Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Па рашэнні Мінскага аблвыканкама будзе ліквідаваны Стаўбцоўскі філіял ДП “Мінаблпаліва” і стане ўчасткам нашага Валожынскага філіяла. Да 23 лістапада павінна быць завершана працэдура далучэння.

Валожынскі філіял ДП “Мінаблпаліва”, які на працягу многіх гадоў узначальвае М. І. Радына, займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Акрамя непасрэдных абавязкаў па забеспячэнні арганізацый і насельніцтва дровамі і брыкетам, тут шукаюць іншыя магчымасці, каб не прастойваў транспарт і мелі работу працаўнікі. Падчас уборкі ўраджаю вазілі зерне, зараз убіраюць з палёў салому, дастаўляюць на прыёмныя пункты цукровыя буракі. Дарэчы, палівам забяспечваюць воінскія часці не толькі ў нашай вобласці, але і ў Гродзенскай. У верасні павялічылася колькасць заявак ад насельніцтва на дастаўку паліва. У дзень развозяць па канкрэтных адрасах прыкладна 15 тон брыкету і каля 25 кубаметраў дроў.

 

 У адзінаццаты раз прайшоў рэспубліканскі спартыўны фестываль для працуючай моладзі “Алімпія”. У Ракаўскім сельсавеце каля вёскі Міхалова сабраліся 19 каманд, якія прадстаўлялі рэспубліканскія міністэрствы і ведамствы, аблвыканкамы. Заяўлена была і каманда нашага райвыканкама як аднаго з арганізатараў фестывалю.

Сёлета “Алімпія” праходзіла ў новым фармаце. Праграма ўмоўна ўмясціла як бы тры блокі: адукацыйны (майстар-класы, трэнінгі, дыскусійныя пляцоўкі), творчы (сустрэчы з вядомымі асобамі, прадстаўнікамі ўлады) і спартыўны (спаборніцтвы па валейболе, міні-футболе і перацягванні каната). Ацэньваліся таксама візітоўкі каманд, прадстаўленні бівака і турыстычныя стравы. Агульнакамандныя месцы не вызначаліся. Каманда нашага райвыканкама атрымала падзяку і прыз за ўдзел і дапамогу ў арганізацыі.

 

 У пачатку верасня ў Вілейцы выбіралі лепшага вадзіцеля падраздзяленняў раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці. У конкурсе “Лепшы па прафесіі” прынялі ўдзел 24 вадзіцелі.

Ад канкурсантаў патрабаваліся тэарэтычныя веды па Правілах дарожнага руху ў спалучэнні з практычнымі навыкамі і майстэрствам. Яны дэманстравалі навыкі ў кіраванні пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай, праязджалі “круг”, “каляіну”, “бокс”, “тунэль”, “вароты”, “пянькі” і інш. Перамогу ў той дзень святкаваў вадзіцель Любанскага РАНС, які паказаў лепшы час і набраў мінімальную колькасць штрафных ачкоў. Вадзіцель нашага РАНС заняў 18-е месца.

 

 З 7 па 12 верасня праходзіць Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі.

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна прайшлі майстар-класы “Бісерны россып” (Т. А. Курыла), “Адкрытка на памяць” па вырабе адкрытак (А. І. Собалева), па квілінгу “Цудоўныя пераўтварэнні” (В. І. Міхнавец). Канцэртныя праграмы падрыхтавалі педагогі дадатковай адукацыі Н. П. Шыркова і Н. М. Гаўрыс), гульнявыя праграмы – С. М. Кірасірава і А. Г. Іода. На працягу ўсіх дзён праводзіліся экскурсіі па цэнтры творчасці “Нашы дзверы ўсім адчынены”. Вучні гарадскіх школ змаглі пазнаёміцца з гурткамі і аб’яднаннямі, якія працуюць тут, выбраць сабе занятак па душы.

 

 На базе раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра пачаў рэалізоўвацца праект “Адкрытая пляцоўка MAMAKIDS для матуль, якія знаходзяцца ў сацыяльным водпуску па догляду за дзіцем, і іх дзяцей”. Кіраўнік праекта маладая маці Таццяна Доўнар-Слізская.

Маладых маці знаходзілі на вуліцах Валожына, на дзіцячых пляцоўках, у сацыяльных сетках. Ужо набраны 3 групы. Спецыялісты раяць праводзіць заняткі з 5-6 малымі. Яны будуць праводзіцца два разы на тыдзень па распрацаваным плане. Ён прадугледжвае сустрэчы з цікавымі і карыснымі людзьмі, кансультацыі медыкаў і лагапедаў, псіхолагаў і педагогаў па раннім развіцці дзіцяці. Для малых запланаваны спартыўныя і музычныя заняткі, заняткі па развіцці мовы і дробнай маторыкі, іншыя. У сацыяльным прытулку абсталяваны пакой з сухім басейнам, батутам, кінетычным пяском, развіваючымі дыванкамі. Заняткі для матуляў бясплатныя. А вось сацыяльна-педагагічны цэнтр шукае спонсараў, якія б дапамагалі ў рэалізацыі такога цікавага і неабходнага маладым жанчынам праекта.

 

 Новыя “Дошкі аб’яў” не так даўно з’явіліся ў райцэнтры на будынку раённай бібліятэкі і на сцяне дома № 4 па вуліцы Партызанскай.

Іх заказаў за ўласныя сродкі камунгас па даручэнні галоўнага архітэктара раёна для таго, каб упарадкаваць безсістэмнае развешванне аб’яў на дзвярах жылых дамоў. Калі памятаюць чытачы, некалькі гадоў таму наша рэдакцыя спрабавала сваімі сіламі змагацца з такой з’явай. Але з часам усё вярнулася “на кругі свая”… Яшчэ некалькі такіх “Дошак” будуць прымацаваны на дамах у мікрараёнах Папоўка, Сельгастэхніка і ў новым жылым масіве па вуліцы Савецкай.



Добавить комментарий