Шляхамi славутага Агiнскага…

Культура

“Калі б тысячы разоў жыццё маё мог страціць, тысячы разоў зрабіў бы гэта з ахвотай для каханай Айчыны”

 Сёлета спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

Нарадзіўся ён 7 кастрычніка 1765 года. Мы яго ведаем як выдатнага кампазітара, палітыка, дыпламата і сенатара. Але нам амаль нічога не вядома пра яго як пра аднаго з самых выдатных афіцэраў арміі Тадэвуша Касцюшкі.

  Хочацца расказаць пра М. К. Агінскага – камандзіра аднаго з самых баяздольных палкоў Польскай арміі канца XVIII стагоддзя. А менавіта пра яго паход на Валожыншчыну, які адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня 1794 года.

 

Пачаўся паход у Вільні. Пад кіраўніцтвам Агінскага знаходзіліся 300 салдат, але ён папрасіў яшчэ 200 кавалерыстаў у генерала Ясінскага, каб стварыць больш магутны вайсковы атрад, які б змог супрацьстаяць любому злучэнню рускай арміі. Такую дапамогу ён атрымаў.

Галоўнай мэтай паходу было: прарвацца ў Белую Русь і падняць на паўстанне 12 тысяч мужыкоў з маёнткаў Агінскага, якім было абяцана вызваленне ад прыгону, затым з іх дапамогай ачысціць Вялікае Княства Літоўскае ад расійскай арміі.

Але найлепш будзе, калі пра ваенныя падзеі раскажа нам сам Міхал Клеафас Агінскі.

Вось урывак з яго “Мемуараў пра Польшчу і палякаў. гады 1788-1815-я”:

“Праз некалькі дзён пасля майго вяртання ў Вільню, я пайшоў да генерала Ясінскага, каб заявіць яму, што калі хоча даць мне 200 чалавек кавалерыі з добрым афіцэрам, на якога я мог бы спадзявацца, то я б злучыў з імі маіх стральцоў і ўтварыў бы авангард арміі, якая ў той час была бяздзейнай, абы яе пасунуць аж да Мінска. Як бы мне гэта ўдалося без адчування вялікага супраціўлення дайсці датуль, змог бы ўторгнуцца на Белую Русь і падняць на паўстанне каля 12 тысяч сялян, якія знаходзіліся ва ўладаннях маёй сям’і, надаючы ім вольнасць і ўзмацніўшы іх усялякімі падмацаваннямі, якія б толькі мог паспешна дастаць.

Дапушчаў, што можна будзе без цяжкасцей вызваць хваляванні жыхароў тых ваколіц, якія аб’явілі пажаданне прыняць удзел у нашым паўстанні, і гэты крок павінен быў змусіць маскоўскае войска сканцэнтравацца каля граніц царства і пакінуць усю Літву…

Пазней пакінуў Вільню з 200-і кавалерыстамі пад камандаваннем маёра Корсака і 300-і чалавекамі майго атраду стральцоў. Прайшлі міма галоўнай кватэры (стаўкі арміі – тут і далей заўвагі аўтара), якая знаходзілася ў Ашмяне за 7 міль ад Вільні і прасунуліся на 3 мілі наперад да бору.

На працягу першых дзён мне зусім не шанцавала з-за моцных атрадаў казакоў, якія не пераставалі нас непакоіць.

Наперакор трываламу пажаданню рухацца аж да Мінска, звярнуўся да генерала Ясінскага, каб той выслаў моцны авангард да бору, які меў намер пакінуць, і рушыў у паход, каб, прайшоўшы праз Вішнеў (цяпер – Вішнева), неспадзявана ўдарыць на Валожын, дзе па звестках знаходзіліся 300 чалавек пяхоты маскоўскай і паўсотні казакоў…

Усе тыя меры перасцярогі аказаліся непатрэбнымі, паколькі засталі мы толькі 40 салдат з трыма унтэр-афіцэрамі і адным паручнікам. З абодвух бакоў прагучала толькі некалькі стрэлаў, афіцэр быў цяжка паранены, некалькі салдат забіта, астатнія склалі зброю і былі ўзяты ў палон.

Каля 15-і казакоў, якія ўцяклі пры першым пабачанні нашай кавалерыі, паднялі трывогу ў ваколіцах і заўчасна папярэдзілі Мікалая Зубава, які ехаў у Валожын, адчуваючы сябе ў поўнай бяспецы, і які трапіў бы ў нашы рукі, будучы толькі за паўмілі ад Валожына і не спадзеючыся там нас застаць. Спешна вярнуўся туды, адкуль прыйшоў, і адтуль потым аддаў загад акружыць мяне з усіх бакоў і перарэзаць мне адыход. Паколькі не ведаў гэтага выпадку, нічым не памяняў сваіх планаў і пастанаўленняў і пайшоў далей. Знайшоўшы ў Валожыне многа прадметаў са скуры, волава і жалеза, якія былі забраны ў мясцовых жыхароў, падобна як і вялікія статкі, і некалькі соцень валоў, якія таксама былі сабраны для маскоўскай арміі, неадкладна адправіў палонных і ўсё, што трапіла ў нашы рукі, да галоўнай кватэры, дзе Несялоўскі часова замяніў Ясінскага.

Сказаў адвесці гэты транспарт пад эскортам 20-і кавалерыстаў, а самі, не маючы лішняй хвіліны, праз некалькі гадзін адпачынку вырушылі на Івенец, малое мястэчка за 15 міль ад Вільні.

Праз невялікую адлегласць ад Валожына напаткалі двух кур’ераў маскоўскіх, вязучых загады з Пецярбурга для арміі. Затрымаў іх, маючы пры сабе толькі ад’ютанта і двух маладых пяхотных афіцэраў. Адзін з тых кур’ераў, стрэліўшы па нас з пісталета, знік у кустах. Другі быў узяты з торбаю для лістоў і пасланы пад эскортам у галоўную кватэру. Гэта другая перасылка, як і першая, прыбыла на месца прызначэння без перашкод. Але эскорт, які яе суправаджаў, не здолеў злучыцца з намі, і гэта было першым знакам, што камунікацыі нашы перарваны.

Прыбыўшы да Івенца, не знайшлі тут войскаў маскоўскіх, таму што аддаліліся паспешна, пачуўшы вестку пра наш падыход. Таксама былі здзіўлены і заклапочаны, убачыўшы мноства амуніцыі, мундзірнага сукна і іншых прадметаў экіпіроўкі арміі, такія, як вырабы з серабра, медзі, волава, пазабіраныя ў мясцовых людзей і змешчаныя ў розных складах і магазынах”.

Пасля ўступлення ў Івянец Агінскі дасылае наступны рапарт генералу Ясінскаму:Непрыяцель перад намі дае драла. Егеры і казакі, якія тут знаходзіліся, пры чутцы, што Войска Польскае блізка, уцяклі так шыбка, амаль што без сёдлаў на конях пакінулі гэта мястэчка, толькі егера і адстаўшага аднаго схапіць нам удалося. Здабыча наша ў сукне, зброі, амуніцыі, срэбры, муцэ, павозках і жалезе да некалькі соцень тысяч злотых каштаваць можа. Да перасылкі яе патрэбна многа сродкаў. Войска Маскоўскае ад Несвіжа і Мінска да Беніцы гэтымі днямі цягнулася, але ў невялікай колькасці. Люд тутэйшы, абрадаваны прыбыццём нашага войска, сустракаў мяне хлебам і соллю па-за мястэчкам. Перасоўваемся смела. І калі б тысячы разоў жыццё маё мог страціць, тысячы разоў зрабіў бы гэта з ахвотай для каханай Айчыны. Гэта ёсць адзінадушнае імкненне ўсяго нашага корпуса, які альбо славай акрыты вернецца, альбо стосам трупаў стане пры абароне Айчыны.

Універсалы да абываталяў Ваяводства Мінскага адпаведна Ардынансаў мне дадзеных сёння выданы мной будуць. Далучаю копіі гэтых роўна і як маю дыспазіцыю, каб у Ракаве, дзе Масква яшчэ стаіць, без узгляду на ахову маёй маёмасці, магазыны і амуніцыя Маскоўская падпалены былі”.

Агінскі піша: “Вагаўся перад прыняццем рашэння: ці нам пайсці далей, кінуўшы гэту здабычу, якая каштавала некалькі соцень тысяч польскіх злотых, ці таксама эскартаваць яе самому з усім маім атрадам, трымаючыся бакавой дарогі.

Пакінуў сваё ваганне, даведаўшыся, што губернатар Мінска Неплюеў сканцэнтраваў у горадзе ўсё войска з ваколіц, таксама забарыкадзіраваўшыся з усіх бакоў, перад гэтым выставіўшы вялікую колькасць узброеных сялян, паставіўшы іх пад першы агонь.

Вестка пра гэта скланіла мяне да злучэння з галоўнымі сіламі арміі. Галоўнай цяжкасцю было знайсці транспартныя сродкі, каб вывезці трафеі, якія ледзьве ўмясціліся б на 200 мужыцкіх вазоў. Выпадак яе выдаліў. Але доўга не карыстаўся я той карысцю, якой выпала магчымасць.

Ранкам у Івенцы не знайшлі а ні коней, а ні павозак. Але таму, што гэта быў дзень парафіяльнага свята (13 чэрвеня – дзень св. Антонія), больш за 20 экіпажаў самых багатых жыхароў ваколіц, запрэжаных 4 ці 6 коньмі, неўзабаве пачало пад’язджаць да касцельнай брамы, а некалькі соцень мужыцкіх вазоў запоўніла рынкавую плошчу. Звярнуўся да ўласнікаў, каб вызвалілі мяне ад гэтага клопату”.

 Агінскі працягвае: “Усе дабравольна згадзіліся мне памагчы. Сказалі адпрэгчы найлепшых коней, якіх запрэглі да 20-і маскоўскіх павозак, нагружаных сукном і амуніцыяй. Сяляне, па іх прыкладу, даставілі столькі коней і павозак, колькі нам было патрэбна на працягу 6-і гадзін. 170 добра наладаваных павозак было гатова пусціцца ў паход пад нашым эскортам. У той жа самы вечар пакінулі Івенец, выбіраючы іншы шлях, чым дагэтуль.

 Трэба было вярнуцца да Бакштаў і знаходзіцца ў густых лясах, дарогі ў якіх былі заваленыя вывернутымі дрэвамі, часткова ветрам, часткова прадбачлівымі жыхарамі, якія хацелі сапсаваць дарогі перад непрыяцелем.

Страцілі 8 гадзін часу на расчыстку сабе дарогі. Але, нягледзячы на вялікую стому, вызваную як хуткім, так і працяглым маршам, цешыліся, што адарваліся ад непрыяцеля. Як раптам, падыходзячы да вёскі Сакаўшчына, за мілю ад Валожына, пачулі водгалас бубнаў, гукі труб і пранізлівыя вокрыкі салдат, якія разумелі, што маюць нас у пастцы.

Загадаў прыспешыць паход сваіх абозаў, якія вельмі шчасліва перайшлі мост на Бярэзіне”.

Ігар СОЛТАН,

бібліятэкар Івянецкай бібліятэкі

(Працяг будзе)

(Працяг чытайце тут)



Добавить комментарий