Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 У мінулую нядзелю аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўпершыню наведаў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

На сустрэчу са святаром былі запрошаны не толькі маладыя інваліды, якія наведваюць аддзяленне, але і іх бацькі, а таксама члены пярвічнай арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Для шаноўнага госця была арганізавана экскурсія па аддзяленні. Епіскапа Паўла надзвычай уразіла матэрыяльная база і арганізацыя работы з маладымі інвалідамі, па яго словах, ён такога нават не мог уявіць. На памяць пра свой візіт свяшчэннаслужыцель падарыў ікону святых князя Пятра і княгіні Фяўроніі Мурамскіх, заступнікаў сям’і. Разам з благаславеннем і пажаданнем здароўя ён пачаставаў прысутных караваем і цукеркамі.

 

 3307 школьнікаў займаюцца ў 15 агульнаадукацыйных школах нашага раёна. У месяц на бясплатнае харчаванне школьнікаў з раённага бюджэту выдаткоўваецца больш за 500 мільёнаў рублёў. Бясплатнае харчаванне атрымліваюць падчас вучэбнага працэсу 2146 хлопчыкаў і дзяўчынак, 1322 з іх займаюцца ў сельскіх школах, 804 – вучні першых-чацвёртых класаў гарадскіх школ.

Акрамя гэтых катэгорый школьнікаў, права на бясплатныя абеды маюць дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці, у якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I ці II груп, тыя, хто займаецца ў інтэграваных класах ці знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Дарэчы, з 2010 года харчаблокі ўсіх вясковых школ, а з 2011 года Ракаўскай, Івянецкай і трох гарадскіх школ перададзены на баланс аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Раней гэта была прэрагатыва грамхарчу раённага спажывецкага таварыства.

 

 Не так даўно ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях з’явіўся новы намеснік начальніка.

Намеснікам начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце прызначаны выпускнік Акадэміі грамадзянскай абароны Расійскай Федэрацыі маёр унутранай службы Ігар Ігаравіч Сопат. У наш райаддзел ён прыбыў па размеркаванні.

 

 Традыцыйны кубак па міні-футболе сярод юнакоў, прысвечаны памяці трэнера А. С. Латышава, сабраў 5 каманд.

На поле памерацца сіламі выйшлі футбалісты дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, СШ № 2, Багданаўскай СШ, СШ № 1 і гімназіі № 1 райцэнтра. Тройка прызёраў размеркавалася наступным чынам: СШ № 2, ДЮСШ, Багданаўская СШ. Каманды ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прэміямі.

 

 З 7 па 11 верасня супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў правялі мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне незаконнага абароту алкагольных напіткаў. Былі адпрацаваны 10 населеных пунктаў.

Падчас рэйдаў праваахоўнікі выявілі і канфіскавалі 4 самагонныя апараты (адзін выяўлены ў лясным масіве паблізу Ракава, астатнія – у жыхара Івянца і ў населеных пунктах на тэрыторыі Гародзькаўскага і Вішнеўскага сельсаветаў), таксама канфіскаваны 7 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, 18,5 літра самагону і 300 літраў брагі.

 

 Занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод супрацоўнікаў раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях прайшлі ў маладзечанскім Лядовым палацы.

У іх прынялі ўдзел 6 каманд: Маладзечанскага, Валожынскага, Мядзельскага, Вілейскага, Лагойскага РАНС і Маладзечанскага гарадскога аддзела. У кожнай камандзе было па 4 мужчыны і адна жанчына. Каманда нашага РАНС заняла другое месца, прапусціўшы наперад маладзечанскіх калег. У фінале будуць выступаць па дзве каманды з кожнай зоны.



Добавить комментарий