Ракаў – мілы сэрцу куточак

Официально

 У суботу ў ракаве прайшло вялікае святочнае мерапрыемства з нагоды 550-годдзя першага пісьмовага ўпамінання мястэчка…

Пачатак святу паклаў дзіцячы конкурс малюнкаў на асфальце “Я малюю родны Ракаў!”. Любоў да ракаўскай зямлі маладое пакаленне выказала і ў канцэрце “На аблоках дзяцінства”.

Да вялікай падзеі мясцовыя ўлады прымеркавалі адкрыццё новага будынка дзіцячай школы мастацтваў. Старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч з гэтай нагоды павіншаваў выкладчыкаў школы, а таксама вучняў і іх бацькоў, пажадаў плённай працы і поспехаў на ніве мастацтва. Зайшоўшы ў адноўлены будынак, госці змаглі палюбавацца новымі прыгожымі класамі.

У кожнага чалавека ёсць мілы сэрцу куточак, дзе ён нарадзіўся і вырас, пайшоў у школу, а потым і ў вялікі свет. Ракаў – слаўнае сваімі людзьмі і гісторыяй мястэчка. Любоў да роднай зямлі перадала ў вершы ўраджэнка Ракава, выкладчык на кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Л. І. Глінская. Напачатку ўрачыстасці прагучала на яе верш песня “Родны Ракаў” у выкананні выкладчыка Ракаўскай ДШМ Ю. В. Скурко. Музыку на верш напісала А. І. Безэнсон. Словы гэтай песні гімнам адгукаюцца ў сэрцы кожнага ракаўчаніна. Аўтары слоў і музыкі сталі шаноўнымі гасцямі ўрачыстасці.

Для адкрыцця свята на імправізаваную сцэну былі запрошаны афіцыйныя асобы, а таксама былы старшыня Валожынскага райвыканкама В. І. Малішэўскі, контр-адмірал флоту, жыхар Ракаўскага сельсавета З. І. Жабко, прафесар, доктар медыцынскіх навук, галоўны неўролаг С. А. Ліхачоў і старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка. Гаспадар ракаўскай зямлі павіншаваў жыхароў і гасцей аграгарадка са знамянальнай датай. Святочныя віншаванні прагучалі і з вуснаў іншых шаноўных гасцей, З. І. Жабко выказаў добрыя пажаданні і перадаў падарункі ў мясцовы музей.

На ўрачыстасці настаўнік рускай мовы і літаратуры Ракаўскай сярэдняй школы Л. А. Барташэвіч і дырэктар медыка-сацыяльнай установы “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат” В. У. Прыёмка былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка, былы дырэктар колішняга саўгаса “Праца” У. П. Вашкевіч, былы дырэктар калгаса “Бальшавік” С. А. Лужынскі, былы дырэктар саўгаса “Праца” і старшыня Ракаўскага сельвыканкама І. П. Тамковіч, былая настаўніца матэматыкі Ракаўскай школы М. І. Шумская, былы брыгадзір саўгаса “Ракаўскі” В. А. Русецкая.

Далёкім гістарычным падзеям Ракава была прысвечана літаратурна-харэаграфічная замалёўка “З глыбіні сівых вякоў”. Конніца, якая выехала на плошчу, гістарычныя асобы, што з’явіліся на брычцы, адразу прыцягнулі ўвагу ўсіх прысутных на свяце. І дарослыя, і дзеці падыходзілі бліжэй да сцэны і з непрытоеным захапленнем назіралі за дзеяй.

На святочнай урачыстасці былі ўшанаваны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта “Гасцінец” Л. С. Пятроўская, доўгажыхар Ракава Р. Ю. Балотнік, самы маленькі жыхар мястэчка Валодзя Федаровіч. Павіншавалі і дзве маладыя пары: К. К. Пятроўскі і В. С. Шэўчык, С. С. Дударчык і Г. М. Безручонак зусім нядаўна стварылі сем’і. Не забыліся павітаць і шматдзетную сям’ю Стахоўскіх, у якой нарадзіліся і ў любові выхоўваюцца шасцёра дзетак. Усім намінантам былі ўручаны памятныя падарункі, у іх гонар гучалі прыгожая музыка і песні.

На свята ў Ракаў завіталі дырэктар мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Р. І. Вайцяхоўская і загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат гістарычных навук, этнограф, фалькларыст П. А. Гуд. Яны выказалі віншаванні і найлепшыя пажаданні жыхарам і гасцям мястэчка. Шчырымі апладысментамі віталі гледачы паэтку, члена саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч.

Прыемна было бачыць на сцэне моцныя сямейныя дынастыі Рагойшаў і Янушкевічаў. У выкананні лаўрэатаў міжнародных музычных конкурсаў Валяр’яна і Вікторыі Янушкевічаў прагучаў другі паланез М. К. Агінскага.

На ўрачыстасці была ўзгадана творчасць Сяргея Пясецкага і іншых пісьменнікаў таго часу, калі каля мястэчка праходзіла мяжа паміж Польшчай і Савецкай Беларуссю. Доўгі час іх творы былі невядомыя для шырокага кола насельніцтва. Дзякуючы вялікай працы многіх людзей, мы сёння маем магчымасць далучыцца да іх творчасці і больш даведацца пра гісторыю Ракава. На сцэну былі запрошаны настаўніца Ракаўскай сярэдняй школы Г. А. Бянкевіч і дырэктар выдавецтва “Рэгістр” А. І. Атнагулаў, якія займаюцца даследваннем, перакладам і папулярызацыяй творчасці гэтага аўтара. Між іншым, кнігі Сяргея Пясецкага і іншых можна было пагартаць і набыць тут жа.

Слова было прадастаўлена святарам хрысціянскіх супольнасцей Ракава. Пасля чаго хор праспяваў песню “Магутны Божа”, якую падтрымалі ўсе прысутныя. Гледачы падняліся са сваіх месцаў, песня лілася магутным патокам і, здаецца, узносілася прама ў неба

Свята працягвалася. Гледачоў чакалі шматлікія канцэрты, парад байкераў, фаер-шоу. На плошчы працаваў “Горад майстроў”, дзе можна было набыць шматлікія сувеніры і рэчы, неабходныя ў гаспадарцы. Дзятву вабілі да сябе гульнявыя атракцыёны.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий