Служыць роднай зямлі

Культура

 Не так даўно мне пашчасціла завітаць у госці да неардынарнай асобы – аддадзенага сваёй справе прафесіянала, прыгожай, таленавітай жанчыны, якая 51 год прысвяціла служэнню роднай зямлі ў самым прамым сэнсе гэтых слоў. Сёння госць нашай старонкі – жыхарка вёскі Даманоўшчына, галоўны аграном, выконваючая абавязкі дырэктара КСУП “Сугвазды-Агра” Ніна Іванаўна МАЦКЕВІЧ.

 – Ніна Іванаўна, калі размова ідзе аб дзелавой жанчыне, часцей за ўсё ўяўляецца вобраз падобнай да мужчыны кабеты з жорсткімі рысамі твару, бескампраміснымі суджэннямі і поўнай адсутнасцю асабістага жыцця. Вы ні ў якім разе не адпавядаеце такому апісанню.

– Жанчына я, безумоўна, дзелавая ў тым сэнсе, што ўсё жыццё займаюся справай, якая часам забірае мяне ўсю без астатка. Прыходзіцца прымаць адказныя рашэнні, шмат часу праводзіць поруч з мужчынамі, кантактаваць з людзьмі, якія займаюць адказныя, досыць высокія пасады, удзельнічаць у пасяджэннях. Канечне, усё гэта адбіваецца на характары. Вось я, напрыклад, з гадамі стала больш цвёрдай, магчыма, катэгарычнай. Але такой сабе больш падабаюся – раней была занадта памяркоўнай, крыўдзілася часта, плакала… Што тычыцца знешнасці, упэўнена, што жаноцкасць – галоўнае, што робіць нас, жанчын, моцнымі. У барацьбе за каханне, сям’ю, мацярынства, на маю думку, пераможа толькі тая маладзіца, якой уласцівы пяшчота, уменне стварыць утульнасць, быць прыгожай і памяркоўнай, трошкі хітраватай… Ну і тое, што шлях да мужчынскага сэрца пралягае праз яго страўнік, пакуль ніхто не адмяняў.

 – А як усё паспець? Дзе браць сілы? У сутках жа толькі 24 гадзіны.

– Тут галоўнае разабрацца з прыярытэтамі. Што для цябе важней? Хуткі рост кар’еры, якая зойме ўвесь час, але пры гэтым нідзе і ні ў чым не паспееш стаць сапраўдным спецыялістам, залішнія патрабаваніі да тых, хто побач, і, як вынік, – адзінота. Ці сціплая пасада, любімая справа, дружная сям’я, дзе цябе любяць, ганарацца табой і абавязкова падтрымаюць ў імкненні быць паспяховай і, разам з тым, дагледжанай. Я лічу, што ў свой час зрабіла правільны выбар – выбрала сям’ю. Хаця шлях да таго, што называюць асабістым шчасцем, быў няпростым, сёння магу назваць сябе шчаслівай жанчынай. Побач са мной муж. Менавіта ён – мой верны памочнік і апора. Думаю, дзякуючы гэтаму чалавеку маю не такі выгляд, як у намаляваным Вамі партрэце. А асноўнае наша з ім багацце – дзеці і ўнукі, якіх у нас шмат. Што тычыцца сутак… Ох, як часта мне хацелася іх падоўжыць хаця б на хвілінку. Асабліва ў час жніва, калі кожны дзень, кожная гадзіна вырашаюць многае.

 – Вам даводзіцца выконваць абавязкі кіраўніка гаспадаркі. Такую адказную справу рэдка давяраюць жанчыне.

– Я ніколі не імкнулася да высокіх пасад. Дарэчы, галоўным аграномам стала досыць позна. Усё жыццё паважаю жанчын, якіх можна назваць яркімі асобамі. Сама ж доўга заставалася шэрай мышкай. Думаю, што гэта нейкі час і ўладкаванню асабістага жыцця не спрыяла. Пазней вырашыла: хопіць хадзіць збедніўшыся, пара станавіцца чалавекам. Раю ўсім жанчынам, як мага раней рабіць такія высновы. А тое, што атрымалася замяняць кіраўніка – не больш, чым збег акалічнасцей.

 – Мне ж здаецца, менавіта Вашы дзелавыя якасці такім чынам ацаніла кіраўніцтва раёна.

– Спадзяюся, што так. Усё ж, я – спецыяліст нядрэнны. У бягучым годзе прыняла непасрэдны ўдзел у 46-й уборцы! За столькі гадоў сельская гаспадарка стала маім жыццём. Хоць па адукацыі аграном, штосьці разумею і ў жывёлагадоўлі, і з тэхнікай я не зусім на Вы. Шмат гадоў ваджу аўтамабіль, маю нават пасведчанне трактарыста. Самастойна асвоіла камп’ютар. Гэта патрэбна і для справаводства, і для павышэння сваёй кампетэнтнасці як спецыяліста. Сёння, на шчасце, не абавязкова бегчы ў бібліятэку, каб вывучыць навінкі, якія з’яўляюцца ў аграрнай навуцы. Інтэрнэт – добры памочнік. Для майго пакалення (старэйшыя людзі зразумеюць мяне) знаёмства з IT-тэхналогіямі – нешта накшталт подзвігу. Моладзь – іншая справа. Мае ўнукі, здаецца, нарадзіліся з веданнем усіх гэтых гаджэтаў.

 – Што тычыцца моладзі… Ні для каго не сакрэт, што ў сельгасвытворчасці праблема маладых перспектыўных кадраў стаіць даволі востра.

– Гэта, на жаль, так. Па сутнасці кадры, як кажуць, “вырашаюць усё”. На маю думку, справу прафесійнай агітацыі патрэбна паставіць так, каб душы дзетак з самых ранніх гадоў пранікаліся любоўю да Радзімы, да слова роднага, да зямлі, на якой нарадзіліся. А ўжо тонкасці прафесіі яны спазнаюць пазней, бо навучыць можна толькі таго, хто хоча навучыцца, а захоча толькі той, хто душой прырасце да зямлі і падзеліць клопат аб ёй з простымі, але такімі шчырымі працаўнікамі. Зямелька абавязкова аддзячыць.

 – Ніна Іванаўна, як Вы выбралі прафесію агранома, ці яна сама вас выбрала?

– Скажам так: гэта наш узаемны выбар. Пачалося ўсё з дзяцінства, якое прайшло ў сельскай мясцовасці на Маладзечыншчыне. Бацькі былі простымі калгаснікамі, таму мы, дзеці, з малых гадоў ведалі, што такое праца на зямлі. Маці рана навучыла мяне жаць, ірваць лён, палоць, садзіць і капаць бульбу. Тата, які пэўны час працаваў конюхам, прывіў мне любоў да коней. На конях тады ездзілі калгасныя спецыялісты. Як зараз бачу гэту карціну: хлебнае поле, ідзе ўборка, і конна да працаўнікоў спяшаецца той, хто ўсё арганізоўвае, – аграном. У маім разуменні гэта быў нейкі небажыхар, чалавек, які адказвае за такое багацце – ураджай! Вось так з малых гадоў у маёй галаве нарадзілася ідэя атрымаць менавіта гэту спецыяльнасць.

 – Магчыма, былі і альтэрнатыўныя варыянты?

– Адназначна – не! Ніякай альтэрнатывы не было. Я ніколі, як большасць дзяўчат, не марыла стаць артысткай, не цікавілі мяне медыцына, педагогіка і іншыя перспектыўныя прафесіі. Толькі навука аб апрацоўцы зямлі, вытворчасці сельскагаспадарчых культур, спосабах павышэння ўраджайнасці, паляпшэння якасці раслінаводчай прадукцыі цікавіла мяне. У школе мела добрыя поспехі ў вывучэнні ўсіх прадметаў, але на першым месцы заўсёды былі хімія, фізіка, біялогія, матэматыка. Гэтыя навукі даваліся мне лягчэй за іншыя. Да таго ж, у нашай школе быў свой участак, на якім працавала вытворчая брыгада. Мы займалі 1-е месца ў раёне і 3-е у вобласці. Я, будучы адным з яе кіраўнікоў, шмат чаму навучылася ў свайго настаўніка Сяргея Іосіфавіча Труса, які першым заўважыў маю цягу да сельгаснавукі і шчодра дзяліўся ведамі. Маё сачыненне на тэму “Будучая прафесія”, у якім я расказала аб мары стаць аграномам, нават удзельнічала ў конкурсе ў Мінску.

 – Вы скончылі Горацкую сельгасакадэмію. Паступіць і вучыцца было лёгка?

