Рыхтуемся да ацяпляльнага сезона

Закон и порядок

З пачаткам ацяпляльнага сезона колькасць пажараў павялічваецца ў разы. Часта прычынай бяды становяцца няспраўныя печы. Самыя распаўсюджаныя парушэнні пажарнай бяспекі – адсутнасць супрацьпажарных раздзелак у печах, пакінутыя без нагляду распаленыя печы, перапальванне.

Каб засцерагчы свой дом і сваіх блізкіх ад агню, выратавальнікі-пажарныя раяць своечасова правяраць рабочы стан печаў. Карыстацца няспраўнымі печамі нельга!

Здараецца, што сырыя дровы не хочуць разгарацца. Некаторыя гаспадары ідуць на такі рызыкоўны крок, як выкарыстоўванне розных паліўных вадкасцей. Падобныя “эксперыменты” прыводзяць да цяжкіх апёкаў, узгарання памяшкання.

Памятайце таксама, што нельга класці ў топку дровы, якія не даюць дзверцам зачыніцца! Гэта часта становіцца прычынай пажараў.

На адлегласці менш за 1,25 метра ад адкрытага агню ці топкі забараняецца сушыць дровы, торфабрыкет, адзенне і іншыя рэчы, якія лёгка загараюцца.

Калі вы распалілі агонь, то абавязкова зачыняйце пячныя дзверцы! Не пакідайце малых дзяцей адных аж да таго часу, пакуль печ не будзе выпалена.

Для таго, каб у моцны мароз у доме было цёпла, не варта доўга падтрымліваць агонь. Давайце печы астыць, распальвайце яе некалькі разоў за суткі. Гэта дазволіць пазбегнуць яе перагравання і ўзнікнення на яе паверхні трэшчын і шчылін.

Даволі часта сустракаецца і такое парушэнне пажарных правіл, як адсутнасць перад топачнай адтулінай на падлозе замацаванага металічнага ліста памерам 50х70 сантыметраў. Калі які вугалёк выпадкова і выпадзе на такі ліст, то бяды не ўчыніць.

Попел, шлак, вугаль неабходна выкідаць у спецыяльна адведзенае месца на адлегласці не бліжэй чым 15 метраў ад пабудоў і гаручых канструкцый.

Печ павінна быць выпалена не пазней чым за дзве гадзіны перад адходам людзей да сну.

Напачатку ацяпляльнага сезона абавязкова падыміцеся на гарышча і праверце стан дымаходаў, комінаў. Пачысціце іх ад сажы і пабяліце.

Памятайце, што чысціць нагар і сажу ў ацяпляльных печах неабходна кожныя два-тры месяцы. А калі вы карыстаецеся кухоннай плітой ці іншымі печамі доўгачасовага палення, то гэту працэдуру праводзьце штомесяц.

Алеся РАДВІЛОВІЧ, інспектар групы прапаганды і навучання РАНС



Добавить комментарий