Панаехалi ў Гародзькi

Культура

Надышоў час нагадваць гарадскім жыхарам пра іх карані. 3 кастрычніка ў эфіры “Беларусь 2” з’явіцца рэаліці-шоу “Панаехалі”, здымкі якога праходзяць на Валожыншчыне, на хутары ля вёскі Гародзькі.

На хутары пасялілі 10 маладых мінчан (да 27 гадоў), якіх здымаюць скрытымі камерамі. Аўтары праграмы “Панаехалі” зрабілі стаўку на людзей творчых: пачынаючую спявачку, танцоўшчыка, вядучага свят, харэографа і іншых каларытных персанажаў.

Моладзь закінулі на хутар, дзе жыве Васіль Грынь – у мінулым тураператар. Васіль кінуў свой замежны бізнес і купіў на рацэ Заходняя Бярэзіна сядзібу – дзве даваенныя хаты, у якіх цяпер і кватаруе вялікая каманда шоу “Панаехалі”.

Па аналогіі з расійскім праектам “Апошні герой” удзельнікі штодня падвяргаюцца рознага роду выпрабаванням і конкурсам. Напрыклад, для мужчын, якія ўдзельнічаюць у шоу, самым страшным выклікам стаў свінарнік, які давялося чысціць. Арганізатары з самага пачатку адабралі ва ўдзельнікаў гаджэты, мабільныя тэлефоны, а праз некалькі дзён прынеслі ў лагер лісты ад бацькоў, напісаныя шарыкавай ручкай на паперы. Вось тут на слёзы прабіла нават самых брутальных мачо з моднымі бародкамі.

Кожны вечар удзельнікі збіраюцца ля вогнішча, каб абмяняцца ўражаннямі і развітацца з найбольш слабым канкурэнтам. У фінале застануцца трое шчасліўчыкаў, і ў канцы лістапада, пасля 8-га выпуску шоу, хутчэй за ўсё, тэлегледачы самі выберуць самага крутога “панаехаўшага”. Цікава, што ўдзельнікі дагэтуль не ведаюць, які галоўны прыз іх чакае. Не раскрываюць тайну і арганізатары.

Матэрыял падрыхтаваны па інтэрнэт-звестках



Добавить комментарий