайную гаспадыню аднаго з самых прыгожых падворкаў, ёй уручылі падарунак і не забыліся прывітаць цудоўнай песняй. Дарэчы, яшчэ шэсць гаспадароў добраўпарадкаваных сядзіб былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што самым паважаным жыхаром вуліцы Гагарына з’яўляецца Васіль Антонавіч Рамановіч. Не адно пакаленне дубінцоў выхаваў ён як настаўнік і як дырэктар школы.

Шмат цёплых слоў было сказана і ў адрас Уладзіміра Пятровіча Мучынскага – самага сталага чалавека вёскі. Атрымала падарунак і пажаданні шчаслівага лёсу Арына Мартыноўская – наймалодшая з усіх, хто тут жыве.

Асабісты юбілей – гэта, вядома, радасная падзея, але пагадзіцеся, што куды важней адзначаць вехі сямейнага жыцця. Нячаста здараецца такая ўдача, як выпала Івану Фамічу і Марыі Іосіфаўне Іванчыкам. Яны разам ужо 58 гадоў! З гэтай нагоды ім падрыхтавалі і падарунак, і музычнае віншаванне, і вясёлую мініяцюру “Буракі” ў выкананні самадзейных артыстак Марыны Чабай і Ларысы Шарко.

Пераняць жа эстафету шчаслівага сямейнага даўгалецця прапанавалі Аляксандру і Вользе Нейраноўскім, якія сёлета адзначылі дваццаць гадоў сумеснага жыцця.

Адной з рыс кожнай сучаснай вёскі стала тое, што па суседству жывуць і мясцовыя жыхары, і дачнікі. Дубіна Юрздыцкая – не выключэнне. “Сезонныя” вяскоўцы адчувалі сябе на свяце не гасцямі, а паўнацэннымі гаспадарамі. Яно і не дзіва: большую частку дачнікаў складаюць тыя, хто не выракся бацькоўскай хаты, каму знаёмы тут кожны куток і завулак.

Падобныя святы прымушаюць кожнага ўспомніць, што ён – дзіця менавіта гэтай зямлі, што тут жылі і паміралі яго продкі, што ва ўсе часы людзей аб’ядноўвалі любоў і імкненне зрабіць гэты свет лепшым.

Гаспадары падворка, дзе і адбылося ўсё дзейства, Пётр Уладзіміравіч і Яніна Фамінічна Крупскія ні хвілінкі не пашкадавалі, што пагадзіліся даць прытулак святу. У шыбах акон, бы ў люстэрка, адбіваліся, мяняючы адна адну, яркія карцінкі. І здавалася, што хата ўсміхаецца і нават маладзее…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *