Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Надвор’е сёлетняга лета было неадназначным. Некалькі разоў прымаліся рашэнні райвыканкама аб забароне на наведванне лясоў у сувязі з пажаранебяспечным перыядам.

Трэба адзначыць, што ў нашым раёне фактычна ўдалося пазбегнуць лясных пажараў. Быў зарэгістраваны ўсяго адзін выпадак: пашкоджаны лясны масіў на плошчы 3,3 гектара на мяжы Пяршайскага і Івянецкага лясніцтваў.

За высокі прафесіяналізм у папярэджванні і ліквідацыі лясных пажараў падзякай міністра лясной гаспадаркі былі адзначаны работнікі лясгасаў рэспублікі. Сярод іх – ляснічы Румскага лясніцтва Мікалай Рудовіч і вадзіцель Івянецкага лясніцтва Генадзь Савіцкі. Яны атрымалі таксама грашовыя ўзнагароды ў памеры 540 тысяч рублёў (тры базавыя велічыні).

 

 Набыты некалькі гадоў таму апарат шокавай замарозкі валожынскія кандытары сталі выкарыстоўваць для замарозкі… тартоў. Гэта значна падоўжыла тэрмін рэалізацыі вырабаў – 3 месяцы.

Прапанову абласнога кулінарнага савета прымалі з насцярогай. Як аказалася, беспадстаўна. Тарты разыходзяцца вельмі добра, асаблівай папулярнасцю яны карыстаюцца ў вясковых магазінах. У дзень у кандытарскім цэху райспажыўтаварыства вырабляюць да 40 адзінак такой прадукцыі – кілаграмовы парцыённы торт “Сустрэча” і 0,5-кілаграмовы “Захапленне”. Смакавыя вартасці замарожаныя вырабы не губляюць. Адыходзяць ад “шоку” за 1-2 гадзіны пры пакаёвай тэмпературы.

 

 У верасні ў Стаўбцоўскім раёне на базе аздараўленчага лагера “Дразды” прайшоў I Рэспубліканскі форум сельскай працуючай моладзі.

У дэлегацыю нашага раёна на чале з першым сакратаром РК БРСМ Аленай Грыбоўскай увайшлі галоўны бухгалтар ААТ “Лоск” Ганна Кароль, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Багданаўскай СШ Канстанцін Буйко, урач агульнай практыкі загадчык Гародзькаўскай урачэбнай амбулаторыі Віктар Міхалевіч, настаўнік па класе харэаграфіі Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ксенія Гурбан і галоўны эканаміст ААТ “Агра-Вішнеўскі” Станіслаў Лобач. Падчас пленарнага пасяджэння з маладымі актывістамі сустрэўся намеснік губернатара Мінскай вобласці па сацыяльных пытаннях В. І. Сірэнка.

У першы дзень дэлегаты форуму былі размеркаваны па секцыях: па сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры і маладзёжных пытаннях. Секцыі працавалі ў Нясвіжскім раёне ў агракамбінаце “Сноў”, у маладзёжным цэнтры Нясвіжа і дзяржаўным каледжы імя Я. Коласа, у Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы і Палацы культуры пасёлка Энергетыкаў у Дзяржынскім раёне.

У другі дзень адбыўся абласны этап Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Валадар сяла”. Наш раён прадстаўлялі пераможцы раённага этапу – мнагадзетная сям’я Фарыно з аграгарадка Доры. Яны перамаглі ў адной з намінацый: “дрывасекі”. З дэлегатамі форуму і маладымі сем’ямі сустрэўся старшыня Мінскага аблвыканкама С. Б. Шапіра.

 

 У Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭКСПА прайшла выстава-кірмаш паляўніцтва і рыбалоўства “Восень-2015”.

Наша раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў на выставу трафеяў прадставіла рогі аленя высакароднага і клыкі дзіка. Шматлікія фірмы прапаноўвалі навейшае аснашчэнне для палявання і рыбалкі.

 

На базе гімназіі райцэнтра прайшлі занальныя спаборніцтвы абласных Алімпійскіх дзён моладзі па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 1995 года нараджэння і маладзейшых.

Каманда дзяўчат, за якую выступалі гімназістка Вікторыя Барахоўская і выпускніца СШ № 1, студэнтка ВНУ Сняжана Ланько, заняла першае месца. Каманда юнакоў у складзе гімназіста Васіля Труса і вучня СШ № 1 Івана Макара ўступіла першынство сваім равеснікам з Маладзечна. Але ў фінале будуць выступаць па дзве каманды з кожнай зоны, так што ў юнакоў будзе шанц рэабілітавацца. Фінальныя гульні пачаліся сёння ў Дзяржынску. Каманды юных тэнісістаў рыхтаваў да спаборніцтваў трэнер Дзмітрый Ажарэльеў.

 

 28 верасня ў 1.19 паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Сакаўшчына. Гарэў жылы дом па вуліцы Цэнтральнай, 196.

Калі выратавальнікі з ПАВП № 15 вёскі Сакаўшчына прыбылі на месца выкліку, то адкрытым полымем ужо гарэў дах, полымя было і ўнутры памяшкання. Падчас ліквідацыі пажару ў верандзе быў выяўлены труп чалавека. Устаноўлена, што гэта гаспадар дома 1926 года нараджэння. Яго жонка ў той дзень знаходзілася ў Мінску. Вечарам яна тэлефанавала дадому, мужчына сказаў, што прапаліў печку. Агонь знішчыў дах, веранду, дом выгараў знутры, пашкоджана маёмасць. Але гэта нішто ў параўнанні з чалавечым жыццём. Папярэдняя версія прычыны пажару: неасцярожнае абыходжанне з агнём. Па даных РАНС, за 9 месяцаў у пажарах загінулі 4 чалавекі, за такі ж перыяд 2014 года – 5.



Добавить комментарий