Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Філіял аўтапарк № 14 ААТ “Мінаблаўтатранс” за ўласныя сродкі набыў стэнд шынамантанжны для колаў грузавых аўтамабіляў “Цітаніум-1000”, выраблены ў Італіі. Каштуе навінка 120 мільёнаў рублёў.

Цалкам аўтаматызаваны шынамантажны стэнд дазваляе праводзіць тэхнічнае абслугоўванне розных відаў колаў грузавых аўтамабіляў, сельгастэхнікі і індустрыяльнага транспарту. Таксама ён прымяняецца для шын з раз’ёмным кальцом. На мінулым тыдні новае абсталяванне запрацавала, што відавочна аблегчыла фізічную нагрузку на слесараў. На сам працэс барціроўкі колаў затрачваецца значна менш часу.

 Па рашэнні Мінаблвыканкама да 1 снежня бягучага года ва ўсіх установах адукацыі павінны быць устаноўлены пандусы.

Для стварэння безбар’ернага асяроддзя ў гімназіі № 1 Валожына ў гэтым месяцы была зманціравана металічная зборная канструкцыя на ганку цэнтральнага ўваходу. Гэта навучальная ўстанова даволі часта запрашае ў госці выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цяпер ім будзе зручна падымацца на ганак. Аналагічныя канструкцыі пакуль што больш не плануецца ўстанаўліваць. Даўно абсталяваны пандусам ганак сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Пры рэканструкцыі ганкаў у летнія месяцы ў некаторых школах адначасова рабілі і пандусы. Гэта тычыцца Дорскай і Вішнеўскай СШ, не так даўно ён з’явіўся і ў Сівіцкай базавай школе. На чарзе – Ракаўская і Івянецкая школы.

 

 На мінулым тыдні Валожынская раённая бібліятэка святкавала свой юбілей. Менавіта да гэтай падзеі былі заказаны кубкі для чаю з маляўнічай фатаграфіяй цяперашняга будынку бібліятэкі і адпаведным надпісам “Валожынскай раённай бібліятэцы – 95”.

Запрошаныя на ўрачыстасць госці таксама прыйшлі не з пустымі рукамі. Калегі-культработнікі з РЦК падарылі цудоўнага Дамавіка, які будзе ствараць асаблівую атмасферу і ўтульнасць у храме кнігі. Ад аб’яднання прафсаюзных арганізацый быў атрыманы посуд, ад прафсаюза работнікаў культуры – электрачайнік і карціна, непасрэдна ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – настольнік і сурвэткі, ад ветэранаў бібліятэчнай справы – некалькі пакаёвых кветак, якія ўпрыгожылі зімовы сад на другім паверсе. Прыгожую вышываную карціну падарыў калектыў школы мастацтваў. Новыя кнігі свае і жонкі Людмілы Рублеўскай уручыў наш зямляк Віктар Шніп. Да юбілейнай даты напісала верш кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч. Практычна ўсе падарункі будуць вельмі дарэчы падчас розных мерапрыемстваў і пасяджэнняў гасцёўні за кубкам чаю ці кавы, якія часта ладзяцца тут.

 

 З першых дзён навучальнага года ў кінатэатры “Юнацтва” запрацавалі кіналекторыі, якія наведваюць вучні ўсіх трох навучальных устаноў райцэнтра. Графік правядзення кіналекторыяў зацверджаны аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Для вучняў 1-4 класаў – кіналекторый па ваенна-патрыятычным выхаванні, 5-8-х – па прафілактыцы курэння, 9-11-х – па сямейна-бытавых адносінах. Працуюць лекторыі экалагічнага напрамку, па прафілактыцы наркаманіі і іншыя. Для вучняў Івянецкай СШ кінапрагляды арганізаваны ў Доме культуры, у сельскіх школах кіналекторыі праводзяцца з дапамогай кінаперасоўкі.

 

 13 верасня ў праграме святкаванняў Дня Мінска быў праведзены Мінскі паўмарафон, у якім былі загаддзя зарэгістраваны 16.093 удзельнікі.

У той дзень легкаатлеты беглі дыстанцыі на 5 і 10 тысяч метраў. Але галоўнай была дыстанцыя 21 кіламетр 097 метраў, так званы паўмарафон. На старце ўсе ўдзельнікі атрымлівалі майку з лагатыпам паўмарафону, на фінішы (хто да яго дацягнуў) – медаль фінішора з указаннем дыстанцыі.

Прадстаўнік нашага раёна вядомы бягун Тадэвуш Жалток у сваёй узроставай групе (старэйшыя за 50 гадоў) заняў першае месца.

Трэнер па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна Анастасія Паталей таксама бегла паўмарафонскую дыстанцыю. У яе ўзроставай групе былі зарэгістраваны 2 тысячы мужчын і жанчын. Насця паказала 87-вынік – 2 гадзіны 12 хвілін 59 секунд.



Добавить комментарий