Кнiга, напiсаная жыццём

Культура

 Пра лёс, пра сябе, свой радавод, сваіх землякоў і работу напісала кнігу настаўніца з Пяршайшчыны М. І. Пратасевіч-Русовіч.

Нехта з вядомых людзей сказаў, што жыццё кожнага чалавека варта таго, каб напісаць кнігу, і ніводная з іх не будзе падобна на іншую. Здараюцца ў сапраўдным жыцці такія метамарфозы, якія не здольны прыдумаць самы таленавіты пісьменнік. Марыя Іосіфаўна Пратасевіч-Русовіч – ветэран педагагічнай працы, чалавек дастаткова вядомы не толькі ў настаўніцкім асяроддзі раёна. І не толькі таму, што шмат гадоў адпрацавала ў Пяршайскай сярэдняй школе, але і таму, што, дзякуючы ёй, школьны музей імя В.-І. Дуніна-Марцінкевіча быў адным з лепшых школьных музеяў раёна. Сама ж настаўніца ўсю сябе аддавала школе, вучням і свайму захапленню. Яе дом у вёсцы Сядлішча паступова ператварыўся ў карцінную галерэю. А яшчэ яна, нягледзячы на ўзрост, сапраўдны летуценнік. Усе былыя і цяперашнія вучні школы ведаюць, што Марыя Іосіфаўна збірае-калекцыяніруе… лялечных мядзведзікаў. І, дарэчы, ніводнага са сваіх 220 звяркоў не купіла сама. Усе экзэмпляры ў калекцыі, якой з часам давялося аддаць цэлы пакой у доме, — падарункі. Іх прывозілі вучні сваёй любімай настаўніцы з Японіі, Італіі, Германіі і іншых краін і мясцін, дзе праходзілі аздараўленне, з імі і цяпер прыходзяць на сустрэчы ў школу.

Пра ўсё гэта і многія іншыя самыя памятныя імгненні жыцця ўспамінала Марыя Іосіфаўна, гаварылі госці, запрошаныя на прэзентацыю кнігі, якая адбылася напрыканцы жніўня ў раённай бібліятэцы.

Гавораць: не купі хату – купі суседа. Вось такі няўрымслівы чалавек пасяліўся побач з сядзібай Русовічаў. У свой час Алена Смірнова скончыла валожынскую сярэднюю школу № 2, а цяпер жыве і працуе ў Маскве, з’яўляецца прафесарам Міжнароднага славянскага інстытута. У спадчыну Алене Станіславаўне дасталіся “руіны” дзедавай хаты, дзе праходзіла яе дзяцінства і якую вяртае да жыцця, а заадно і натхніла-пераканала Марыю Іосіфаўну на напісанне кнігі жыцця.

На сустрэчу аўтар кнігі прывезла не толькі асабістыя ўспаміны, а і свае лепшыя карціны, якія яшчэ некалькі дзён выстаўляліся ў чытальнай зале бібліятэкі. З выданнем кнігі яе павіншавала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч, яна назвала аўтара беларускай з вялікай літары. Пра старэйшую калегу, яе захапленні расказала настаўніца Пяршайскай школы Ларыса Генадзьеўна Скрундзь , асабістымі ўспамінамі падзялілася былая вучаніца, а цяпер супрацоўніца бібліятэкі Алена Сугака, прыйшла павіншаваць матулю і дачка – Валянціна Русовіч, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 райцэнтра.

Кніга “Зямля, людзі, работа і творчасць: шлях, даўжынёй у жыццё” ўяўляе цікавасць для землякоў аўтаркі, дзе многія прачытаюць пра сябе і сваіх родных, для яе шматлікіх вучняў, увогуле, для людзей, якіх цікавіць жыццё вёскі на працягу ХХ стагоддзя, перамены, якія там адбываліся.

Дарэчы, у бліжэйшых планах М. І. Пратасевіч-Русовіч і яе суаўтаркі А. С. Смірновай перакласці кнігу на беларускую мову.

Наталля ШТЭЙНЕР,

фота аўтара



Добавить комментарий