Камунальны клопат…

Официально

На базе РУП “Валожынскі жылкамунгас” прайшла выязная калегія ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”. Удзел у мерапрыемстве прынялі кіруючыя і адказныя асобы камунальнай сферы Міншчыны, а таксама намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь А. Р. Паскробка, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама С. П. Неўмяржыцкі, генеральны дырэктар ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці” С. С. Смольскі.

Першым слова ўзяў намеснік старшыні райвыканкама І. І. Ляшкевіч, які ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне, яе перспектывы. Затым адбылося знаёмства ўдзельнікаў калегіі з некаторымі аб’ектамі мясцовай камунальнай гаспадаркі.

Хаця сабекошт вады ў раёне некалькі перавышае сярэднеабласны паказчык, станцыя абезжалезвання вады пакінула станоўчае ўражанне. Тут па-гаспадарску выкарыстоўваюцца ўсе плошчы, сучаснае абсталяванне эксплуатуецца ў адпаведнасці з нарматывамі. Начальнік станцыі В. І. Шарко давала дакладныя і кампетэнтныя адказы на шматлікія пытанні гасцей. Ваду станцыя забірае са свідравіны глыбінёй 180 метраў, а гэта ўжо гарантуе пэўную якасць. Рэнтабельнасць суправаджае і вытворчасць бутэляванай вады, хоць пакуль што аб’ёмы продажу і невялікія. А вось паказчык сабекошту “падкасіў” перавод водных свідравін, якія раней належалі сельгаспрадпрыемствам, на баланс жылкамунгаса. Становішча можа паправіць устаноўка лічыльнікаў расходу вады, бо некаторыя спажыўцы наогул застаюцца няўлічанымі. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць яшчэ і да высокай энергазатратнасці. Не спяшаюцца разлічвацца за ваду і суб’екты АПК. На цяперашні час іх даўгі перад камунальнікамі перавышаюць 3 мільярды рублёў.

Другім аб’ектам, дзе пабывалі госці, стаў склад другаснай сыравіны па вуліцы Пушкіна. Сюды ад насельніцтва, а таксама з прадпрыемстваў, арганізацый і зборшчыкаў паступаюць адпрацаваныя шыны, шклабой, пластык, макулатура, металалом і інш. Начальнік участка санітарнай ачысткі Л. І. Жалтко прызналася, што гэты від дзейнасці яшчэ толькі “становіцца на ногі”, таму пытанняў па аплаце, дастаўцы, продажу хапае. Але, як паказала далейшая размова, з падобнымі праблемамі сутыкаюцца і ў іншых раёнах.

Асабліва шмат нараканняў прагучала ў адрас мэтавага выкарыстання транспарту. Так, перавозку другаснай сыравіны неабходна ажыццяўляць на шматтонным самазвале “МАЗ”, для якога на змену патрабуецца не менш за 40 літраў паліва. І гэту магутную машыну часам ганяюць за некалькімі кілаграмамі макулатуры ці рыззя. Хтосьці з камунальнікаў вобласці нават паскардзіўся намесніку міністра, што яго пакаралі штрафам за тое, што выпісаў дарожны ліст на той “МАЗ” для транспарціроўкі цэменту.

Дарэчы, за гарадскую лазню, якая пасля рамонту стала камфортнай і набыла рэспектабельны выгляд, наш жылкамунгас таксама быў пакараны. Дапусцілі такое парушэнне, як “выкананне работ без праектна-каштарыснай дакументацыі”. Хоць і кажуць, што пераможцаў не судзяць, але, відаць, не ў дадзеным выпадку. А наша лазня ў некаторых гасцей выклікала нават зайздрасць. Пахвалілі і за тое, што паклапаціліся аб адкрыцці пры ёй цырульні, бара, гандлёвай кропкі.

Праявілі цікавасць удзельнікі калегіі і да гасцініцы “Карона”. Былі крытычныя заўвагі, асабліва наконт планіроўкі, але шмат гучала і слоў адабрэння. Самі ж гаспадары вымушаны былі з горыччу канстатаваць, што гасцініца – цяжкая ноша. Наплыву наведвальнікаў не назіраецца – усе турыстычныя маршруты, якія пралягаюць праз Валожыншчыну, аднадзённыя. За мінулы год страты ад “Кароны” склалі 900 мільёнаў рублёў, за шэсць месяцаў бягучага года – яшчэ 800 мільёнаў. Каб хоць неяк зменшыць расходы, у жылкамунгасе пайшлі на скарачэнне абслугоўваючага персаналу. Калі напачатку тут было 14 працоўных месцаў, то зараз – дзевяць. Такі крок прынясе за год 280 мільёнаў рублёў эканоміі. Няшмат, але хоць нешта… Магчыма, будзе перагледжана форма выплаты за амартызацыю будынка і арэнду зямлі.

Перад пленарным пасяджэннем генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці” С. С. Смольскі адзначыў, што ў Валожынскім жылкамунгасе працуюць старанна, на прадпрыемстве ёсць чым ганарыцца і ідэя правесці менавіта тут калегію была правільнай. За клопат пра людзей, граматную эканамічную палітыку, за ўменне бачыць перспектыўныя накірункі дзейнасці пахваліў валожынскіх камунальнікаў і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама С. П. Неўмяржыцкі.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий