Шляхамi стагоддзяў…

Культура

 (Заканчэнне.)

Трэція Ракаўскія чытанні (04.12.2000) мелі таксама сваю акрэсленую тэматыку: “Поліэтнічная культура заходнебеларускага мястэчка (на прыкладзе Ракава)”. Перад прысутнымі выступілі член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі (“На памежжы культур”), У. Конан (“Андрэй Зязюля: хрысціянская філасофія і асветніцкая дзейнасць”), доктар гістарычных навук, начальнік аддзела Дзяржаўнай геральдычнай службы РБ Сяргей Рассадзін (“Аб праекце Ракаўскага герба”), Т. Кабржыцкая (“Дачыненні вядомых рускіх кінадзеячаў да Ракаўшчыны”), Я. Янушкевіч (“Даваенны Ракаў: вуліцы, хаты, жыхары”), П. Рагойша (“Тапонімы Ракаўшчыны ў творах Сяргея Пясецкага”) і інш. Зразумела, прагучалі даклады, прысвечаныя жыццю і творчасці Мар’яна Здзяхоўскага: Б. Белаказовіча “Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой (паводле перапіскі)” і прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Чубакова “Водгук Льва Талстога на лісты з Ракава”. Удзельнікаў Трэціх Ракаўскіх чытанняў (“тых людзей, чые намаганні і прафесійны запал надае новае гучанне краязнаўчым намаганням у вывучэнні старонак нашай роднай Беларусі”) у сваім цёплым пасланні прывітаў тагачасны Міністр адукацыі РБ Васіль Стражаў. А гэта былі не толькі вучоныя і пісьменнікі, але вядомыя мастакі, артысты, у прыватнасці – народныя мастакі Беларусі Уладзімір Стальмашонак і Май Данцыг, навуковец і выкладчык Віктар Іўчанкаў (менавіта ён зачытаў вітанне Міністра асветы), паэты Вера Рыч, Ала Левіна, Віктар Шніп і Валянціна Гіруць-Русакевіч, артыст Анатоль Наліваеў і інш. У межах Чытанняў адбыліся прэзентацыя выдадзеных матэрыялаў Другіх Ракаўскіх чытанняў, а таксама адкрыццё прыватнага музея “Поліэтнічнай культура Ракаўшчыны”.

Прыкметнай падзеяй у культурным жыцці не толькі Ракава, але і ўсёй Беларусі сталі Чацвёртыя Міжнародныя Ракаўскія чытанні (05.10.2002) пад назвай “Пісьменнік і Радзіма (родны кут)”, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны прайшлі ў Ракаўскай сярэдняй школе напярэдадні Дня настаўніка і з’явіліся своеасаблівым падарункам да гэтага дня не толькі настаўнікам Ракава, але і ўсім настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Валожынскага раёна, што былі афіцыйна запрошаны на высокую навуковую канферэнцыю, а некаторыя і выступілі на ёй з дакладамі. Адкрыў чытанні тагачасны старшыня Валожынскага райвыканкама Іван Маркевіч. У сваім уступным слове ён расказаў пра эканамічныя і культурныя набыткі раёна. З вялікай цікавасцю было сустрэта выступленне сына Якуба Коласа, доктара тэхнічных навук, супрацоўніка Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Міхася Міцкевіча. Ён згадаў шмат цікавага з жыцця і творчасці народнага песняра, на высокім мастацкім узроўні прачытаў уступ да трэцяй часткі паэмы “Сымон-музыка”. Прыгадаў і летаванне як самога народнага паэта, так і сем’яў яго сыноў у недалёкай ад Ракаве Палачанцы ў 1953-1956 гг. (дарэчы, на доме, дзе яны спыняліся, была ўстаноўлена ў 2014 г. мемарыяльная шыльда работы народнага мастака Бкларусі Івана Міско). Удзельнікаў і гасцей Ракаўскіх чытанняў вітала галоўны інспектар Міністэрства адукацыі Беларусі Тамара Саўчук, якая засяродзіла ўвагу на асноўных падыходах да ўдасканалення школьнай адукацыі ў нашай краіне. Пра неўміручасць і актуальнасць Купалавага слова сказала вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Бурбоўская. Ад Саюза пісьменнікаў выступіў галоўны тагачасны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” паэт-зямляк Віктар Шніп, ад Ракаўскай сярэдняй школы – яе дырэктар Пётр Дубавец.

Да постацяў Янкі Купалы і Якуба Коласа звярнуліся ў сваіх дакладах прафесары Дзмітрый Бугаёў (“Родны кут” і “вялікая Радзіма” ў творчасці беларускіх класікаў”), В. Рагойша (“Далучэнні Янкі Купалы і Якуба Коласа да Валожыншчыны”), галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Міхась Шавыркін (“Выяўленне духоўнай энергіі краю ў творчасці Янкі Купалы”), доктар гуманітарных навук з Польшчы (Варшава) Юрась Гарбінскі (“Біблейскія вобразы і матывы ў творчасці Янкі Купалы”), Я. Янушкевіч (“Ракаўская старонка польскага перакладу “Новай зямлі”), кандыдат філалагічных навук Тэрэса Голуб (“Праблемы тэксталогіі пры выданні твораў Янкі Купалы”) і інш. Удзельнікі Ракаўскіх чытанняў вялі таксама гаворку пра ролю “малой” і “вялікай” Радзімы ў творчым лёсе іншых беларускіх пісьменнікаў, разважалі пра красу і непаўторнасць мастацкага слова, што выявілася ў выступленнях прафесара Таццяны Шамякінай (“Малая радзіма” Івана Шамякіна”), дацэнтаў Марыі Шаўлоўскай (“Песня песняў” роднаму краю ў лірыцы Максіма Танка”), Таццяны Дасаевай (“Случчына ў аўтабіяграфічнай прозе Алены Васілевіч”), Уладзіміра Навумовіча (“Прыгожае пісьменства на землях Міра і Карэліч”), Міхася Кенькі (“Родны кут” і мастацкі пераклад”) і інш. Пра прыгожае пісьменства Ракаўшчыны і Валожыншчыны ў цэлым, пра творцаў, звязаных з гэтай зямлёй, зрабілі даклады Т. Кабржыцкая (“Ракаўскі шлях украінскіх пісьменнікаў”), дацэнты Васіль Ліцьвінка (“Фальклор Валожыншчыны”), Пётр Дарашчонак (“Ракаўскі шлях” як узор культурна-асветнага выдання для “малой радзімы”) і інш. На Ракаўскіх чытаннях выступілі з дакладамі і мясцовыя настаўнікі. Так, намеснік дырэктара Вішнеўскай сярэдняй школы, настаўніца вышэйшай катэгорыі Марыя Круцько расказала пра ролю літаратурнай Вішнеўшчыны ў выхаванні школьнікаў, настаўнік Лоскай базавай школы Яўген Жамойдзін – пра слаўнага сына Лоскай зямлі Сымона Буднага, настаўніца вышэйшай катэгорыі Валожынскай сярэдняй школы № 1 Валянціна Лукашанец – пра валожынскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя…

У межах Ракаўскіх чытанняў адбылася таксама прэзентацыя новых выданняў, да з’яўлення якіх мелі непасрэднае дачыненне ракаўцы: “Санеты” Янкі Купалы (на беларускай, англійскай, іспанскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай і французскай мовах; адзін з укладальнікаў і аўтар пасляслоўя – В. Рагойша) і “Новая зямля” Якуба Коласа (на беларускай, рускай і польскай мовах; адзін з укладальнікаў і аўтар пасляслоўя – Я. Янушкевіч). Удзельнікі чытанняў з вялікім задавальненнем пазнаёміліся з краязнаўчым музеем Ракаўскай СШ, музеем “Поліэтнічнай культура Ракаўшчыны”, падарылі ім свае кнігі. Былі зачараваныя выступленнем “Гасцінца”. У Паморшчыне (прадмесце Ракава) удзельнічалі ў адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар бацькоў Янкі Купалы Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны, якія тут працавалі да пераезду ў Вязынку.

Апошнія (дагэтуль), Пятыя Ракаўскія чытанні (20.06.2004) прайшлі, як ужо было заўважана, у Пяршайскай СШ. Месца правядзення вызначыла, галоўным чынам, іх тэматыка: “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і працэс міжславянскіх культурных узаемасувязей”. Як вядома, усё сваё свядомае творчае жыццё Дунін-Марцінкевіч правёў у Люцінцы недалёка ад Пяршаяў, дзе ў мясцовай сярэдняй школе арганізаваны даволі цікавы яго музей. Праблемнае поле Чытанняў ахоплівала шэраг актуальных пытанняў: Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча і шляхі самавызначэння беларускага народа; В. Дунін-Марцінкевіч і праблема беларуска-польскай бікультурнасці; Вывучэнне творчасці Беларускага Дудара ў сярэдняй школе і ВНУ; Валожыншчына ў жыцці і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча; Мясціны В. Дуніна-Марцінкевіча як фактар літаратурнага краязнаўства і чыннік міжнароднага турызму. На чытаннях (на пленарным і трох секцыйных пасяджэннях) з дакладамі і паведамленнямі выступіла звыш 30 навукоўцаў і настаўнікаў. Сярод іх – вядомыя вучоныя дактары філалагічных навук С. Ганчарова-Грабоўская, Т. Дасаева, В. Іўчанкаў, Г. Тычка, М. Хаўстовіч, І. Шамякіна, кандыдаты навук І. Багдановіч, А. Верабей, Т. Голуб, І. Запрудскі, Т. Кабржыцкая, М. Кенька, У. Мархель, П. Навойчык, У. Рагойша, Н. Рашэтнікава, Я. Янушкевіч і інш. З цікавасцю былі ўспрыняты выступленні замежных гасцей – Васіля Бондара (Украіна), Юкі Малінена (Фінляндыя), Цэзарыя Марцінкевіча (Польшча), Міколы Паўловіча (Латвія), Марыі Якубоўскай (Украіна). Чытанні ў сваім пісьмовым звароце прывітаў тагачасны міністр адукацыі РБ А. М. Радзкоў. У прывітанні, у прыватнасці, адзначалася, што “Міжнародныя навуковыя Ракаўскія чытанні – навуковы форум, які рэгулярна праводзіцца на базе сельскай сярэдняй школы. Чытанні атрымалі даволі шырокі розгалас сярод навуковай грамадскасці, карыстаюцца сярод вучоных прызнаным аўтарытэтам”. Словы Міністра: “Хто, як не валожынцы… павінны абудзіць рэспубліканскую грамадскую думку, нагадаць пра недалёкі ўжо юбілей пісьменніка”, – з разуменнем адгукнуліся ў сэрцах не толькі ўдзельнікаў Чытанняў. Сапраўды, Пятыя Ракаўскія чытанні распачалі, апрача ўсяго іншага, падрыхтоўку да 200-годдзя з для нараджэння класіка беларускай літаратуры, юбілей якога па рашэнні ЮНЕСКА павінен быў адзначацца праз чатыры гады, у 2008 годзе, і не толькі ў Беларусі, а і ў многіх краінах свету. Матэрыялы навуковай канферэнцыі выйшлі асобным выданнем і ў значнай ступені абудзілі творчую думку і арганізацыйныя юбілейныя захады.

І яшчэ пра адну грамадскую ініцыятыву ў Ракаве варта сказаць. У 2000 годзе пабачыла свет культурна-асветнае выданне Ракаўскага краю – газета “Ракаўскі шлях” (рэдактар-выдавец В. Рагойша, выдавалася на грамадскіх пачатках сям’ёй Рагойшаў). Газета па некаторых аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах выходзіла да канца 2008 года. З’явіўся ўсяго сорак адзін нумар фарматам А4 на чатырох (некаторыя нумары – на васьмі) старонках. Газета па сваім характары была культурна-асветнай, краязнаўчай. Яна асвятляла найбольш цікавыя з’явы сённяшняга і мінулага культурнага жыцця Ракаўшчыны, змяшчала матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, рэлігіі Ракаўскага краю, публікавала арыгінальныя здымкі і г. д. Заснавальнікі яе мелі на мэце даць чытачам, найперш маладым, неабходны краязнаўчы матэрыял, а тым самым дапамагчы выхаваць у іх пачуццё любові да роднага краю, пашаны да яго гісторыі і сучаснага вобліку, прыроды, культуры, мовы, да яго колішніх і сённяшніх насельнікаў — усё, што характарызуе цяперашнюю еўрапейскую грамадзянскую супольнасць. На гэта былі накіраваны матэрыялы рубрык “З гісторыі Ракаўшчыны”, “Ведай свой край”, “Пра нас пісалі”, літаратурна-мастацкія творы пра Ракаў і Ракаўшчыну, іншыя публікацыі. Таксама змяшчаліся допісы пра сучасны дзень Ракаўшчыны: аповеды пра выдатных нашых землякоў, вучобу і адпачынак школьнікаў Ракаўскай СШ і студэнтаў Навапольскага сельгастэхнікума, нататкі пра цікавых людзей, што працавалі і лячыліся ў санаторыях “Аксакаўшчына”, “Пралеска”, “Іслач”, у дзіцячых летніках, інтэрв’ю з пісьменнікамі, якія прыязджалі папрацаваць і адпачыць у Доме творчасці імя В. Дуніна-Марцінкевіча, і г. д. Не заставаліся па-за ўвагай чытачоў і газетныя куткі “Ракаўцы жартуюць”, “Народныя прыкметы”, “З сучаснага фальклору Ракаўшчыны” і інш. Выданне атрымала ўхвальныя водгукі ў рэспубліканскай (“Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Краязнаўчая газета” і інш.) і мясцовай (“Працоўная слава”) прэсе. Газета выходзіла накладам да 200 асобнікаў, распаўсюджвалася бясплатна. Поўны яе камплект можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску, асобныя нумары – у Ракаўскай сельскай бібліятэцы.

Заслугай газеты, апрача ўсяго іншага, з’яўляецца і ўзнікненне кніжкі “Наш гонар – Ракаў” (Ракаў, 2015). Амаль усе матэрыялы, змешчаныя ў ёй (за невялікім выключэннем), знайшлі ў свой час апрабацыю на старонках “Ракаўскага шляху” і, такім чынам, прадвызначылі змест і характар кніжкі як пераважна культурна-асветнага выдання.

Ініцыятывы правядзення Ракаўскіх чытанняў і выдання мясцовай краязнаўчай газеты чакаюць дзеля свайго працягу разумных маладых галоў і працавітых рук.

Вячаслаў Рагойша



Добавить комментарий