Музей у гонар настаўнiка

 Ужо каторы год у Дубіне Юрздыцкай працуе хата-музей сялянскага побыту. Будынак мае сваю доўгую і цікавую гісторыю. Жылі ў ім бацькі тутэйшага настаўніка Васіля Васільевіча Рагяля, а пасля і ён са сваёй сям’ёй. Дарэчы, сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння гэтага чалавека.

Захавальніца хаты-музея Тамара Уладзіміраўна Каляда можа гадзінамі распавядаць пра жыццё Васіля Васільевіча і пра сам музей, бо на падставе лёсу гэтага чалавека можна прагледзець і лепш зразумець гісторыю нашай радзімы, у тым ліку і ўсяго настаўніцтва.

У 90-я гады, чытаючы кнігу Старога Уласа “Год беларуса”, Тамара Уладзіміраўна знайшла ўпамінанне пра дубінскога настаўніка. З гэтага пачалася пошукавая работа. Спатрэбілася нямала часу, каб даведацца, што чалавекам, пра якога ішла гаворка ў творы, быў Васіль Васільевіч Рагель. Паступова адшукваліся ўсё новыя і новыя архіўныя дакументы. Вялікую дапамогу ў зборы інфармацыі з архіваў Беларусі аказала старшы выкладчык педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Алена Уладзіміраўна Саланевіч.

Нарадзіўся Васіль Васільевіч 31 студзеня 1885 года. Захавалася яго пасведчанне аб адукацыі. Ён закончыў чатырохкласнае вучылішча і з 1901 года пачаў працаваць настаўнікам у вёсках Яшкавічы, Дубіна, Нарэйшы. Вучаніца з Яшкавічаў, Сцепаніда Іосіфаўна, пасля стала жонкай Васіля Васільевіча. У 1915 годзе мужчына быў прызваны на імперыялістычную вайну, працаваў табельшчыкам на чыгунцы, меў добрую характарыстыку. Пасля вайны зноў вярнуўся да любімай справы. У 1919 годзе Васіля Васільевіча накіроўваюць на курсы ў Вільню. Яму, як і многім іншым настаўнікам, хацелася, каб выкладанне ў школе вялося на беларускай мове, і вось у 1920 годзе гэта стала рэальнасцю.

Захаваліся дакументы, якія расказваюць пра рэвалюцыйную дзейнасць Рагяля ў час польскай улады. Яму было прапанавана перайсці на выкладанне прадметаў на польскай мове. Спатрэбіліся мужнасць і адвага, каб адмовіцца ад настойлівай прапановы. У адказ яго звольнілі з пасады настаўніка. Васіль Васільевіч застаўся на радзіме, вёў рэвалюцыйную дзейнасць і займаўся земляробствам.

17 верасня 1939 года савецкая ўлада назначае Васіля Васільевіча Рагяля настаўнікам у Чабайскую школу. Затым яго накіроўваюць у Лідскае педвучылішча, пасля заканчэння якога пачынаецца праца ў Дубіне. У час Вялікай Айчыннай вайны школа ў вёсцы не закрывалася. Захаваўся загад нямецкай улады на беларускай мове аб прызначэнні Васіля Васільевіча кіраўніком школы. Ёсць і напісаны яго рукой спіс вучняў 1946 года.

Пражыў Васіль Васільевіч Рагель 64 гады. За гэты час зрабіў вельмі многа для сваёй малой радзімы. Давялося працаваць пры чатырох уладах, але заўсёды заставаўся чалавекам і настаўнікам. Ён спраўна плаціў падаткі і польскай, і нямецкай уладам, не ўмешваўся ў іх справы, а вучыў дзяцей, стараўся даць ім як мага больш ведаў.

Карпатлівая і доўгая праца па пошуку гістарычных звестак прынесла свае плады. Тамара Уладзіміраўна ўдзячна нашчадкам Васіля Васільевіча за тое, што яны захавалі і збераглі будынак, рэчы і ўдзячную памяць пра свайго продка. Многа цікавых звестак пра бацьку музею прадаставіла дачка Любоў Васільеўна Рынкевіч, якой цяпер 78 гадоў. Дзякуючы пошукавай рабоце, і нашчадкі змаглі даведацца пра нешта новае з жыцця роднага чалавека.

Напачатку стварэння хаты-музея вельмі дапамаглі ў гэтай справе Таццяна Валянцінаўна Ланько, яна занялася афармленнем дакументаў, і Валянціна Станіславаўна Бацян, якая ў той час была намеснікам начальніка аддзела культуры. Яна ўхапілася за ідэю і ва ўсім дапамагала Тамары Уладзіміраўне. Удзячна захавальніца хаты-музея і мясцовым жыхарам, якія цікавяцца ходам пошукавых работ і нясуць новыя экспанаты.

Хату падарыў музею Анатолій Сяргеевіч Рынкевіч пасля того, як атрымаў яе ў спадчыну ад цёткі. У Васіля Васільевіча засталося многа нашчадкаў, якія раз’ехаліся па ўсім свеце. Адна з унучак жыве ў вёсцы Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна. Яе муж Віктар Сыракваш зняў фільм пра лёс Васіля Васільевіча і пра стварэнне хаты-музея ў яго гонар.

Дубінцы ганарацца, што ў іх дзейнічае хата-музей, дзе можна дазнацца пра жыццё простага настаўніка. Акрамя наведвальнікаў з раёна, сюды прыязджаюць госці з Польшчы, Швецыі, Англіі, Галандыі. Тут збіраюцца мясцовыя жыхары, ладзяць вечарыны, спраўляюць разам святы ў непаўторнай атмасферы судачынення да мінулага. На агульных мерапрыемствах гучаць народныя песні, прыпеўкі, не забываюцца і пра гумар.

Тамара Уладзіміраўна спадзяецца, што колькасць наведвальнікаў будзе расці. Яна звярнулася да адміністрацыі Валожынскага музея з прапановай уключыць Дубіну ў раённы экскурсійны маршрут. Хацелася б больш бачыць у музеі школьнікаў. Экскурсіі магчыма праводзіць у розных накірунках, у выглядзе фальклорных вандровак, знаёмства з бабулінымі стравамі, з мясцовымі абрадамі і інш. Дзверы хаты-музея заўсёды адчынены для ўсіх, хто цікавіцца сваёй гісторыяй.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars