Як наша слова адгукнецца…

Общество

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Мінскім аблвыканкаме ішла размова пра важнасць друкаванага слова для фарміравання грамадства, гуманных, патрыятычных якасцей, для выхавання людзей.

За «круглым сталом» 3 верасня сабраліся пісьменнікі, журналісты і інш. Звяртаючыся да творчых работнікаў, старшыня аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра зазначыў, што такія сустрэчы для абласной вертыкалі ўлады ўжо сталі традыцыяй. Нядаўна падобнае мерапрыемства прайшло з удзелам мастакоў, манументалістаў. Гэта, у першую чаргу, робіцца для таго, каб ведаць, якія праблемы, неадкладныя пытанні існуюць у пэўнай творчай сферы, у чым патрэбна падтрымка і дапамога з боку ўлады.

Шмат надзённых тэм было абмеркавана і ў ходзе адкрытага дыялогу з работнікамі друкаванага слова. Гаварылася пра бясспрэчна вялікую ўплывовую сілу сродкаў масавай інфармацыі на сацыяльна-эканамічныя, палітычныя працэсы, на фарміраванне свядомасці чалавека, пра значэнне слова ў прапагандзе высокіх духоўна-маральных прынцыпаў у сучасным маладзёжным асяроддзі.

У Беларусі ёсць нямала людзей, якія з’яўляюцца маякамі прафесіяналізму, адднасці сваёй справе. Яны, як правіла, і становяцца героямі рэпартажаў, радыё- і тэлесюжэтаў, а таксама новых кніг, што выходзяць у свет з-пад пяра пісьменнікаў і паэтаў. У шчыры дыялог, які вёўся за «круглым сталом», уключыўся і галоўны рэдактар газеты «Звязда», старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» А. Карлюкевіч.

Яго сваімі выступленнямі дапоўнілі гендырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля» Т. Вяцкая, член саюза пісьменнікаў Беларусі З. Прыгодзіч і іншыя асобы. Выступоўцы зыходзіліся ў адным: галоўная наша задача – ярка і цікава пісаць пра шматграннае жыццё, пра лепшых людзей, расказваць, што яны думаюць пра рэчаіснасць, сітуацыю ў свеце, неабходна шукаць новыя сімвалы і трапныя вобразы ў паўсядзённым жыцці.

Другі важны стратэгічны напрамак літаратунага, творчага працэсу – праца з адоранай моладдзю, аказанне ёй належнай прафесійнай падтрымкі. Работнікі пяра, як было слушна заўважана, заўсёды тонка адчуваюць жывое дыханне жыцця, а таму іх ролю і значэнне ў грамадстве цяжка пераацаніць.

Намеснік міністра інфармацыі краіны У. Матусевіч прааналізаваў рэйтынг перыядычных выданняў, рэгіянальных тэлерадыёкампаній. Ён адзначыў, што Міншчына тут у лідарах. 19 рэгіянальных газет вобласці выйшлі на самаакупнасць (дарэчы, у тым ліку і наша «Працоўная слава»). новы якасны ўзровень характарызуе і журналісцкую творчую дзейнасць, пра што сведчылі ўзнагароды Міністэрства інфармацыі, уручаныя работнікам слова сталічнай вобласці.

Старшыня аблвыканкама С. Б. Шапіра ў той дзень выканаў ганаровую місію: узнагародзіў пісьменнікаў, а таксама рэспубліканскіх і абласных рэпарцёраў, якія асвятляюць жыццё цэнтральнага рэгіёна краіны. У ліку лаўрэатаў была і наша паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады ўручыў Ганаровыя дыпломы пераможцаў рэгіянальным СМІ. У намінацыі «Лепшае друкаванае СМІ Мінскай вобласці» трэцяе месца заняла Валожынская раённая газета. Гэту прыступку гонару мы падзялілі са смалявіцкімі калегамі. На другім месцы па выніках работы за мінулы год аказаліся маладзечанскія і любанскія журналісты. Ну а лідзіраваў на гэты раз у абласным творчым спаборніцтве калектыў рэдакцыі газеты «Слуцкі край».

З жыццём гэтага рэгіёна работнікі сродкаў масавай інфармацыі змаглі ў той дзень пазнаёміцца навідавоку: сюды з Мінска быў наладжаны прэс-тур. Тут мы наведалі адну з лепшых устаноў прафесійнай адукацыі – Слуцкі дзяржаўны каледж. Пабывалі і ў нядаўна заснаваным жаночым манастыры ў гонар святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Запамінальнай і змястоўнай была сустрэча з епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем у Цэнтры духоўнай асветы насельніцтва.

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий