Напiсанае застаецца вечна…

Общество

15 верасня, у сваё прафесійнае свята, работнікі Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адзначылі 95-годдзе з дня стварэння.

На ўрачыстасць запрасілі ветэранаў працы, тых, хто калісьці ўзначальваў калектыў, цяперашніх работнікаў. Шаноўнымі гасцямі сталі і некаторыя жыхары Валожына, якія з’яўляюцца актыўнымі чытачамі. І, нягледзячы на тое, што за вокнамі было дажджліва і холадна, у самой бібліятэцы панавала цёплая сяброўская атмасфера. Напачатку сустрэчы дырэктар І. М. Зянько зрабілі экскурс у гісторыю, узгадала тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння і ўзначальваў калектыў, расказала пра змены, якія адбыліся ў апошнія гады, а таксама аб тым, што сёння можа прапанаваць бібліятэка сваім наведвальнікам. Ад імя кіраўніцтва раёна юбіляраў вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі В. М. Адамовіч, прызнанне і падзяку за працу выказалі старшыня Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын З М. Дубіна. Віншаванні са знамянальнай датай адрасавалі начальнікі структурных падраздзяленняў аддзела: дырэктары цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна А. І. Конаўка, Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў А. В. Язерскі, раённага краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч. Са сталіцы юбіляраў прыехаў павітаць ганаровы госць – наш зямляк, паэт і пісьменнік, лаўрэат шматлікіх прэмій, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.

З настальгіяй узгадалі гады сваёй працы былыя кіраўнікі і работнікі бібліятэкі – сёння яны ганарацца тым, што тут працавалі, што ім заўсёды рады і не забыліся запрасіць на ўрачыстасць. У кожнага з іх на памяць застанецца не толькі добры настрой ад юбілейнага мерапрыемства, але і памятны падарунак – кубак з надпісам: “Валожынскай раённай бібліятэцы – 95”.

Запамінальным і прыемным стаў той дзень і для заўсёднікаў бібліятэкі: падарункі і падзяку за адданасць атрымалі самыя актыўныя чытачы ў розных намінацыях. І варта адзначыць, што сярод тых, хто наведвае бібліятэку на працягу дзесяцігоддзяў, былі адзначаны і маладыя чытачы. Вельмі добра, што, нягледзячы на мноства камп’ютараў і электронных кніг, яны выбіраць друкаванае слова, бо, пагадзіцеся, ніякая тэхніка не заменіць той жывой энергіі, якая зыходзіць ад томіка вершаў ці прозы!

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий