Праца – элiксiр яе жыцця

Культура

Праз хату-дзве ў вёсцы Запур’е сядзібы ўжо, на жаль, пустуюць. Але ў адной са старажылаў гэтага населенага пункта Браніславы Іванаўны ГОЛУБ усё роўна нямала шчырых сябровак. У ліку такіх і Глаша Касабуцкая. Але і з астатнімі запур’еўскімі кабетамі мая гераіня жыве ў згодзе. Нездарма, аналізуючы свой характар, яна жартаўліва дадае: «У мяне ворагаў, непрыяцеляў няма. Бо бацькі мяне навучылі працаваць, а не ругацца з людзьмі. З усімі свядома стараюся жыць дружна». І гэтаму прызнанню шчыра верыш…

А натрудзіць рукі за свае амаль 76 гадоў Браніславе Іванаўне і сапраўды прыйшлося. Давялося «пакаштаваць» нялёгкага хлеба і на будаўнічым прадпрыемстве ў Валожыне. Была падсобніцай. Выконвала розныя вытворчыя абавязкі. Часам прыходзілася надзвычай цяжка. Фізічныя нагрузкі мела амаль нароўні з мужчынскімі, але не скардзілася, бо пайшла ў будаўнічую арганізацыю свядома, каб у пару дэфіцыту можна было закупіць неабходныя матэрыялы: кафлю, цэглу і іншае для ўзвядзення ўласнай сціплай хаты ў вёсцы. А пачыналася яе працоўная біяграфія з 17-гадовага ўзросту ў Запур’еўскай школе. Затым кароткі час знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, бо нарадзіўся сын Віталь. Нейкую капейчыну мела і як надомніца ад Маладзечанскага камбіната: займалася вязаннем. Давялося папрацаваць і даяркай на тагачаснай Запур’еўскай ферме. Сама папрасілася на ферму, каб пенсію большую зарабіць. Толькі ў 65 гадоў пайшла на заслужаны адпачынак. Але гэта ўмоўна. Бо ў віры паўсядзённых спраў гэта жанчына і цяпер. Разважае слушна і мудра: «Калі жывеш у вёсцы, то заўсёды ёсць што падгрэбці, падмесці, падправіць. Ды і падлогу ў хаце даводзіцца часта мыць. А то раптам занядужу – давядзецца хуткую дапамогу выклікаць. Зойдзе ўрач у пакой і падумае, што тут гразнуля жыве…»

Перакананая акуратыстка бабка Броня баіцца людскога асуджэння. Сёння яе пастаяннага клопату патрабуе і падсобная гаспадарка. Жанчына трымае курэй, садзіць бульбу, іншую агародніну. Сёлета, напрыклад, з уборкай «другога хлеба» ўправілася роўна за тыдзень. Накапала каля тоны клубняў. І сабе ўдосталь хопіць, і нават з сям’ёй сына Вячаслава, які асталяваўся ў Ракаве, з ахвотай маці падзеліцца.

Браніслава Іванаўна Голуб жыве адна. Муж памёр. Самотна бывае ўдаве ў амаль пустой хаце. Таму панылы настрой спецыяльна выцясняе песняй. Сама і выкаўнаца, і слухачка адначасова. Раней яна актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, выступала ў вакальным калектыве. Першае месца аднойчы занялі самадзейныя артысты падчас раённай творчай эстафеты. Як пераможцы, выступалі затым на абласной конкурснай пляцоўцы. Зараз, на жаль, ужо не тыя гады, не той настрой, не тыя і песні. Былая заўзятая вакалістка і сёння не супраць паіранізаваць над сабой. Кажа, што часта сама праз сябе напявае некалі папулярную песню кампазітара М. Фрадкіна, дзе ёсць і такія радкі:

«Вот так и живем,

Не ждем тишины,

Мы юности нашей,

Как прежде верны…»

І пра нейкі час мая субяседніца з лёгкім уздыхам у голасе дадае: «А хто яго ведае, калі Бог пашле гэту «цішыню»?

Што яна мае на ўвазе, не цяжка здагадацца. Я ж стараюся бабку Броню адвесці ад гэтых журботных думак, развеяць глыбокую самоту яе гнятлівай адзіноты. Спецыяльна кажу, што наперадзе ў яе яшчэ шмат доўгіх гадоў жыцця, бо яна ж яшчэ такая рухавая, такая энергічная. Але і мае гэтыя не зусім пераканаўчыя «кампліменты», адчуваецца, хоць на некалькі хвілін падбадзёрваюць жанчыну, якая размяняла 8-ы дзясятак гадоў. І невыпадкова Браніслава Іванаўна мне бадзёра дадае, што на веласіпедзе аж да самых маразоў яна штотыдзень у нядзельку, а таксама на святы едзе ў Вішнеўскі касцёл на імшу. І толькі зімой, каб не прастудзіцца, карыстаецца паслугамі «трабскага» пасажырскага аўтобуса. Шануюць бабку і добрыя людзі. Асабліва ўдзячна яна Васілію Іванавічу Казакевічу, былому старшыні калгаса імя Чарняхоўскага, які часта на сваім легкавым аўто падвозіць з храма дадому ветэранку працы, калісьці надзвычай руплівую даярку. Такія знакі ўвагі цешаць яе душу, прыемна на сэрцы становіцца ў жанчыны ад таго, што пра яе колішняе старанне, знясільваючую працу на ферме яшчэ да гэтага часу не забыліся…

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий