Шляхамi стагоддзяў…

Культура

У Беларусі тры сталіцы: Ракаў, Мінск і Плешчанiцы.

(З народнага мудраслоўя) 

Гісторыя не захавала звестак, калі і які жартаўнік прыдумаў гэта выслоўе. Тым не менш, той жартаўнік быў недалёкі ад ісціны.

 Ракаў, што ў цяперашнім Валожынскім раёне Мінскай вобласці, — старадаўняе паселішча, пра што сведчаць стаянка эпохі неаліту, гарадзішча (мясцовая назва — Вaлы), на якім стаяў колісь драўляны замак, і старажытны курган у пойме рэчкі Іслач. У афіцыйных дакументах паселішча ўпамінаецца з 1465 года, статус мястэчка яму нададзены ў 1579 годзе. Аднак раскопкі, праведзеныя ў 1996 г. археолагам В. Шаблюком, адносяць пачатак жыцця ў паселішчы прынамсі на сто год раней за першую дату. Валодалі Ракавам папераменна Кежгайлы (Кезгайлы), Сангушкі, Салагубы.

 

У канцы ХVII –пачатку ХVIII стст. тут асталяваліся дамінікане, крыху пазней – базыльяне (адна з ракаўскіх вуліц – 8 Сакавіка – яшчэ нядаўна насіла назву Дамініканскай). Пры базыльянскім манастыры былі свая бібліятэка і архіў, тут працавалі брацкая школа і шпіталь, было арганізавана брацтва святой Ганны, бяздомныя знаходзілі прытулак у багадзельні. Тады ж у Ракаве працавала друкарня, праходзілі пасяджэнні падкаморскіх (зямельных) і гродскіх (замкавых) судоў. У 1701 г. Салагубы атрымалі ад караля Аўгуста II грамату на ўсталяванне тут двух кірмашоў (Ракаўскі рынак працуе і цяпер – па суботах і нядзелях). Пасля таго, як у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, Кацярына II падаравала яго князю Мікалаю Салтыкову. Менавіта ён у 1804 г. прадаў мястэчка Ваўжынцу Здзяхоўскаму.

З таго часу і да 1939 г. Ракавам разам з суседнім фальваркам Паморшчынай (дзе пабудаваны і да сёння працуе вялікі бровар) валодалі Здзяхоўскія, што славіліся на ўсю Міншчыну культурай гаспадарання, прымяненнем у земляробстве навейшых прылад і тэхналогій. Бацькі Янкі Купалы ў 1879-1882 гг. працавалі па найме ў Эдмунда Здзяхоўскага (1837-1901), які ў свой час скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут (дарэчы, вучыўся там разам з бацькам будучага маршала Польшчы Юзэфа Пілсудскага). Яго два сыны – Мар’ян (1861-1938) і Казімір (1878-1942) – з часам сталі шырока вядомымі як у свеце мастацкай літаратуры, так і літаратуразнаўства. Эдмунд Здзяхоўскі вёў гаспадарку згодна з рэкамедацыямі тагачаснай сельскагаспадарчай навукі. Відаць, гэтыя рэкамендацыі засвоілі і бацькі будучага беларускага песняра, а праз іх – і падлетак Ясь, які, як вядома, да канца жыцця захаваў любоў да працы на зямлі, уменне працаваць на ёй.

Зручнае размяшчэнне Ракава па дарозе з недалёкага Мінска ў Вільню і Гародню, дазвол на кірмашы садзейнічалі развіццю гандлю. Вялікія радовішчы высакаякаснай гліны паспрыялі ўзнікненню яшчэ ў ХVI ст. ганчарства, якое праіснавала тут да сярэдзіны ХХ ст. З часам расквітнелі і іншыя рамёствы. Ужо ў ХIХ ст. Ракаў, тагачасны валасны цэнтр, славіўся на ўсю тагачасную Беларусь-Літву вырабам не толькі розных ганчарных рэчаў (кафля, кухоннае начынне, дзіцячыя цацкі), але і сельскагаспадарчых машын – сячкарань, арфаў, малатарань. Тут былі пабудаваны чатыры вадзяныя млыны, цагельня, тартак, гарбарня, бровар, распачала працу пошта (стары арыгінальны будынак пошты, на жаль, згарэў у 1960-я гг.), адчынены народнае вучылішча (1863 г.), царкоўнапрыходская і рамесныя школы (1880-я гг.). У 1897 г. у Ракаве налічвалася 3640 жыхароў. Акрамя беларусаў і палякаў, у ім жыло шмат яўрэяў, якія знайшлі тут прытулак яшчэ з ХVI-ХVII стст.

Ракаў – адзін з цікавых культурных цэнтраў на тэрыторыі Беларусі. Духоўнае жыццё тут калісьці праходзіла ў межах розных канфесій – праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкай, іўдзейскай, пра што, дарэчы, сведчаць тры асобныя тутэйшыя могілкі: праваслаўныя (“рускія”), каталіцкія (“польскія”), яўрэйскія (“жыдоўскія”). Ракаўскі інтэрнацыянальны некропаль захоўвае прах многіх выдатных людзей. Так, на каталіцкіх могілках пахаваны вядомы ў свой час кампазітар Міхал Грушвіцкі (1828-1904), які пісаў музыку на словы Уладзіслава Сыракомлі, продкі вядомага амерыканскага палітолага Збігнева Бжазінскага і інш. На праваслаўных могілках знайшлі вечны спачын вядомы ўкраінскі оперны спявак, заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Кабржыцкі (1906-1985), пісьменніца Тамара Чабан (1952-1992), гісторык і краязнавец Васіль Налецкі (1919-1997), журналістка Вольга Налецкая (1954-1989)… І сёння тут функцыянуюць Праабражэнская царква (да 1793 г. – уніяцкі сабор) з арыгінальнай брамай-званіцай (пабудавана ў 1887 г. у гонар 25-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннага права), вялікі мураваны касцёл (пабудаваны ў 1906 г. на месцы драўлянага, пастаўленага ў 1824 г.) з капліцай на каталіцкіх могілках (збудавана на сродкі паноў Здзяхоўскіх). На жаль, не захаваліся яўрэйская сінагога і некалькі малітоўных дамоў. Іх разам з людзьмі 4 лютага 1942 г. спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі. У той дзень у ракаўскім гета было знішчана каля тысячы яўрэяў (на тым месцы ўзведзены помнік ахвярам халакосту).

Ракаўцам не былі чужыя і навукі, у тым ліку – прыродазнаўчыя. Па некаторых звестках, “у Ракаве ў 20-х гадах збіраўся гурток інтэлектуалаў “Кола Рагойшы”. Гэта было навуковае таварыства, якое займалася дзіўнай праблемай, што называецца сёння радыёфізікай. Людзі ў той час лічылі, што ў выніку скрыўленасці прасторы радыёхвалі могуць вяртацца. Значыць, можна лавіць радыёхвалі з мінулага і будучага” (гл.: С. Шапран. Фиги из «Народного альбома» // Имя. – 1998. – 9 января). Дарэчы, гэты факт лёг у аснову вядомай сёння песні барда Міхала Анемпадыстава “Настаўнік Рагойша”… Поліэтнічны і полікультурны Ракаў з’яўляецца радзімай вядомага польскага славіста прафесара Мар’яна Здзяхоўскага (1861-1938) і яго роднага брата празаіка Казіміра Здзяхоўскага (1878-1942), яўрэйскага крытыка і літаратуразнаўца Уры Фінкеля (1896-1957). Тут у пачатку 20-х гг. ХХ ст. жыў папулярны польскі раманіст Сяргей Пясецкі (1901-1964), падзеі, што адбываліся ў тагачасным Ракаве і яго ваколіцах, адлюстраваны ў ягоным рамане “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, іншых творах. З Ракавам так ці інакш звязана жыццё і творчасць пасляваеннага пакалення многіх пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, артыстаў, дзяржаўных дзеячаў – вядомых крытыкаў і літаратуразнаўцаў Яўгена Гарадніцкага, Таццяны Кабржыцкай, Язэпа Янушкевіча, Усевалада, Пятра і Максіма Рагойшаў, Элы Дзюкавай, празаікаў Івана Клімянкова, Аляксея Шэіна, паэтаў Віктара Шніпа, Людмілы Глінскай, Аляксандра Грынкіна, мовазнаўца і перакладчыка, кандыдата філалагічных навук Валянціна Рабкевіча (1937-1995), опернага спевака, заслужанага артыста Беларусі Вінцэнта Бруя (1912-1985), драматычнага акцёра, заслужанага артыста Беларусі Рыгора Шацькі.

 

Варта ўспомніць вядомага эстраднага спевака Яраслава Еўдакімава (ён скончыў Ракаўскую вочна-завочную школу), выдатнага сучаснага скульптара Валяр’яна Янушкевіча, мовазнаўца, дацэнта Зінаіды Зяневіч (1932-2014), матэматыка, настаўніка Ракаўскай СШ, а затым прафесара БДУ Мікалая Мяцельскага (1914-1996), Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі, доктара філасофскіх навук, першага прарэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Міхаіла Вішнеўскага, контр-адмірала Зыгмунда Жабко, доктара фізіка-матэматычных навук, загадчыка лабараторыі НАН Беларусі Казіміра Янушкевіча і інш. Занатаваны Ракаў і ў асабістай біяграфіі такіх асоб, як польская пісьменніца Эліза Ажэшка, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, оперны дырыжор, народны артыст Украіны і СССР Яраслаў Вашчак (1919-1988), вядомыя расійскія кінадзеячы бацька і сын Бадровы, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч (1930-1984) і інш.

На інтэлектуальнае жыццё Ракава ўплывала і ўплывае тое, што ён фактычна стаў цэнтрам курортна-аздараўленчай зоны, у якую ўвайшлі звыш дзясятка дзіцячых летнікаў, сотні прыватных лецішчаў, а таксама санаторыі “Аксакаўшчына”, “Пралеска”, санаторый-прафілакторый “Іслач” НАН Беларусі. У 1986-2004 гг. тут функцыянаваў Дом творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач” імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Па сутнасці, многія буйнейшыя беларускія (і не толькі) пісьменнікі і вучоныя ведаюць пра Ракаў, неаднойчы бывалі і бываюць тут. Не абмінаюць Ракаў і шматлікія турысты, у тым ліку і замежныя. З цікавасцю яны знаёмяцца з гісторыяй, этнаграфіяй, культурай, мастацтвам гэтага краю, у прыватнасці, у музеі-сядзібе “Арт-галерэя “Янушкевічы”, якую ў 2004 г. стварыў у сваім доме і ў якім праводзіць глыбока пазнавальныя экскурсіі арыгінальны мастак, кандыдат мастацтвазнаўства Фелікс Янушкевіч…

 

Культурныя традыцыі Ракава і Ракаўшчыны працягваюцца і развіваюцца далей. У прыватнасці, заслужаны аматарскі фальклорны калектыў Ракаўскага цэнтра народнай творчасці “Гасцінец” ужо каторы год запар атрымлівае самыя высокія ўзнагароды на ўсебеларускіх і розных замежных фестывалях і конкурсах. Традыцыі высокай духоўнасці падтрымліваюць і Ракаўская сярэдняя школа, а таксама Ракаўская дзіцячая школа мастацтваў. Вышэй называліся прозвішчы звязаных з Ракаўшчынай асоб, якія ўнеслі і ўносяць значны ўклад у беларускую і ўсю славянскую навуку і культуру. Па ініцыятыве аўтара гэтых радкоў у сярэдзіне 1990-х гг. з ракаўцаў і выхадцаў з Ракава быў створаны Грамадскі камітэт Ракаўскіх чытанняў, які рэгулярна, раз у два гады, пачаў ладзіць навуковыя канферэнцыі – Ракаўскія чытанні. З 1996 па 2004 гг. праведзена пяць такіх чытанняў (адпаведна ў 1996, 1998, 2000, 2002, 2004 гг.). З 1998 г. яны набылі статус Міжнародных навуковых канферэнцый.

Канферэнцыі звычайна праводзіліся на базе Ракаўскай сярэдняй школы (апошняя, пятая, прайшла ў Пяршайскай СШ). На іх прысутнічалі настаўнікі, інтэлігенцыя і ўвогуле ўсе зацікаўленыя жыхары Ракава, але асноўны кантынгент слухачоў складалі вучні старэйшых класаў.

На Першых, Рэспубліканскіх, Ракаўскіх чытаннях (2 верасня 1998 года) разглядаліся агульныя пытанні гісторыі і культуры Ракава. Вось да якіх высноў прыйшлі ўдзельнікі таго навуковага форуму, што знайшло ўвасабленне ў яго выніковай рэзалюцыі: “1. Прызнаць карысным і паспяховым правядзенне Першых Ракаўскіх чытанняў і лічыць неабходным зрабіць іх традыцыйнымі, праводзіць раз у два гады і надаць ім стутус міжнародных. 2. Прасіць Ракаўскі сельскі выканаўчы камітэт вярнуць некаторым вуліцам Ракава іх ранейшыя назвы: Дубраўская і Загуменная (цяпер Піянерская), Дамініканская (8 Сакавіка), Мінская (Савецкая), Радашкоўская і Замкавая (Чырвонаармейская) і інш. 3. Прасіць Ракаўскі сельскі выканаўчы камітэт устанавіць на доме па вуліцы Чырвонаармейскай (Радашкоўскай), 20, дзе нарадзіўся і жыў яўрэйскі пісьменнік Уры Фінкель (1896-1954), мемарыяльную дошку. 4. Выказаць падзяку за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні Ракаўскіх чытанняў мясцовым уладам, кіраўніцтву Ракаўскай СШ, членам Аргкамітэта і выступоўцам”. Няхай не ўсё, пра што рупіліся ўдзельнікі тых чытанняў, ажыццёўлена і сёння, усё ж пачатак быў пакладзены, шлях вызначаны.

 

Другія ужо Міжнародныя, Ракаўскія чытанні (19 верасня 1998 года) прысвячаліся 135-годдзю Ракаўскай школы і 90-годдзю наведання Элізай Ажэшкай Ракава, акрэсліваліся пэўнай тэматыкай: “Ракаўскія “Паўночныя Афіны”: Мар’ян Здзяхоўскі, Эліза Ажэшка і праблемы культурных кантактаў народаў Цэнтральнай і Цэнтральна-Усходняй Еўропы”. Шмат што прысутныя на Чытаннях (настаўнікі, вучні, жыхары Ракава і Валожыншчыны) успрымалі як адкрыццё. А яно, новае, невядомае, змяшчалася ў дакладах вядомай англійскай паэтэсы і перакладчыцы Веры Рыч, польскага паэта-перакладчыка Чэслава Сенюха, паэта і прафесара з Мінска Алега Лойкі, прарэктара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Міколы Воінава, дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Пушкіна Генадзя Праневіча і інш. Як гэта відно з назвы канферэнцыі, асаблівая ўвага была аддадзена творчай дзейнасці Мар’яна Здзяхоўскага. Так, вядомы польскі славіст прафесар Базыль Белаказовіч (Польшча, Ольштын) прааналізаваў арыгінальныя меркаванні Здзяхоўскага пра байранізм Пушкіна і Міцкевіча, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан спыніўся на кніжцы Здзяхоўскага пра Сыракомлю і ацэнцы яе беларускім крытыкам У. Самойлам, аўтар гэтых радкоў засяродзіўся на ўкладзе Здзяхоўскага ў еўрапейскае славяназнаўства і кампаратывістыку. Дацэнт БДУ Таццяна Кабржыцкая расказала пра сувязі Здзяхоўскага з Украінай і ўкраінскай культурай, кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч – пра Ракаў часоў Здзяхоўскіх, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі – пра этнічную гісторыю Ракаўшчыны. Пятро Рагойша падрабязна распавёў пра гісторыю прыезду Элізы Ажэшкі ў Ракаў да Здзяхоўскіх у жніўні 1908 года. Менавіта тады знакамітая польская пісьменніца назвала Ракаў “Паўночнымі Афінамі”…

Прычым новае, арыгінальнае выказвалася не толькі мовай прозы, але і паэзіі. Свае вершы пра Ракаў прачыталі Алег Лойка і – экспромт-акраверш на англійскай мове – Вера Рыч… З цікавасцю таксама былі выслуханы выступленні старшыні Аргкамітэта Чытанняў тагачаснага кіраўніка раёна Валянціна Малішэўскага пра гераічнае мінулае і цяперашнія дасягненні працоўных Валожыншчыны і дырэктара Ракаўскай СШ Ніны Каваленка – пра 135-гадовую гісторыю гэтай сельскай навучальнай установы. Завяршальным момантам Чытанняў стала адкрыццё памятнай дошкі на будынку Ракаўскага сельскага клуба, на месцы якога калісьці стаяў дом (“палац”) Здзяхоўскіх. Дошка была адкрыта ў гонар прыезду Элізы Ажэшкі ў Ракаў у 1908 годзе, роўна 90 гадоў таму назад.

Вячаслаў Рагойша



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *