Агляд падзей у раённай газеце за верасень 1970 года

Культура

КАМСАМОЛЬЦЫ НА ЖНIВЕ

 У пачатку жніва райком камсамола абвясціў умовы спаборніцтва за званне “Лепшы камсамольска-маладзёжны экіпаж раёна”. У яго ўключыліся сотні маладых працаўнікоў калгасаў і саўгасаў. Было сфарміравана 39 камсамольска-маладзёжных экіпажаў.

У выніку самых высокіх паказчыкаў дабіўся экіпаж Пятра Гурскага з саўгаса “Падбярэззе”. Ён убраў збожжа са 145 гектараў і намалаціў 220 тон хлеба. Экіпаж-пераможца ўдастоены права насіць ганаровае званне “Імя 50-годдзя ЛКСМБ”. Другое месца прысуджана экіпажу Міхаіла Карніцкага і Доната Чупрыса з саўгаса “Радзіма”, трэцяе – экіпажу Міхаіла Станкевіча і Васіля Адамейкі з калгаса “Краіна Саветаў”.

Адзначана старанная праца камсамольцаў-камбайнераў Юрыя Дзеніса з саўгаса імя Маякоўскага, Мар’яна Рынкевіча з калгаса імя Гастэлы і іншых.

 

СЛАВА ЗНАЙШЛА ЯГО

 Смачна спіцца раніцаю. Але Іосіфу ўжо не да сну. Хлопец бадзёра крочыць па роснай траве, поўнымі грудзьмі ўдыхае паветра і радуецца новаму працоўнаму дню.

Бы на крылах жаўрукоў праляцела яго дзяцінства. Калісь гэтай самай дарогай бегаў у школу. Тут упершыню задумаўся аб будучым: кім быць, куды пайсці працаваць пасля васьмігодкі? Мо ў горад падацца? Але ж як выкінуць з сэрца родныя краявіды, забыць усё тое, што дорага з маленства?

Пытанне вырашылася само сабой, як толькі юнак даведаўся, што ў калгасе імя Куйбышава адкрываюцца курсы механізатараў. Вучыўся старанна. Паспяхова закончыў курсы, ступіў на нялёгкі шлях земляроба.

Працавіты хлопец не цураўся любой работы. Араў, сеяў, падвозіў корм да жывёлагадоўчай фермы, не лічыўся з часам. Не раз працаваў ноччу, калі фары трактара, быццам два месяцы, разрывалі цемру і асвятлялі шлях.

У калгасе даўно прыкмецілі руплівага хлопца, яго любоў да зямлі. Камсамолец Іосіф Маргоўка неаднаразова атрымліваў прэміі. А сёлета, напярэдадні 100-гадовага юбілею з дня нараджэння У. І. Леніна, яго ўзнагародзілі юбілейным медалём і Ганаровай граматай абкома камсамола. У свае 22 гады І. Маргоўка здабыў славу. Зайздросную, добрую працоўную славу.

 

ЗА БЕЗГАСПАДАРЧАСЦЬ – ДА АДКАЗНАСЦI

У калгасе “1 Мая” недаравальна зацягнулі ўборку ўраджаю, дапусцілі страты збожжа, чым гаспадарцы нанесены значны ўрон.

Горш таго, аформілі акты на спісанне 100 гектараў ячменю, быццам бы непаспеўшага і непрыгоднага для ўборкі. Фактычна ж, як высветлілася ў працэсе праверкі, гэтыя пасевы былі ўбраны на зерне.

На некаторых участках збожжа ўбіралася няякасна. Камбайны не былі прыстасаваны для ўборкі палеглай збажыны. На 15-гектарнай плошчы страты ячменю дасягнулі 5 цэнтнераў на кожным гектары.

Не наладжаны тут і ўлік намалочанага зерня. Ад камбайнаў да зернясклада збожжа дастаўлялася без дакументаў. З перабоямі працавала сушылка, зерне псавалася. За дапушчаную безгаспадарчасць і нанесены матэрыяльны ўрон на старшыню калгаса і брыгадзіра зроблены грашовы налік.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Упершыню калектыў Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі рыхтуе партыю вырабаў для адпраўкі ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку па заказе сяброў з братняй краіны. Сярод абраных узораў прадукцыі керамічныя куфлі для піва, кубкі для чаю, прыбор для мёду, вазачкі для марожанага.

