Вернападданыя яе вялiкасцi кнiгi

Культура

 Гісторыю робяць людзі. 95-гадовую гісторыю Валожынскай цэнтральнай бібліятэкі рабілі і робяць яе супрацоўнікі – сапраўдныя энтузіясты сваёй справы і кваліфікаваныя спецыялісты.

Асноўны перыяд станаўлення нашай бібліятэкі выпаў на пасляваенны час. Кніжны фонд ствараўся на дабравольныя ахвяраванні гараджан, затым “пайшло” дзяржаўнае фінансаванне. Цяга да ведаў, да кнігі была выключнай, а праца бібліятэкараў – патрэбнай і паважанай. Яны праводзілі літаратурныя вечары, арганізоўвалі кніжныя выставы, наведваліся літаральна ў кожны дом і на кожнае прадпрыемства.

Многіх, хто выхоўваў павагу і любоў да кнігі, сёння ўжо няма ў жывых, але мы, іх паслядоўнікі і калегі, заўсёды ўспамінаем пра іх з удзячнасцю.

Ураджэнка Магілёўскай вобласці Роза Іосіфаўна СЯМЯКІНА (на здымку) прыехала ў Валожын па размеркаванні адразу пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума 1-га жніўня 1949 года. Пачынала яна сваю працоўную біяграфію як бібліятэкар-масавік. А ўжо праз тры гады была пераведзена на пасаду загадчыцы Валожынскай гарадской бібліятэкі, якая размяшчалася тады на другім паверсе ў Доме культуры. Роза Іосіфаўна ўнесла вялікі ўклад у функцыянаванне бібліятэчнай справы раёна, працавала на розных участках. Асабліва запомнілася яна валожынцам як загадчыца чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі.

У 1973 годзе Роза Іосіфаўна ўзначаліла Валожынскую раённую дзіцячую бібліятэку. Яе маленькія чытачы выраслі, але праз усё жыццё пранеслі ў сэрцы любоў да друкаванага слова і цёплыя ўспаміны пра Р. І. Сямякіну, якая прывіла ім літаратурны густ і падарыла чароўны свет кнігі.

У 50-х гадах мінулага стагоддзя з Магілёўшчыны прыехала і Вольга Ягораўна Пруднікава. З 1969 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў аддзеле абслугоўвання чытачоў.

Вялікіх поспехаў на бібліятэчнай ніве дасягнула Марыя Сцяпанаўна Трыч. На пасадзе дырэктара Валожынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы яна была ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Шмат гадоў М. С. Трыч працавала ў сістэме адукацыі, выкладала ў школах бібліятэчную справу.

Усё працоўнае жыццё звязана з бібліятэкамі раёна і ў Рымы Іосіфаўны Макей. Валожыншчына стала для яе радзімай у 1962 годзе, калі юная выпускніца Мінскага педагагічнага інстытута, дыпламаваны спецыяліст па бібліятэказнаўству і бібліяграфіі стала спачатку загадчыцай Кіявецкай сельскай бібліятэкі, а потым — Мінцеўскай. У жніўні 1963 года Рыме Іосіфаўне ўжо даверылі кіраваць Валожынскай гарадской бібліятэкай. А з ліпеня 1968-га яна была пераведзена загадчыцай бібліятэкі ў воінскую часць, дзе адпрацавала 41 год.

Вольга ШЫКУЦЬ,

метадыст Валожынскай ЦРБ



Добавить комментарий