Актыўная жыццёвая пазiцыя маладой мацi

Закон и порядок

 Акрамя штодзённай работы, кожны чалавек выбірае сабе яшчэ і занятак ці захапленне па душы. Прычым занятак гэты здараецца зусім далёкім ад прафесіянальнай дзейнасці. Такі выбар амаль тры гады таму зрабіла і маладая жыхарка Валожына Настасся Валчок (Калітнік). Да дэкрэтнага водпуску яна працавала бухгалтарам у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А калі нарадзіла сыночка, прыйшла ў пошукава-выратавальны атрад “Анёл”, падраздзяленні якога створаны практычна ва ўсіх гарадах Беларусі.

Атрымалася так, што маладая жанчына ў Валожыне была першай, хто пажадаў удзельнічаць у высакародных справах гэтага атрада. Дакладней кажучы, свой атрад Насця стварала сама. Сёння яна лічыцца інфармацыйным адміністратарам у галоўным “штабе” “Анёла” і каардынатарам па Валожынскім раёне. Проста членаў, якія дапамагаюць адшукваць людзей, ставячы рэпосты і распаўсюджваючы арыенціроўкі ў сацыяльных сетках, налічваецца больш за паўтары тысячы. Актыўных, здольных па ўласнаму жаданню ў любы час сутак, года, любое надвор’е выязджаць на пошукі аб’яўленых у вышук людзей, каля 20-ці.

 

Апошнім адшукалі мужчыну-мінчаніна 1952 года нараджэння с псіхічнымі захворваннямі, які адзін прыехаў на дачу ў вёску Манькаўшчына і прапаў. Як выявілася, ён перастаў прымаць назначаныя медыкамі таблеткі і тым самым абвастрыў захворванне. Карацей кажучы, валанцёры-шукальнікі знайшлі яго на пятыя суткі пад кустом у лесе, але жывым. За непрацяглы час на рахунку валожынскіх “анёлаў” гэта быў трэці знойдзены чалавек.

“Я б пра гэту сваю грамадскую работу, якая ўжо стала ладам жыцця, значнай яго часткай, гаварыла да бясконцу, мне гэта вельмі цікава, — заўважыла падчас нашай размовы Настасся. — І вельмі шкадую, што сама, на жаль, пакуль што не прымала ўдзел у актыўных пошуках людзей, бо сынок малы і не магу яго пакінуць”. Але і такі, пасіўны, удзел у пошуках патрабуе ад каардынатара шмат сіл і часу. Самыя блізкія людзі разумеюць гэта і падтрымліваюць. Занятак, які выбрала, сведчыць пра добрае сэрца маладой жанчыны, яе неабыякавасць да чужой бяды.

Не так даўно ў Мінску ва Упраўленні ўнутраных спраў Мінаблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Барсукоў уручыў Настассі Валчок Падзячнае пісьмо “За дапамогу і ўзаемадзеянне ў вышуку без вестак прапаўшых асоб”. Дарэчы, за няпоўныя тры гады такой дзейнасці ў маладой маці на рахунку ўжо другая па ліку падзяка. Першую ўручалі ў лютым мінулага года ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий