Тут iх душа i тут iх думы…

Культура

 Героямі тэлебачання і глянцавых часопісаў неяк раптам сталі асобы папулярныя, модныя, багатыя, які, дзякуючы талентам і настойлівасці, падняліся на алімп. Імі захапляюцца, ім зайздросцяць… Тым жа, хто рэальна глядзіць на рэчы, лепш спасцігаць жыццёвую мудрасць у людзей простых, працавітых, шчырых…

Далёка і хадзіць не трэба. Так, у вёсцы Леснікі, што ўсяго ў дзесяці кіламетрах ад Валожына, жывуць Ірына Лявонцьеўна ЖАРКЕВІЧ і Франц Мар’янавіч МАРКОЎСКІ. Яны не карэнныя жыхары. Дваццаць гадоў назад, калі яшчэ працавалі ў сельгаспрадпрыемстве, ім тут выдзелілі дом з гаспадарчымі пабудовамі і ўчасткам. Праўда, тады хату можна было з хлявом пераблытаць, а надзел у бур’янах больш нагадваў лясны зараснік. І толькі дзякуючыя нястомным рукам новых гаспадароў сядзіба набыла рэспектабельны і эстэтычны выгляд.

Паралельна з добраўпарадкаваннем Ірыне Лявонцьеўне і Францу Мар’янавічу даводзілася і пра больш важнае дбаць – ставіць на ногі чацвярых дзяцей. Для гэтага старанна завіхаліся каля вялікай прыватнай гаспадаркі, не мелі нараканняў і як працаўнікі-жывёлаводы КСУП «Сугвазды-агра». І толькі на адну рэч у штодзённых турботах і клопатах ім так і не хапіла часу – аформіць шлюб. Зараз гэты факт у сям’і выклікае хіба што нязлосныя жарты і кпіны. Ды адсутнасць штампа ў пашпарце нікога не хвалюе і не перашкаджае радавацца жыццю.

У гэтай пары кожны ў свой час адгуляў вяселле, меў шлюб. Але лёсам было наканавана абаім рана аўдавець. Дзве дачкі гадавала Ірыны Лявонцьеўна, двух сыноў – Франц Мар’янавіч. Пра такіх кажуць “сышліся”. Яны і праўда сышліся, як дзве палавінкі аднаго цэлага. У яго – “лёгкая” рука на вырошчванне ўсялякага насення і саджанцаў. Нават экзатычныя пальмы і цеплалюбівыя абрыкосы растуць і плоданосяць. У яе – любая жыўнасць вядзецца. Яны аднолькава адданыя вясковаму ўкладу, цэняць непаўторную прыгажосць прыроды і ўмеюць ёй радавацца. Ірына Лявонцьеўна прызнаецца, што ранішнія салаўіныя спевы бадзёраць яе лепш, чым кава: “Чую іх трэлі і адчуваю, што жыву! Хочацца ўсміхнуцца ўзыходзячаму сонейку. У такім настроі і распачынаю рабочы дзень”.

Сядзець склаўшы рукі ёй не даводзіцца. У чародках курэй, гусей і качак рэдка бывае менш за сотню асобін. Сёлета яшчэ і трусоў развялі. Ёсць дзве козачкі, якія забяспечваюць малаком гаспадароў і траіх катоў. Нягледзячы на вялікую колькасць махнатых і перапончатых лап, капытоў і кіпцюроў, на падворку чыста, зелянее маладая траўка, цвітуць кветкі, растуць маладыя дрэўцы. Гаспадарчыя пабудовы дагледжаныя, і на ўсім ляжыць пячатка дбайнасці і працавітасці. У доме падведзена вада, ёсць паравое ацяпленне, унутраны інтэр’ер сучасны, не ўступае гарадскім кватэрам. Хаця ўзгадваць горад тут не зусім дарэчы. Чаму абавязкова вёсцы трэба на яго раўняцца? Сельскі быт быў, ёсць і будзе іншым, са сваімі магчымасцямі і непаўторнасцямі, палюбіўшы якія можна не толькі наталяць эстэтычную смагу, але і забяспечваць сябе матэрыяльна.

Ірына Лявонцьеўна і Франц Мар’янавіч у гэтым перакананы. Кожную раніцу яны падымаюцца да ўсходу сонца, кладуцца зацемна, але затое хвіліну-другую сярод клопатаў і работы абавязкова выдзяляць, каб пасядзець і палюбавацца наваколлем, паслухаць спеў птушак. А ў добрым настроі і дзень заўтрашні спланаваць…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий