Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 З 26 па 30 верасня на тэрыторыі нашага раёна, ля вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета, праходзіць IV Міжнародная школа Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася на базе адпачынку “Галактыка”.

У міжнародных вучэннях па рэагаванню на надзвычайныя сітуацыі прымаюць удзел каманды нацыянальных Таварыстваў Чырвонага Крыжа з Украіны, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Казахстана, Нарвегіі, Ісландыі, Балгарыі, Ізраіля. У якасці назіральнікаў за вучэннямі прысутнічаюць прадстаўнікі з Аўстрыйскага і Дацкага Таварыстваў Чырвонага Крыжа, Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Падчас вучэнняў адпрацоўваюцца прыёмы аказання першай медыцынскай дапамогі, псіхасацыяльнай падтрымкі, сартавання і транспарціроўкі пацярпелых з рознымі відамі траўмаў. Адначасова будуць праводзіцца пошукавыя мерапрыемствы ў лясным масіве. Увогуле, запланавана мадэліраванне 17 розных надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Наш раён павінен забяспечыць 30 валанцёраў-статыстаў, на якіх будуць адпрацоўвацца дадзеныя прыёмы.

 

 На абласным свяце рамёстваў Міншчыны “Слуцкія паясы” былі прадстаўлены работы членаў народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” РЦК Іосіфа Матуса (жывапіс), Наталлі Хаванскай (ткацтва пояса на ніту), Раісы Малюткі (ткацтва ручнікоў), Наталлі Рэут (выцінанка), Ірыны Капусты (ганчарства). “Горад майстроў” раскінуўся ў той дзень па многіх вуліцах Слуцка.

У рамках свята рамёстваў прайшло IV абласное свята-конкурс “Беларуская лялька”. Сярод канкурсантаў была майстрыха з нашага раёна Наталля Лукашык з пяцігадовай дачкой Мар’янай. За асабісты ўклад і творчае развіццё традыцый лялечнага мастацтва Наталля Лукашык адзначана Дыпломам першай ступені. У дадатак да Дыплома пераможца атрымала ў падарунак ад арганізатараў сінтэпонавую коўдру. Мар’яне як самай юнай удзельніцы конкурсу былі ўручаны Дыплом за творчы дэбют у галіне лялечнага мастацтва і прыгожы льняны абрус.

 

 1 кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей. У Валожыне вырашана правесці свята ў новым фармаце. Гараджан сталага ўзросту раённы Цэнтр культуры запросіць у гэты дзень на вечар адпачынку “Няма гадоў”.

Змястоўную і разнастайную праграму для сваіх равеснікаў рыхтуюць члены аддзялення дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

 Восем каманд раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях прымалі ўдзел у фінале абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе, якія прайшлі ў Маладзечне. Каманда нашага РАНС заняла пятае месца. Перамогу святкавалі іх калегі з Чэрвеньскага раёна.

За каманду Валожынскага аддзела выступалі начальнік Алег Скадорва, начальнік ПАВЧ-1 Валожына Аляксандр Журкевіч, камандзір аддзялення ПАВЧ-1 Вадзім Пасека і старшы пажарны Уладзімір Сухадолец, а таксама інспектар групы прапагандыі навучання Алеся Радвіловіч. У асабістым заліку сярод жанчын А. Радвіловіч паказала другі вынік. Сярод мужчын ва ўзросце ад 26 да 30 гадоў В. Пасека заняў трэцяе месца. Прызёры атрымалі медалі адпаведнай вартасці.

 

 На базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна створана бізнес-кампанія “Свята і настрой” па вырабе віншавальных паштовак, якую ўзначаліла педагог дадатковай адукацыі Алена Іванаўна Собалева.

Першыя ўзоры прадукцыі былі прадстаўлены на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. У гэтыя дні ўдакладняецца бізнес-план кампаніі, завяршаецца работа над каталогам узораў паштовак і запрашэнняў на розныя святочныя мерапрыемствы.

 

 Школьнікаў гарадскіх школ ад 8 да 14 гадоў запрашае запісацца ў тэнісны гурток “Вясёлая ракетка” раённы Цэнтр культуры.

Для заняткаў гэтым відам спорту тут ёсць усе ўмовы і неабходны інвентар. Весці заняткі будзе работнік РЦК Ілля Кавалеўскі.



Добавить комментарий