Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 У кожную школу раёна на першавераснёўскія лінейкі завіталі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У рамках акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” у гімназіі № 1 г. Валожына пабывалі начальнік аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Д. Касоўскі і начальнік РАНС А. Скадорва. Прадстаўнік з Мінска выступіў на ўрачыстай лінейцы і пажадаў усім прысутным поспехаў і менш надзвычайных сітуацый. Затым госці прыйшлі на першы ўрок да першакласнікаў, напомнілі ім пра правілы бяспечных паводзін, прывялі прыклады, як небяспечныя гульні з агнём могуць прывесці да бяды. На памяць аб сустрэчы яны падарылі кожнаму першакласніку кнігу “Формула бяспекі”.

 

 Вучні сярэдніх класаў валожынскіх школ і трэцякурснікі сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя, выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў былі запрошаны 1 верасня ў РЦК на літаратурна-пазнавальную сустрэчу “Прыгарніся да роднага слова”. Мерапрыемства, якое ладзіла народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”, было прымеркавана да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства і друку.

Пачалася сустрэча вершам нашага земляка М. Курылы “Мова” і песняй “Спадчына”, якую выканала малады спецыяліст Аксана Квач. Вядучыя – кіраўнік літаратурнага аб’яднання В. Гіруць-Русакевіч і метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі Н. Пахолка – з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі правялі сваіх гасцей па сталіцах Дня беларускага пісьменства і па знакамітых літаратурных мясцінах роднай Валожыншчыны. Вершы беларускіх паэтаў чытаў таксама член “Руні” Аляксандр Кулак.

 

 Паступова напаўняўся канцылярскімі прыладамі, патрэбнымі кожнаму школьніку, спецыяльны кошык. Работнікі ўнівермага ў райцэнтры размясцілі яго на першым паверсе. У дабрачыннай акцыі “Пойдзем у школу разам!” прымалі ўдзел па свайму жаданню пакупнікі магазіна.

Сшыткі, ручкі, фарбы, алоўкі, фламастары, пластылін і іншыя канцтавары на суму 1 мільён 100 тысяч рублёў перададзены выхаванцам Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Да 15 верасня ва ўнівермагу працягваецца акцыя “Прывітанне, школа!”. Пры набыцці тавараў школьнага асартыменту на суму больш за 1 мільён рублёў прадастаўляецца растэрміноўка на тры месяцы з унясеннем першапачатковага ўзносу ў памеры 10 працэнтаў. Такую магчымасць ужо скарысталі больш за 50 сем’яў жыхароў раёна. Яны набылі тавараў на 62,9 мільёна рублёў.

 

 3 тоны 275 кілаграмаў мёду дала 131 пчаліная сям’я з пчальніка Валожынскага лясгаса. У сярэднім атрымалася па 25 кілаграмаў духмянага прадукту з кожнага вулея. Даведзенае заданне па нарыхтоўцы мёду лясгасаўцы выканалі.

На працягу медазбору былі арганізаваны тры перасовачныя прычэпы для качавання пчол: у Дубіну на грэчку і ў Гродзенскую вобласць на рапсавыя палеткі. Цяпер мёд можна набыць непасрэдна ў лясгасе. Плануюць прадаваць яго на восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах у Валожыне і на рэгіянальных.

 

 Для праходжання перадрэйсавых аглядаў вадзіцеляў школьных аўтобусаў райбальніца набыла 4 алкатэстары на агульную суму 5,5 мільёна рублёў.

Алкатэстары прызначаны для праверкі вадзіцеляў, якія дастаўляюць вучняў у Багданаўскую, Вішнеўскую, Суднікаўскую і Пяршайскую сярэднія школы.

 

 27 жніўня зафіксаваны апошні пажар у раёне ў мінулым месяцы. У 15.32 у цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома па вуліцы Камсамольскай у Ракаве.

Першымі туды прыбылі выратавальнікі мясцовага ПАВП-13. Агонь знішчыў дах усяго памяшкання, маёмасць, пашкодзіў вокны, дзверы, столевае перакрыцце, выгарэла веранда. Фактычна больш-менш прыгодным для жыцця застаўся толькі адзін пакой. У доме пражываюць пенсіянер з сынам. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак.

У апошняй дэкадзе жніўня здарыўся яшчэ адзін пажар. На полі паблізу вёскі Шапавалы Ракаўскага сельсавета загарэўся трактар “МТЗ-3022” 2010 года выпуску, які належаў вытворчаму ўчастку “Пугачы” ТАА “Тарасава”. Калі на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі ПАВП-13, то сталёвы конь быў цалкам у абдымках полымя. Нанесены гаспадарцы ўрон ацэнены ў суму больш за 200 мільёнаў рублёў. Падчас праверкі ўстаноўлена, што загаранне адбылося ў маторным адсеку. Назначана пажарна-тэхнічная экспертыза.



Добавить комментарий