Барыш з дастаўкай

Закон и порядок

 У праўдзівасці выказвання “няма нічога тайнага, што б не стала яўным” нядаўна давялося пераканацца адной прадпрымальнай сям’і з Валожына, якая налаўчылася спалучаць законны і незаконны бізнес – паслугі таксі і дастаўку алкаголю.

Тое, што, пазваніўшы на пэўны тэлефонны нумар, можна заказаць любую колькасць гарэлкі, выпівохі па раёне ведалі. Служба дастаўкі дзейнічала безадказна ў любы час сутак, бутэлькі развозіліся не толькі па хатах, але і на працоўныя месцы. Бывала, што і “крэдытныя лініі” для пастаянных кліентаў адкрываліся. Не дапусціць уцечкі інфармацыі ў выпадку, калі пра яе гаворыць вялікая колькасць людзей, складана. Адны запаміналі запаветны нумар як палачку-выручалачку, але хапала і тых, каго абурала нахабнае спайванне, патаканне чалавечым слабасцям. У адрас пастаўшчыкоў “гары” слаліся праклёны, а ў органы мясцовай улады пачалі сыпацца скаргі.

Даволі хутка імёны незаконных грузаперавозчыкаў алкаголю сталі сакрэтам палішынеля. Для таго, каб злавіць іх, праваахоўнымі органамі быў прыменены шырокавядомы спосаб “лоўлі на жыўца”.

Надвячоркам на тэлефон па выкліку таксі паступіла заяўка прывезці тры бутэлькі гарэлкі ў вёску Ганчыцы. За паўгадзіны тавар ужо быў дастаўлены. Толькі замест абяцаных 100000 рублёў аплаты вадзіцелю давялося атрымаць на рукі стос пратаколаў і розных іншых непрыемных папер. Бо, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, ім зацікавіліся і работнікі інспекцыі па падатках і зборах. Зараз вадзіцель (а гэта сын індывідуальнага прадпрымальніка, які аказвае паслугі таксі) абвінавачваецца ў такіх правапарушэннях, як незаконны збыт алкагольнай прадукцыі і занятак незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю (грузаперавозкі).

Па тлумачэннях вадзіцеля, яму проста хацелася трохі падзарабіць, а бацька, ён жа работадаўца, ніякага дачынення да справы дастаўкі і продажу гарэлкі не мае. Праўда тут ці не, разбярэцца суд.

На дадзены момант вядома, што званкі паступалі на рабочы тэлефон, ды і гарэлка дастаўлялася на аўтамабілі “з шашачкамі”.

За ценявы бізнес давядзецца адказваць па законе. Пакуль невядома, ці застанецца ў сям’і права займацца аказаннем паслуг таксі, але пытанне аб адбіранні адпаведнай ліцэнзіі разглядаецца.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий