Сцены, якiя дапамагаюць

Общество

Валожынскі сельгасліцэй зноў паклікаў ва ўтульныя класы і майстэрні сваіх навучэнцаў. Да гэтай падзеі ажыццявілі капітальны рамонт усіх вучэбных памяшканняў, сталовай, інтэрнацкіх пакояў, сучаснае абсталяванне ўстанавілі на кухні.

Адно хвалюе зараз адміністрацыю – з кожным годам колькасць жадаючых тут вучыцца змяншаецца. Дзеці, учарашнія школьнікі, у пагоні за модай імкнуцца выбраць “гучныя” навучальныя ўстановы, якія размешчаны ў вялікіх гарадах. Але, як паказвае практыка, многія з іх ужо на першым курсе пераконваюцца, што “пагарачыліся”. Толькі тады бацькі ўспамінаюць пра ліцэй у сваёй мясцовасці, ідуць у адміністрацыю, просяць узяць іх сына ці дачку на вучобу. Зрабіць гэта ў сярэдзіне навучальнага года вельмі праблематычна.

Сёлета планавалі набраць 68 першакурснікаў, на справе іх аказалася толькі 52. Сфарміраваны тры групы: дзве юнацкія і адна з дзяўчынак. Хлопцы асвояць прафесіі механізатара і слесара, дзяўчаты – швачкі і цырульніка. Дапамагаць у вучобе, сачыць за дысцыплінай і клапаціцца пра цікавае правядзенне вольнага часу будуць куратары К. П. Грыбоўская, Т. М. Шумская, С. Г. Пратасевіч і майстры вытворчага навучання В. В. Рафаловіч, В. А. Астроўскі, А. Ч. Ціхановіч, М. А. Камінскі, В. І. Васілеўскі.

Ва ўстанове працуе шмат вопытных педагогаў. Усё жыццё аддалі гэтай справе такія выкладчыкі, як Ганна Віктараўна і Аляксандр Віктаравіч Міхасенкі, Мікалай Антонавіч Камінскі, Вольга Вікенцьеўна Жылевіч. Падрастаюць і перспектыўныя маладыя кадры – Святлана Іванаўна Жабко, Кацярына Паўлаўна Грыбоўская. Сёлета ў ліцэі першае працоўнае месца атрымаў майстар вытворчага навучання Арцём Сяргеевіч Чарановіч. Прыехаў ён у Валожын з Пінска пасля заканчэння педагагічна-індустрыяльнага тэхнікума па спецыяльнасці “тэхнік-электрык, майстар вытворчага навучання”.

Юнацтва, а гэта якраз тая пара, якую давядзецца сустрэць у ліцэі, самая рамантычная пара жыцця. Для спартыўных заняткаў ёсць разнастайны інвентар, сучасныя трэнажоры, пляцоўкі і спартыўныя залы. Аматары мастацкай самадзейнасці таксама могуць усебакова развівацца. Некалькі разоў на год самыя старанныя і актыўныя навучэнцы абавязкова выязджаюць у аквапарк, на “Лінію Сталіна”, наведваюць музеі і цікавыя мясціны. Для экскурсій у ліцэі ёсць камфартабельны аўтобус.

Летнія семестры таксама застаюцца ў памяці ліцэістаў. І не толькі цікавымі мерапрыемствамі. Кожны жадаючы мае магчымасць нядрэнна падзарабіць. Сёлета, напрыклад, былі арганізаваны тры будаўнічыя атрады. Адзін, “Грэнада”, спецыялізаваўся на экалагічнай дзейнасці і працаваў у райцэнтры пад “крылом” жылкамунгаса. Два другія займаліся добраўпарадкаваннем сельскіх населеных пунктаў. Пад кіраўніцтвам майстра М. А. Камінскага юнакі і дзяўчаты пакінулі добры след у Сакаўшчыне і Дубіне. У месяц баец ліцэйскага будатрада ў сярэднім зарабляў ад трох мільёнаў рублёў. Ліцэісты, якія летам працавалі найбольш старанна, у кастрычніку атрымаюць адзнакі і ўзнагароды ад раённага камітэта ГА БРСМ.

Так што не пралічылі тыя, хто зрабіў выбар на карысць Валожынскага сельгасліцэя. Добра, калі дзеці сталеюць і набіраюцца розуму пры бацьках, у знаёмым асяроддзі, далей ад небяспечных сучасных спакус.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 Да Вольгі Вікенцьеўны ЖЫЛЕВІЧ мы завіталі, калі яна давала ўрок дзяўчатам-трэцякурсніцам. Пазнаць сакрэты швейнай справы ў кабінеце, абсталяваным сучаснымі швейнымі машынкамі, і лёгка, і цікава. Няма недахопу і ў іншых атрыбутах: тканіне, нітках, лякала, манікенах.

 

 

Руслан САВЯНКОЎ, Кірыл КАЛЬКО і Дзяніс ЗЯНЬКО, як і іх аднагрупнікі, ужо знаёмы з тэхнікай абслугоўвання і рамонту машын. Гэтым летам ім давялося паказаць свае веды на практыцы. Падрыхтавала юнакоў выкладчык спецпрадметаў Г. В. МІХАСЕНКА. Ганна Віктараўна працуе ў сельгасліцэі з 1980 года. Многія з тых, хто “прайшоў” праз яе рукі, сталі дбайнымі хлебаробамі і жывёлаводамі. Яе выпускнікі займаюць адказныя пасады, рупяцца не толькі на сельскагаспадарчай ніве, але і ў іншых вытворчых сферах.

 

 

 Механізатараў і слесараў рыхтуе Аляксандр Віктаравіч МІХАСЕНКА. Усё жыццё ён прысвяціў гэтай справе і лічыць, што тэхнічная дасведчанасць для любога хлопца не лішняя. Нават калі лёс закіне іх у іншую сферу, атрыманыя ў ліцэі веды будуць запатрабаванымі.



Добавить комментарий