Бачыць перспектыву i ўпэўнена iсцi наперад

Официально

 Па такім прынцыпе працуюць многія стаўбцоўскія прадпрыемствы. У чым і пераканаліся журналісты сталічнай вобласці ў час чарговай прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама С. Б. Шапіры, праведзенай у гэтым рэгіёне.

 Эканоміка яскрава вызначае паспяховасць развіцця пэўнага рэгіёна. Структура прадпрыемстваў, профіль іх дзейнасці, умелая рыначная палітыка ўплываюць на канчатковыя паказчыкі. Рэгіён, які развіваецца найбольш дынамічна, чакае дастойны абласны, скажам так, бонус. Той, хто акажацца ў лідарах па валу выпушчанай прадукцыі, можа прэтэндаваць, акрамя размеркаваных бюджэтных сродкаў, яшчэ і на дадатковую ўнушальную падтрымку з боку Мінскага абласнога выканаўчага камітэта – на 200 мільярдаў рублёў. Гэтыя сродкі можна будзе выкарыстаць на рамонт сацыяльна-культурных аб’ектаў, добраўпарадкаванне вуліц і інш. Пры эканамічным аналізе будзе ўлічвацца толькі ўклад прадпрыемстваў без уліку атрыманай прадукцыі буйных інвестараў, у нашым валожынскім выпадку «Данпрода». На статус лепшых сёлета ў вобласці прэтэндуюць некалькі раёнаў. У тым ліку і Стаўбцоўскі, дзе 3 верасня і прайшла выязная прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры.

На ёй традыцыйна прысутнічалі работнікі рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады даў пазітыўную ацэнку рабоце Стаўбцоўскага райвыканкама на чале з Ю. М. Горлавым, які прызначаны на гэту пасаду каля года таму.

У названым рэгіёне стабільна развіваецца прамысловасць, сельскагаспадарчая галіна і інш. Пра што сведчыць рост паказчыкаў. Атрымана валавой прадукцыі на 112,8 працэнта пры плане 107. Ёсць пазітыўныя змены ў сацыяльнай сферы, вядзецца рамонт цэнтральнай медыцынскай установы, плануецца ў пачатку лістапада ўвесці ў эксплуатацыю мясцовы фізкультурна-аздараўленчы комплекс з сучаснымі трэнажорнымі заламі, спартыўнымі пляцоўкамі, 25-метровымі плавальнымі дарожкамі басейна.

Ацэньваючы становішча спраў у гэтым рэгіёне, старшыня аблвыканкама міжволі праводзіў паралелі з дасягненнямі сталічнай вобласці ў цэлым. Наша вобласць займае ў рэспубліцы лідзіруючыя пазіцыі. Парадаваў і ў сёлетні надзвычай засушлівы год высокі намалот хлеба: сабрана 2 мільёны 200 тысяч тон зерня. 200 тысяч тон яшчэ дапоўніць ураджай насення кукурузы. Сямён Барысавіч прыгадаў, што калі ў былыя гады Міншчына смела брала на сябе абавязацельствы мець двухмільённы намалот, ён сумняваўся ў рэальнасці такога смелага прагнозу. Але на справе аказалася, што такі рэкорд пад сілу хлебаробам сталічнага рэгіёна рэспублікі! А сёння ўжо Міншчына амбіцыйна падумвае пра новыя працоўныя вышыні: «замахваецца» ў недалёкай перспектыве аж на трохмільённы каравай. І такія працоўныя арыенціры небеспадстаўныя! Не так доўга засталося чакаць, як падкрэсліў С. Б. Шапіра, калі вобласць можа пахваліцца і 6-тысячным сярэднім надоем малака на адну карову. Ажыццёўленыя вытворчыя тэхналогіі паспрыяюць такому поспеху. Было падкрэслена, што выбрана правільная эканамічная стратэгія ў пашырэнні плошчаў пад кукурузу. Гэта культура добра «выстаяла» і ў засуху. А значыць, і сёлета кармавая база жывёлагадоўлі будзе збалансаванай. Каб мець аддачу ў жывёлагадоўлі, важна ў збалансаваным рацыёне жывёлы прытрымлівацца такой формулы: на адзін кілаграм сенажу патрэбна мець па аднаму кілаграму сіласнай кукурузнай масы.

У ліку пытанняў, адрасаваных старшыні аблвыканкама, была і інвестыцыйная складаемая. Інвестары ахвотна ідуць у сталічную вобласць. Пра гэта сведчаць перспектывы Беларуска-Кітайскага тэхнапарка. Другое дыханне развіццю паўднёвага рэгіёна Міншчыны дасць рэалізацыя праекта па ўзвядзенні ў Любанскім раёне буйнога калійнага рудніка. Гэты маштабны аб’ект прыкметна ажывіць эканоміку і ў суседніх раёнах вобласці, палепшыць сітуацыю на рынку працы. Інвестар у заснаванне калійнай кампаніі гатовы ўкласці вялікія грошы.

Інвестыцыйная палітыка ажыццяўляецца па пэўных правілах. Некаторыя інвестары ў нашай вобласці, на жаль, свае абавязацельствы не выконваюць у пэўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Вырашана іх дысцыплінаваць штрафнымі санкцыямі за кожны дзень пратэрміноўкі. Атрыманыя штрафы ідуць затым на развіццё сацыяльнай сферы і інш.

У час прэс-канферэнцыі закраналася тэма прыватызацыі жылля ў сельгаспрадпрыемствах. Пазіцыя ўлады такая: каб стаць уласнікам жылога дома, пабудаванага па прэзідэнцкай праграме, неабходна адпрацаваць у гаспадарцы не менш за 10 гадоў.

Вынікам працоўнага года хлебаробаў традыцыйна лічацца «Дажынкі». Сёлета гэта маштабнае абласное свята пройдзе ў Вілейцы. Характарызуючы гэты рэгіён, кіраўнік вобласці таксама ўхвальна адзначыў пазітыўныя змены, якія адбыліся тут апошнім часам. Зразумела, на падрыхтоўку горада да дастойнага прыёму шматлікіх удзельнікаў абласнога кірмашу-фестывалю будуць выдзелены значныя фінансавыя сродкі.

Сямён Барысавіч распавёў журналісцкай аўдыторыі, што сёлета вялікія фінансавыя патокі накіраваны на давядзенне да пэўных стандартаў буйнанаселеных Бараўлян. Аб’ём фінансавання складзе прыкладна 600 мільярдаў рублёў. Абсталёўваюцца стаянкі для шматлікага транспарту ля лячэбных устаноў, узводзяцца ліўнёўкі, іншыя камунальныя аб’екты, рамантуюцца ўстановы сацыяльна-культурнага прызначэння.

У ліку шматлікіх пытанняў прэс-канферэнцыі была і размова наконт увядзення новых патрабаванняў да якасці малака, якое паступае на перапрацоўку, ад другога гатунку перапрацоўшчыкі адмовіліся. Пастаўляць толькі якасную прадукцыю з малочнатаварных фермаў сёння ў раёнах ёсць усе магчымасці: праведзеная мадэрнізацыя садзейнічае гэтаму.

«Малако – самая хуткая капейка!» – вобразна сказаў С. Б. Шапіра. Умеюць зарабляць грошы на гэтым відзе сельскагаспадарчай прадукцыі і ў ААТ «Каганец» Стаўбцоўскага раёна, дзе і пабывалі журналісты 3 верасня. У гаспадарцы пастаўлена задача стварэння фермаў з замкнутым цыклам вытворчасці. Тут дасягнулі высокага ўзроўню рамонтнага маладняку, адмовіліся ад закупкі жывёлы ў Венгрыі, самі паспяхова гадуюць прадукцыйную чорна-пярэстую пароду. У гаспадарцы атрымалі тры мільярды прыбытку толькі ад рэалізацыі малака. У раёне летась пагалоўе статка павялічылася на 1 тысячу. Добрую аддачу даюць і праводзімыя на Стаўбцоўшчыне Дні жывёлавода, з падрабязным аналізам эканамічнай сітуацыі, існуючых праблем.

У той дзень журналісты пабывалі ў фермерскай гаспадарцы «Сула» У. У. Радзевіча, якая займаецца вырошчваннем беларускіх элітных гатункаў бульбы, а таксама вытворчасцю насення бульбы нямецкай селекцыі. Калектыў з 16 чалавек апрацоўвае 641 гектар зямлі, ураджайнасць бульбы складае 410 цэнтнераў. Летась выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг склала больш за 12 мільярдаў рублёў. За пяць гадоў ад экспарту атрымана больш за 1 мільён долараў.

Уразіла сваім размахам і прадпрыемства «Фрэор Рэфрыгерайшн» пад кіраўніцтвам Ю. З. Звынцэвіча. Гэта прыватная фірма выпускае сучаснае халадзільнае абсталяванне для патрэб вядомых гандлёвых сетак «ГІППА», «Еўраопт», «Рублёўскі» і іншых. Адна такая ўстаноўка абыходзіцца заказчыку каля 5 тысяч еўра ў залежнасці ад мадыфікацыі абсталявання. Многія камплектуючыя завозяцца пакуль што з-за мяжы. Старшыня аблвыканкама сказаў, што сваю нішу ў імпартазамяшчэнні маглі б паспяхова заняць і некаторыя прадпрыемствы вобласці. Стаўбцоўская фірма гатова да такога партнёрскага супрацоўніцтва.

Старанна працуе сёння і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Тут паспяхова рэалізаваны імпартазамяшчальны выпуск фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытарскай прамысловасці. Вядзецца работа па вытворчасці сокаў і нектараў у інавацыйнай упакоўцы. Філіял наладзіў саленне агуркоў, памідораў па старадаўніх рэцэптах. Выпускаецца і таматапрадукцыя ў шырокім асартыменце і інш.

Наведванне гэтых прадпрыемстваў пераканала, што важна не скардзіцца на цяжкасці, а ўмець бачыць перспектыву, смела і настойліва брацца за ажыццяўленне новых праектаў, і тады ўсё атрымаецца!

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий