У Валожынскім краязнаўчым музеі разгорнута выстава карцін беларускіх мастакоў “На жыццёвых сцяжынах”.
На ёй прадстаўлены работы Андрэя Лычкоўскага, Хведара Ладуцькі, прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Яўгена Шунейкі, а таксама нашага земляка Уладзіміра Сайко. Не апошняе месца на выставе займае і карціна зусім юнага Уладзіслава Шуцько – вучня Уладзіміра Сайко.
Гэтыя мастакі ўваходзяць у суполку “Абуджэнне”, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя гістарычнай спадчыны, культуры і мастацтва. Усе яны прысутнічалі на адкрыцці.
Першымі наведвальнікамі выставы сталі вучні СШ № 1 г. Валожына. Падчас гэтага мерапрыемства адбыўся цікавы дыялог на тэму сучаснага мастацтва і яго ролі ў жыцці грамадства. Мастакі перадалі ў дар музею восем карцін з выявамі Валожына і яго наваколля.
Затым маршрут майстроў жывапісу быў накіраваны ў в. Багданава, да месца, дзе ў свой час знаходзілася сядзіба мастака Фердынанда Рушчыца.
Маляўнічыя краявіды багданаўскай зямлі натхнілі паслядоўнікаў славутага мастака да стварэнне новых твораў, якія былі падараваны музею. У выніку фонды музея папоўніліся сямнаццаццю новымі карцінамі.
Наталля ЛОЎЧАЯ,
дырэктар раённага музея