Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 З 20 верасня 9 вучняў Сівіцкай базавай школы спалучаюць вучэбны працэс з разнастайнымі працэдурамі ў дзіцячым рэспубліканскім аздараўленчым цэнтры “Ждановічы”.

У кастрычніку, лістападзе і снежні яшчэ 81 хлопчык і дзяўчынка з розных школ раёна, якія пражываюць у чарнобыльскай зоне, выедуць на аздараўленне ў ДРАЦ “Надзея”, што ў Вілейскім раёне.

 

 На III абласное свята-конкурс фальклорнага мастацтва “Таночак” у Брэсцкую вобласць у якасці ганаровых гасцей быў запрошаны Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.

Свята праходзіла ў мінулую нядзелю ў музейным комплексе вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна. Быў паказаны тэатралізаваны мясцовы абрад вяселля. Сваю лепту ў праграму ўнеслі і нашы землякі. У яго рамках адначасова ладзіўся конкурс дзіцячых фальклорных калектываў, на якім з задавальненнем папрысутнічалі ракаўчане. Дадому яны вярнуліся з вялікім караваем і Ганаровай граматай ад арганізатараў свята “За адраджэнне, захаванне і папулярызацыю традыцыйнай культуры”.

 

 У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне ўдзельнікаў абласнога конкурсу “І страфой, і тактам”, аб’яўленага народным клубам кампазітараў і паэтаў “Жывіца”. У конкурсе прымалі ўдзел работы васьмі членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК.

Трэцяе месца ў конкурсе паэтычных твораў заняў жыхар вёскі Монькі Ракаўскага сельсавета Аляксандр Грынкін (вершы «Капли кропят плечи…”, “Семя”, “Бабушка”). Яму быў уручаны Дыплом Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Грамату за высокі паэтычны ўзровень і раскрыццё тэмы твора атрымала жыхарка Валожына Галіна Марцінкевіч (вершы “Прыемнае суседства”, “Музыка жизни”, “Очарование весны”). Граматай быў адзначаны ўдзел у конкурсе выкладчыка музыкі і спеваў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната Дзмітрыя Краскоўскага. Ніводны раён не быў прадстаўлены так шырока і рознабакова, як наш, што і адзначылі арганізатары.

 

 Ліга аматарскага дзіцячага футбола правяла першыя ў сезоне спаборніцтвы Гран-пры “Залатая восень-2015”. Лепшую футбольную каманду вызначалі з чатырох у дзвюх узроставых групах. У старэйшай падгрупе выступалі дзве каманды з Мінска, валожынцы і футбалісты з Чашнікаў Віцебскай вобласці. У малодшай – валожынцы, каманды Чашнікаў, Мінска і Заслаўя.

Сярод юнакоў 1999-2000 гадоў нараджэння нашы юныя футбалісты былі лепшымі. У камандзе іграюць пяць гімназістаў і пяць вучняў СШ № 2. Прывёў іх да перамогі трэнер Андрэй Пракаповіч. Капітан каманды Мікалай Кавяза атрымаў памятны кубак як лепшы ігрок турніра. Малодшая каманда, сфарміраваная з хлопчыкаў 2005-2006 гадоў нараджэння (10 гімназістаў і два вучні СШ № 1), заняла другое месца. Трэніруе іх Аляксандр Кавяза.

 

 Івянецкі музей традыцыйнай культуры атрымаў у дар ад жыхаркі вёскі Госціна Старадарожскага раёна Алены Васільеўны Шэшка 17 тканых і вышываных вырабаў і 3 фотаздымкі майстрыхі ў розныя гады.

Асабліва ўражваюць посцілка чорнага колеру, вытканая на кроснах спосабам закладнога ткацтва, адным з самых складаных, ручнік, які ўпрыгожваюць карункі, звязаныя кручком. Вышывала майстрыха гладдзю, усе ўзоры і кветкі на навалочках, посцілках і ручніках прадуманы да дробязяў.

 

 19 верасня ў 20.47 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС патэлефанавала жыхарка вёскі Бакачы Ракаўскага сельсавета, якая паведаміла, што гарыць жылы дом па вуліцы Маладзёжнай, 22. Калі супрацоўнікі аварыйна-выратавальнага паста вёскі Пугачы прыбылі на месца, то жылы драўляны дом гарэў адкрытым полымем.

Відавочцы расказалі, што паміж гаспадаром дома і яго сужыцелькай напярэдадні адбылася сварка, і мужчына 1954 года нараджэння спрабаваў падпаліць дом. Аднак сужыцельцы ўдалося лакалізаваць ачаг. Хутчэй за ўсё, бліжэй да вечара, мужчына паўтарыў спробу. На момант пажару яго ў нецвярозым стане выявілі ў хляве, дзе ён падрыхтаваў сабе начлег. Ад будынка засталіся толькі сцены. Асноўная версія вогненнага здарэння – падпал.



Добавить комментарий