З пачаткам новага навучальнага года ў раёне за парты селі 13 587 рабят, у тым ліку 1 256 першакласнікаў. У школах раёна будуць працаваць 989 настаўнікаў.

 За апошнія чатыры гады ў Валожыне пабудаваны дзевяноста тры жылыя дамы з карыснай плошчай каля чатырнаццаці тысяч квадратных метраў. Цяпер у горадзе налічваецца 1200 жылых дамоў агульнай плошчай 45300 квадратных метраў.

Больш за 12 тон лекавай сыравіны адправіла спажыўцам нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Днямі Яўгенія Адамаўна Пашчанка з вёскі Сакаўшчына здала на прыёмны пункт амаль паўпуда сушанай піжмы. А ўсяго за сезон яна нарыхтавала амаль цэнтнер лекавых раслін.

 У Валожыне вядуцца разведачныя работы для праектавання льноапрацоўчага завода. Будаўніцтва новага прадпрыемства намечана пачаць у 1972-м і завяршыць у 1974 годзе.

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Новы тыпавы будынак сярэдняй школы на 640 месцаў узводзіцца ў вёсцы Ракаў. На дапамогу будаўнікам перасоўнай механізаванай калоны № 64 прыехалі студэнты Мінскага політэхнічнага інстытута.

 Каля 3 тон дызельнага паліва зэканоміў з пачатку года звеннявы механізаванага звяна па вырошчванні прапашных культур саўгаса “Падбярэззе” Іосіф Геранімавіч Дасіневіч. Абавязацельства сваё ён перавыканаў напалавіну.

 На Івянецкім кансервавым заводзе выпрацоўка выдатная. Дзевяць тысяч умоўных слоікаў за змену! Рытм канвеера вызначае ўдарная праца. Нават ветэранам вытворчасці не ўступае ў майстэрстве і спрыце Марыя Семянік. Дакладна і хутка выконваюць свае аперацыі Юзэфа Ахрэм, Галіна Зяленская, Галіна Семянік. Нельга не залюбавацца работай брыгадзіра, ударніка камуністычнай працы камсамолкі Яніны Аляшэвіч.

 Васямнаццаць тон грыбоў нарыхтавана Валожынскай нарыхтоўчай канторай. Шэсць тон гэтай прадукцыі адгружана Маладзечанскаму плодакансерваваму камбінату. Тры тоны адпраўлены на Івянецкі кансервавы завод.

 Каля 30 назваў вырабаў, распрацаваных майстрамі з Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі, зацверджаны Упраўленнем мастацкай прамысловасці рэспублікі для адпраўкі на сусветную выставу “ЭКСПА-70” у Японію. Сярод іх арыгінальныя сувеніры, выкананыя ў беларускім нацыянальным стылі, прыгожы керамічны посуд.

 

СЕЮЦЬ ХУТКА I ЯКАСНА

 Аграном саўгаса “Ракаўскі” А. Глухоўскі паведамляе ў рэдакцыю газеты:

“Да 15 верасня абавязаліся закончыць сяўбу азімых культур нашы хлебаробы і стрымліваюць сваё слова. Першымі справіліся з гэтай адказнай работай члены брыгады “Ракаў”, якую ўзначальвае Павел Міхайлавіч Лемяшонак. Арганізавана працуюць і ў астатніх брыгадах.

На працягу ўсяго светлавога дня на сяўбе заняты чатыры сеялкі. Руплівасцю вызначаюцца экіпажы Аляксандра Сідаровіча і Генадзя Малажавага. Яны не дапускаюць парушэння правілаў агратэхнікі, строга прытрымліваюцца ўстаноўленых норм высеву, сеюць хутка і якасна. Аснова будучаму ўраджаю закладваецца трывалая”.

 

УЗОРНА

 “Узорна выконвае свае абавязкі ляснік Рыгор Фёдаравіч ШАКУН.

Дзесяць год пільна стаіць ён на варце ляснога багацця. Абход № 4, які ён даглядае, раскінуўся амаль на чатырохсотгектарнай плошчы. Падтрымліваецца ён ва ўзорным стане. Няма самавольных парубак. Выключаны выпадкі браканьерства. Пільнае вока лесніка бачыць усё, ён не дапусціць нават самага дробнага парушэння парадку, які заведзены ў абходзе.

За добрасумленную працу, высокія вытворчыя паказчыкі ў рабоце Рыгору Фёдаравічу Шакуну прысвоена высокае званне ўдарніка камуністычнай працы”, – такія цёплыя словы пра свайго калегу даслаў у “Працоўную славу” памочнік ляснічага Барсукоўскага лясніцтва А. Зялкоўскі.

 

Раённая камсамольская арганізацыя аб’ядноўвае больш як 4,5 тысячы юнакоў і дзяўчат. Трактарыст калгаса імя Чапаева Аляксандр Казакевіч за восем месяцаў мае на сваім рахунку 702 гектары ўмоўнага ворыва пры гадавым заданні 500. Ён зэканоміў 3280 кілаграмаў паліва і змазачных матэрыялаў і на 52 рублі запасных частак. Вышывальшчыца Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі Валянціна Южык штомесячна выконвае вытворчае заданне на 117-120 працэнтаў пры выдатнай якасці выпускаемай прадукцыі.

 Земляробы калгаса імя Чапаева ў бягучым, апошнім годзе пяцігодкі, атрымалі самы высокі за ўсю гісторыю калгаса ўраджай збожжа – 22,7 цэнтнера з гектара. Найбольш перспектыўнай культурай з’яўляецца ячмень. Яго атрымалі па 37,3 цэнтнера. Добра родзіць лён – 5 цэнтнераў семя і да 9 цэнтнераў валакна з гектара. Бульбы ў калгасе атрымліваюць па 250, а на асобных плошчах да 300 цэнтнераў.

 Рацыяналізатары Івянецкага прамкамбіната ўносяць вялікі ўклад у павелічэнне ленінскага фонду эканоміі. Каштоўную прапанову ўнеслі Часлаў Іосіфавіч Рудовіч, Станіслаў Вікенцьевіч Петрашкевіч. Яны распрацавалі форму для штампоўкі ганчарнага посуду, што дазволіла намнога павысіць прадукцыйнасць працы. За першае паўгоддзе на прадпрыемстве ўкаранёна пяць прапаноў. Эканамічны эфект іх склаў 1800 рублёў.

У калгасе “Рассвет” працуе даяркай Станіслава Новік. За восем месяцаў ад кожнай каровы сваёй групы яна надаіла каля двух тысяч кілаграмаў малака. У асенні перыяд надоі не зніжаюцца. У сярэднім ад каровы яна атрымлівае па восем з палавінай кілаграмаў малака ў дзень.

 

ВЫТОКI НЕДАХОПАЎ

 Наўрад ці будзе хто аспрэчваць той відавочны факт, што на харчовых прадпрыемствах горада санітарнае становішча дрэннае.

У прыватнасці, сталовая № 1, што непадалёку ад аўтастанцыі. Унутраны выгляд памяшкання – малюнак зусім непрывабны. Аброслая брудам падлога, паламаныя сталы. Страва падаецца ў брудным посудзе, таму што правілы мыцця яе не захоўваюцца. А што гаварыць пра якасць прыгатавання страў, калі ў складскім памяшканні выявілі сапсаваныя прадукты. Так, напрыклад, з гнілых памідораў у сталовай умудраюцца варыць расольнік…

Бяда ў тым, што асобныя работнікі спажывецкай кааперацыі слаба рэагуюць на шматлікія заўвагі. Не сакрэт, валожынская каўбаса не карыстаецца попытам у насельніцтва раёна. Выток недахопаў тут тоіцца ў нежаданні выконваць патрабаванні санітарнай службы. Напрыклад, у дзень праверкі выявілі такі факт: частку мяса, якую трэба было падвергнуць бактэрыялагічнаму абследаванню, памясцілі ў цэх для выспявання. Адтуль бы яно пайшло на выраб каўбас. Пакрытае плесняй, пачало псавацца дзве тоны семдзесят чатыры кілаграмы мяса.

Нярэдка за прылаўкам можна бачыць прадаўца без халата. Далёкія ад ідэальнай чысціні кандытарскі цэх, рэстаран. Складскія памяшканні, тэрыторыя вакол прадпрыемстваў грамадскага харчавання засмечаны. Грамадскасці горада неабходна ўсімі сродкамі садзейнічаць выкараненню недахопаў, уключыцца ў настойлівую барацьбу за санітарную культуру.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий