На ёй прадстаўлены работы нашага земляка-валожынца Уладзіміра Сайко, Андрэя Лычкоўскага, Хведара Ладуцькі, прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Яўгена Шунейкі. Сярод карцін вядомых мастакоў пачэснае месца займае карціна зусім юнага, але таленавітага Уладзіслава Шуцько – вучня У. Сайко. Гэтыя мастакі ўваходзяць у суполку “Абуджэнне”, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя гістарычнай спадчыны, культуры і мастацтва.
Адкрыццё выставы было прымеркавана да Дня ведаў, таму першымі наведвальнікамі яе сталі вучні СШ № 1 г. Валожына. Падчас гэтага мерапрыемства адбыўся цікавы дыялог на тэму сучаснага мастацтва і яго ролі ў жыцці грамадства. У дар музею было перададзена восем карцін, на якіх адлюстраваны выявы Валожына і яго наваколля.
Мастакі пабывалі і ў Багданаве, на былой сядзібе мастака Ф. Рушчыца. Маляўнічыя краявіды багданаўскай зямлі натхнілі іх на стварэнне новых твораў, якія былі падораны музею. У выніку фонды музея папоўніліся сямнаццацю новымі карцінамі.
Наталля Лоўчая, дырэктар раённага музея