Забяспечыць псiхалагiчны камфорт

Общество

 Нядаўна для работнікаў Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў праведзены вельмі насычаны і пазнавальны семінар. На мерапрыемства, якое адбылося ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Валожына, сабраліся ўсе, хто ў той дзень не быў задзейнічаны на дзяжурствах.

На сустрэчу з выратавальнікамі прыйшлі псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк, выконваючы абавязкі начальніка аддзялення дзяржаўнай аўтаінспекцыі РАУС Леанід Гіль, настаяцель Канстанціна-Аленінскага прыходу протаіерэй Дзмітрый Агіевіч.

Псіхолаг засяродзіла ўвагу на супрацьдзеянні стрэсам і дэпрэсіям у мужчын. Вядома, што не малую ролю для бяспекі на працоўным месцы адыгрывае псіхалагічны стан чалавека. Аналіз траўматызму паказвае, што асноўнай прычынай вытворчага калецтва і гібелі людзей на рабоце часта з’яўляецца дрэнны псіхічны стан работнікаў. У такіх выпадках не дапамагаюць ні інстынкт самазахавання, ні веды па бяспецы і ахове працы. Да трагічных выпадкаў прыводзіць таксама празмерная самаўпэўненасць і пераацэнка ўласных магчымасцей, што зніжае ўвагу чалавека.

Інспектар АДАІ таксама прывёў канкрэтныя прыклады чалавечай бесклапотнасці і легкадумства, якія прыводзяць да трагічных наступстваў. Ён таксама папярэдзіў аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Правіл дарожнага руху і адказаў на пытанні выратавальнікаў.

Протаіерэй Дзмітрый Агіевіч пагаварыў аб душэўным здароўі, заклікаў усіх жыць па Божых Законах, а напрыканцы сустрэчы асвяціў пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку і пажадаў ратавальнікам паменш выездаў на надзвычайныя здарэнні.

Калі госці разышліся, з асабістым саставам аддзела правялі заняткі па баявой падрыхтоўцы. Падчас іх былі правераны зладжанасць дзеянняў у крытычных сітуацыях, адаптацыя пры стрэсах, узровень фізічнай падрыхтоўкі.

Такія мерапрыемствы спрыяюць не толькі набыццю ведаў, уменняў і навыкаў, але і згуртаванню калектыву.

Алеся РАДВІЛОВІЧ, інспектар групы прапаганды і навучання РАНС,

фота аўтара



Добавить комментарий