– З маім абітурыентствам звязаны некалькі казусаў, якія сёння ўсе, каму я аб іх расказваю, успрымаюць як небыліцы. А ў той час мне здавалася, што і людзі, і абставіны супраць мяне. Але жаданне вучыцца было такім вялікім, што ўсе перашкоды я паспяхова пераадолела, і студэнткай запаветнай навучальнай установы стала. Вучылася з асалодай таму, што хутка ўпэўнілася: мой выбар – правільны. Студэнцтва ўспамінаю са шчымлівай пяшчотай. Якімі мы ўсе былі маладымі, шчырымі, як умелі сябраваць, як цікава праводзілі час. Я вельмі любіла музыку і танцы, таму разам з сяброўкамі наведвала мерапрыемствы, дзе можна было паслухаць добрыя песні, пакружыць у вальсе. Часта бегалі ў кіно, бывалі на канцэртах заезджых артыстаў. Я ўвогуле ніколі не жыла сумна. І зараз люблю добрую кампанію, цікавых суразмоўцаў.

 – Я ведаю, Вы – прыхільніца народнай песні…

– З тым, як спявае народ, не зможа параўнацца ні адна з так званых “зорак”. Адно “жніво” чаго каштуе! Аж мароз па скуры ідзе, калі падчас зажынак над хлебным полем плыве працяглая, кранаючая самыя патаемныя струны душы, песня, якую спявалі яшчэ бабулі і прабабулі. На жаль, нашым часам аўтэнтычнае выкананне – вялікая рэдкасць, але ж сучасныя гурты народнай музыкі і спеваў мне таксама падабаюцца. Яшчэ люблю, як гучыць народны хор, асабліва пад акампанімент народнага аркестра. Янка Купала пісаў: “Не цурайцесь роднай песні ў шчасці і ў жалобе…” Як гэта мудра!

 – Акрамя музыкі, што яшчэ дае адпачынак Вашай душы?

– Захапляюся паэзіяй. Магчыма, чытачы палічаць мяне занадта ж апантанай, але ўсё ж скажу: паважаю добрыя вершы аб любові да роднага краю. Тут на першым месцы нашы беларускія і расійскія класікі. Са студэнцкіх гадоў я – вялікая паклонніца творчасці Міхаіла Ісакоўскага. Яго такія зразумелыя, без лішняй вычварнасці, радкі, сугучныя з маім адчуваннем роднай зямлі.

 – Думаю, жыхаркам Валожыншчыны будзе цікава даведацца, як у такой занятай жанчыны арганізаваны сямейныя адносіны, бытавыя ўмовы?

– Скажу так: усё трымаецца на разуменні, даверы і жаданні падтрымаць. Большасць хатніх клопатаў сёння на мужы, ён пенсіянер. Я ж часам, едучы дадому, амаль засынаю на хаду. Але нішто, ніякая стома не вызваляюць мяне ад сямейных абавязкаў. Умею і люблю гатаваць, толькі аддаюся кулінарнай справе, пачынаючы з восені і да вясны. Падчас пасяўной і жніва аб пагружэнні ў хатнюю гаспадарку прыходзіцца толькі марыць. За шмат гадоў мы прывыклі жыць пры любым графіку. Увогуле, мае рукі ніякай работы не баяцца. Маю слабасць – кветкаводства. Да таго ж, аграном я не толькі на службе. Праўда, і тут я больш кіраўнік, а непасрэдны выканаўца – дачка.

 – Якія думкі наведваюць Вас часцей за ўсё?

– Я люблю ўсю сваю радню і калі застаюся сама з сабой, малюся аб тым, каб усе яны былі здаровымі. Яшчэ люблю планаваць сямейныя сустрэчы. Бывае гэта не так часта, у асноўным на Каляды і Вялікдзень. Але падрыхтоўка мерапрыемстваў, на якія збіраюцца ўсе родныя, – для мяне асалода. Толькі ў коле мілых сэрцу людзей адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

 – Ваша пажаданне жыхарам Валожыншчыны.

– Шчыра жадаю не толькі валожынцам, а ўсім нашым суайчыннікам міра і дабра. Няхай над нашай прыгожай і свабоднай Радзімай будзе чыстае неба, на палях каласіцца збожжа, а ў хатах гучыць дзіцячы смех!

 – Ніна Іванаўна, дзякуй за тое, што пагадзіліся на інтэрв’ю. Мяркую, нашы чытачы прачытаюць яго з цікавасцю.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий