Пад шум бяроз i сосен

Общество

 На сценах адміністрацыйнага будынка Валожынскага лясгаса вісяць розныя фатаграфіі: захад сонца на фоне ракі, дзікія жывёлы і птушкі ў прыродных умовах, асобныя дрэвы і бяскрайнія зялёныя масівы… Уся гэта прыгажосць “злоўлена” аб’ектывам прафесіянальнага фатографа на Валожыншчыне. Але лес – не толькі эстэтычная асалода, ён – наша багацце. Як яно захоўваецца і прымнажаецца, мы папрасілі расказаць дырэктара ДЛГУ “Валожынскі лясгас” У. В. Грыневіча.

 – Уладзімір Валер’евіч, кожнаму бацьку сваё дзіця асаблівае і наймілейшае. Чым лясныя масівы Валожыншчыны вылучаюцца сярод іншых?

– 35 працэнтаў усёй плошчы нашых лясоў займае Налібоцкі заказнік – унікальны прыродны комплекс. І гэта не галаслоўнае заключэнне. Мне неаднаразова даводзілася падымацца на верталёце над сібірскай тайгой: з вышыні 80-100 метраў адкрываюцца бяскрайнія далягляды некранутага лесу. Такую ж карціну можна назіраць і над Налібоччынай: на дзясяткі кіламетраў – ні вёсачак, ні дарог, а толькі суцэльны кавалак зялёнага покрыва.

У час апошняй вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд, калі адбудоўваўся Мінск, тэрыторыя заказніка стала адным з галоўных пастаўшчыкоў драўніны. Але, дзякаваць Богу, за сем дзесяцігоддзяў лес амаль цалкам залячыў тыя раны. А гэта значыць, што сваю асноўную функцыю – ахова і лесааднаўленне – работнікі лясгаса выконваюць.

 – Якая пара года для работніка лясной гаспадаркі самая напружаная?

– Работы хапае заўсёды: зімой нарыхтоўваем драўніну, а з ранняй вясны да позняй восені, калі лес масава наведваюць людзі і наступае пажаранебяспечны перыяд, леснікі наогул пра адпачынак забываюць. Сёлета на мяжы Івянецкага і Пяршайскага лясніцтваў, акурат насупраць санаторыя “Вялае”, з-за нечага легкадумства (акурак ці кінутая падпаленая запалка) адбыўся пажар. Згарэла 3,3 гектара лесу, трое сутак усім калектывам змагаліся з агнём, потым яшчэ тыдзень вартавалі, каб не дапусціць новага ўзгарання. Вельмі шмат сіл і часу трацім на збор смецця. Нашы грамадзяне чамусьці ніяк не выбавяцца ад звычкі выносіць у лес тое, што стала непатрэбным. Становішча можна выправіць, устанавіўшы паблізу дачных таварыстваў і вёсак больш спецыяльных кантэйнераў.

 – Клопаты пра лес – справа высакародная, але не грашовая. Раскажыце, за кошт чаго папаўняецца бюджэт лясгаса?

– Займаемся разнастайнай вытворчай дзейнасцю. Сёлета прыбытковым аказалася пчалярства. Ад кожнай пчалінай сям’і пчаляры Галіна Станкевіч і Вітольд Завацкі атрымалі па 25 кілаграмаў мёду. Рэалізуем лекавыя расліны, прадаём у Расію саджанцы, набірае абароты паляўнічая гаспадарка. Галоўным жа накірункам застаецца рэалізацыя драўніны і абразных піламатэрыялаў. Нашы дошкі паступаюць амаль ва ўсе краіны Прыбалтыкі, Скандынавіі, Заходняй Еўропы і нават у Японію. Дрэваапрацоўка – безадходная вытворчасць. Апілкі рэалізуем у Смаргонь, дзе з іх рыхтуюць пілеты і пліты МДФ, трэскі загружаюцца адразу ў вагоны і прадаюцца ў Прыбалтыку.

 – А працаўнікі вашы што маюць?

– Наш калектыў налічвае 354 працуючых. На вытворчых участках сярэдні заробак складае пад 6 мільёнаў рублёў, на ахове лесу – 4,76 мільёна. Той, хто хоча зарабіць, заўсёды такую магчымасць адшукае. Напрыклад, для аператара “Харверстара” месячная палучка і 19 мільёнаў – не навіна. Пасля прыняцця так званага закона “аб дармаедах” у лясгас прыйшло многа тых, хто раней цішком займаўся нейкай прыватнай справай. Яны працаваць умеюць, а значыць, прынясуць карысць.

Вялікую ўвагу ўдзяляем ахове працы. Прафесія лесаруба лічыцца адной з самых траўманебяспечных. Сёлета на 690 мільёнаў рублёў набылі спецадзенне і шлемы са спецыяльным прыстасаваннем для аховы вачэй. На майстарскіх участках пабудаваны 19 домікаў, а для тых, хто працуе на выездзе, ёсць 3 прычапныя вагончыкі з ацяпленнем, вадой. На базе лясгаса рэгулярна праводзяцца абласныя і рэспубліканскія семінары па ахове працы, спецыялісты з Міністэрства і навучальных устаноў праводзяць выязныя майстар-класы, арганізуем бясплатную вакцынацыю супраць энцэфаліту.

 – Дарэчы, чаму цяпер так кляшчы развяліся?

– Існуе некалькі прычын. Па-першае, адносна мяккія зімы. Па-другое, няскошаныя травы, асабліва паблізу вадаёмаў. Гадоў трыццаць назад, калі кароў трымалі шмат, вяскоўцы ледзь не біліся за кожную лапіну травы. А зараз зараснікаў хапае. Па-трэцяе, прымяняліся так званыя сельгаспалы, у якіх кляшчы згаралі.

 – Выходзіць, спальванне сухой расліннасці можа быць карысным?

– Не, гараць жа не толькі кляшчы, але і ўсё жывое, у тым ліку і бактэрыі, без якіх спыняецца ўтварэнне гумусу – урадлівага слоя глебы.

 – Сусветную эканоміку перыядычна “сатрасаюць” крызісы і спады. Ці з’яўляецца выключэннем лясная галіна?

– На жаль, не. Калі летась баланс сасны на рынках ішоў па 34,2 еўра, то сёлета – па 26. З 33,8 еўра да 25 еўра ўпалі цэны на бярозавую сыравіну. Вядома, можна павялічыць вал, але калі ты дбаеш пра лес і марыш пра яго захаванне, то заўсёды будзеш памятаць: сасна “вытворчага” ўзросту дасягае праз 81 год, бяроза – праз 60. Так што ці варта гнацца за “сиюминутной” выгадай?

 – Каго хочаце ўспомніць добрым словам напярэдадні Дня работнікаў лесу?

– Найперш хачу адзначыць нашых ветэранаў, Заслужаных лесаводаў Міністэрства лясной гаспадаркі І. І. Віршыча, П. М. Балдоўскага, Ю. М. Мірона, павіншаваць з прысваеннем 2-га класа ляснічага Пяршайскага лясніцтва І. П. Лебядзевіча. Ганаровую грамату Міністэрства лясной гаспадаркі атрымае начальнік пажарнай станцыі лясгаса Ч. І. Бункевіч. Наогул, рупліўцаў і перадавікоў у нас хапае. Радуе і тое, што лясгасаўцы ствараюць дынастыі: Віршычаў, Рудовічаў, Крымоўскіх.

 – А самі Вы як вызначыліся з прафесіяй?

– Таксама патомны лесавод. Бацька працаваў у Акадэміі навук, у Інстытуце эксперыментальнай батанікі. Ён – тэарэтык, я – практык. І, здаецца, я выбраў цяжэйшую ношу…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий