Успаміны трывожаць сэрца

Культура

 Мне было дзевяць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. 22 чэрвеня 1941 года скончылася часіна радаснага дзяцінства.

 Дзіцячая памяць надзіва ўчэпістая, ды і былыя расказы бацькоў дазваляюць аднавіць карціну тых страшных дзён. Каб выказаць свае пачуцці, дасылаю вам успаміны, якія да гэтай пары трывожаць сэрца.

 Субота 21 чэрвеня 1941 года, прыгожы сонечны дзень. Лёг спаць у вельмі добрым настроі, бо маці вярнулася са школьнага бацькоўскага сходу, дзе мне далі Пахвальную грамату за выдатную вучобу. Было пярэдадне майго Дня нараджэння.

Раніцай прачнуўся ад перапалоху: гулі самалёты, чулася кулямётная страляніна. Выскачыўшы з хаты, убачыў устрывожаныя твары бацькоў і суседзяў. Ніхто не ведаў, не мог растлумачыць, што адбываецца. А над нашай хатай і вёскай Юкавічы, што размешчана каля самай чыгункі Маладзечна–Ліда, праляталі самалёты са свастыкай на крылах. З неба данесліся гучныя стрэлы. Хутка стала вядома, што самалёты – нямецкія. Так для нас пачалася вайна, а бесклапотнае дзяцінства скончылася.

27 чэрвеня ў мястэчку Вішнева з’явіліся немцы. Хутка яны прыбылі і ў нашу вёску Юкавічы. Неўзабаве быў створаны паліцэйскі ўчастак: знайшліся здраднікі сярод мясцовага насельніцтва. Пачаліся расправы над мірнымі жыхарамі.

У нядзелю маці з плачам вярнулася з Вішнева, куды хадзіла ў царкву. З вялікім сардэчным жалем расказала, што забілі Сухалета з вёскі Зафінова, паліцэйскія ў яўрэйскай хаце забілі Міхаіла Круцька, а Сяргея Казака прымусілі выкапаць магілу, і тут жа ён быў расстраляны.

 У вёсцы Клімы ноччу быў арыштаваны мой дзядзька Міхаіл Міхайлавіч Жаркевіч. Ён перанёс страшныя пакуты, а затым быў расстраляны. Месца пахавання яго да сённяшняга часу невядома. Яго жонка, Алена Сямёнаўна, загінула ў нямецкім канцлагеры. Да гэтага часу ніхто не ведае і пра лёс іх сына.

Расправа над гэтай сям’ёй адбылася па даносе здраднікаў. Дзядзька ў 1939-41 гадах быў выбраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх пытаннях мясцовага жыцця, а яго жонка загадвала пачатковай школай у вёсцы Клімы.

Балючыя ўспаміны засталіся і пра іншых мясцовых актывістаў. На ўскрайку вёскі Сіняя Гара, непадалёк ад нашай вёскі Юкавічы, у ліпені 1941-га каля чыгункі былі па-зверску забіты дэпутат сельскага Савета Антон Мацвеевіч Каранік, а таксама Геранім Адамавіч Матус і Антон Антонавіч Юровіць.

Пад акупацыяй адразу былі развешаны запалохваючыя аб’явы тыпу “Хто схавае яўрэя альбо дасць яму хлеба ці вопратку – расстрэл”, камсамольцы, камуністы і тыя, хто хаваў і не выдаваў чырвонаармейцаў або міліцыянераў, таксама павінны былі быць расстраляны. Паліцыя арыштоўвала тых, хто, як яна лічыла, не спачувае нямецкім уладам.

Мой бацька Іван Канстанцінавіч – пажылы ўжо тады чалавек – не трапіў на фронт, застаўся дома. Немцы прымушалі яго выконваць розныя работы на чыгунцы: напрыклад, выразаць вакол яе кустоўе. Бацьку часта даводзілася бываць у Маладзечне. Ён заўсёды расказваў пра жахлівае становішча тамашніх ваеннапалонных. Як цягнуліся іх рукі за кавалачкам хлеба! Падмацунак патрэбна было даваць так, каб не заўважылі вартавыя.

Хутка палонныя, якія ўцякалі з варожай няволі, пачалі з’яўляцца ў нашай вёсцы. Адзін з іх жыў і ў нашай сям’і. Потым, калі даведаўся пра партызан, далучыўся да іх.

Партызанскі рух у Налібоцкай пушчы толькі пачынаўся. З вясковых ніхто не ішоў у лясы: баяліся за жыццё сваіх сем’яў.

 У Юкавічы пастаянна наведваліся немцы. Адной раніцай у нашу хату ўварваліся двое радавых і тоўсты мардаты нямецкі афіцэр. З аўтаматамі наперавес яны сталі крычаць, каб маці прынесла сала, масла і яйкі. А на ўзгорку двара салдат паставіў кулямёт і накіраваў дула ў бок сасновай гары і кустоў вольхі, якія густа раслі вакол рачулкі, што працякае праз усю вёску.

Паўмёртвая ад страху, мама вынесла, што магла: місачку з маслам, некалькі яек, кавалачак жоўтага сала, кошык бульбы, вядро аўса.

Раптам афіцэр нешта грозна “загергетаў”. Сусед, які крыху ведаў па-нямецку, растлумачыў, што яны хочуць, каб хто-небудзь з нас дапамог несці назбіраныя яйкі ў нямецкі бункер, дзе іх салдаты хаваліся ад партызан. Бункер размяшчаўся на ўзгорку каля чыгункі, у кіламетры ад вёскі Мількаўшчына. Адправілі мяне, хлапчука.

Салдаты ішлі з аўтаматамі наперадзе. Я з торбаю прадуктаў – за імі. Афіцэр крочыў за намі.

Па кругавой сцяжынцы глыбокай падземнай ямы мяне прывялі ў багата абстаўлены пакой, дзе ўкрываліся нямецкія вайскоўцы. Мне далі шакаладку, і ў добрым настроі я вярнуўся дадому.

 У 1942 годзе ноччу карнікі акружылі яўрэйскае гета ў Вішневе. На світанку ўсіх жыхароў сагналі ў хату на вуліцы Крэўскай. Аблілі бензінам і падпалілі. Ніхто не мог уратавацца: немцы акружылі хату і кулямётнымі стрэламі забівалі ўсіх, хто рабіў спробу ўцячы.

Першымі на расстрэл павялі ўрача Падзельвера, яго жонку-акушэрку і прыгожую дачку. Вяскоўцы моцна перажывалі за доктара. Ён быў вельмі дабрадушны чалавек. Мяне, хлапчука, вылечыў ад запалення лёгкіх. Мая маці бачыла сваімі вачыма, як бегла прыгожая яўрэйская дзяўчынка гадоў пяці, і паліцэйскі выстраліў па ёй раз, другі, і яна ўпала.

Спачатку яўрэяў чалавек 20-30 гналі на расстрэл пад вартай. Затым вазілі на машынах. Да вечара ўсіх расстралялі. Дым пасля той жудаснай трагедыі разносіўся па наваколлі цэлы тыдзень…

 Успамінаецца сонечны чэрвеньскі дзень. Вечарэла. Нямецкіх салдат у вёсцы не было. Раптам каля нашай хаты ўспыхнула ракета, ярка асвяціўшы пакоі. Пачуліся стрэлы. Мы выбеглі на падворак і ўбачылі, што да нашага дома хутка накіроўваюцца з аўтаматамі нямецкія салдаты і крычаць: “Дзе партызаны?”. Раз’юшаныя, яны перавярнулі ўсё, абгледзелі будынкі. Партызанскіх падрыўнікоў так і не знайшлі. Пабеглі ў двары суседзяў. А ў гэты час з аддаленай прыбіральні за адрынай выскачылі з аўтаматамі трое партызан і схаваліся ў жыце. Праз некаторы час стала вядома, што яны падарвалі варожы цягнік, які накіроўваўся з Ліды ў Маладзечна. А ўзарваўся ён якраз насупраць нашай вёскі.

 Мы, дзеці, забываліся пра свае гульні, пакідалі цацкі, рэдка смяяліся, рабіліся не па гадах сур’ёзнымі і цалкам жылі праблемамі і перажываннямі дарослых.

У пачатку чэрвеня 1944-га года на ўсходзе пачынала ўсё мацней грукатаць. Ноччу там успыхвала і доўга не патухала зарыва. Гэта набліжаўся фронт. Немцы пакінулі бункер-сховішча. Адзін за адным у напрамку Ліды ішлі нямецкія цягнікі, перапоўненыя невядомымі людзьмі і нямецкімі салдатамі. Хутка мы ўбачылі першых савецкіх разведчыкаў. Неўзабаве за імі пацягнуліся і савецкія войскі. Так вызвалялася наша краіна і вярталася мірнае жыццё.

Лявонцій ЖАРКЕВІЧ,

жыхар вёскі Подберазь



Добавить комментарий