Грошы з… ветру

Общество

ПАЧАЛI ЭФЕКТЫЎНА ЗДАБЫВАЦЬ НА ВАЛОЖЫНШЧЫНЕ

 Увагу жыхароў горада і навакольных вёсак не можа не прыцягваць грандыёзная «крылатая» ўстаноўка, якая месяцы тры таму з’явілася ў прыгараднай зоне ля вёскі Аўгустова.

З розных кропак райцэнтра выдатна бачны гэты нетыповы для нашай мясцовасці аб’ект. Многія дапытлівыя грамадзяне беспамылкова прызналі ў ім сучасную ветраўстаноўку. А некаторых яшчэ непакоіць пытанне: што гэта за «дзіковінка» такая прапісалася ў прыгарадзе?

Гаспадаром ветраэнергетычнай устаноўкі з’яўляецца сталічная фірма ТАА «Віндэнергапрам», якую ўзначальвае Алег Пятровіч Занько. Гэта прадпрыемства займаецца вытворчасцю «зялёнай» энергіі. Дарэчы, ветраўстаноўкі ўжо даўно досыць папулярныя ў многіх краінах Еўропы і на іншых кантынентах. Перавагу «зялёнай» энергіі аддаюць, як правіла, краіны, размешчаныя бліз мораў, акіяна, дзе ёсць вялікія адкрытыя прасторы, а значыць, ветру можна дзе разгуляцца і пераўвасобіць сваю прыродную сілу і моц у карысную энергію, якой назіраецца такі дэфіцыт у наш тэхнакратычны век.

Як паказвае практыка, паспяхова развіваць вытворчасць гэтага віду адносна таннай энергіі можна і ў нашай Беларусі і ў тым ліку на Валожыншчыне, якая характарызуецца гарыстым рэльефам.

На ўстаноўку ветрака ў прыгарадзе было дадзена дабро рашэннем аблвыканкама, а ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама пад аб’ект у арэнду на 20 гадоў адвялі адпаведны зямельны ўчастак. Пры выбары месца трэба было ўлічыць многія фактары: добрая ветранасць, аптымальная вышыня адносна Балтыі, адсутнасць на пэўнай адлегласці лесанасаджэнняў і іншыя ўмовы. Неабходна было падрыхтаваць і важкі пакет дакументаў, узгадненняў з рознымі інстанцыямі, у тым ліку і з ведамствам, якое ў рэспубліцы курыруе авіяцыю.

…Стальная серабрыста-белая вежа ветрака горда ўзнімаецца ў неба больш чым на 70 метраў. А тры крылы-лопасці, зробленыя са спецыяльнага шкловалакна, на вялікай вышыні здаюцца значна меншымі, а яны маюць памер у 24 метры. Важыць гэты масіўны наземны «экспанат» аж 118 тон. Вырабляе такое абсталяванне вядомая дацкая фірма. У разабраным выглядзе вятрак дастаўлялі ў наш раён на працягу тыдня 5 спецыялізаваных машын (па тры секцыі ў кожнай). А для ўстаноўкі быў заказаны 500-тонны кран у салігорскім «Беларуськаліі», а таксама шмат дапаможных кранаў. На месцы ўстаноўкі ветрака на падрыхтоўчым этапе загадзя былі загнаны на 12 метраў у глыбіню 36 трывалых паляў. На платформу-аснову пайшло 13 тон арматуры і 123 кубічныя метры высакаякаснага бетону.

Асноўным памочнікам генератара таннай «зялёнай» энергіі, вядома ж, з’яўляецца вецер. Каб масіўны вятрак, кажучы простай мовай, завёўся, першапачаткова неабходны не толькі звычайны расход электраэнергіі, а і мінімальная сіла ветру не менш чым 2,5 метра ў секунду. А пры сіле ветру ў 14 метраў у секунду гэта міні-станцыя пачне эфектыўна працаваць на поўных абаротах. Пры аранжавым узроўні надвор’я, калі сіла ветру звыш 25 метраў у секунду, вятрак паслухмяна, як па загадзе, перастане круціць свае лопасці і пакорліва развернецца ўздоўж ветру.

Выпрацаваная «зялёная» энергія ўжо стабільна папаўняе запасы энергетычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні РУП «Мінскэнерга». Устаноўлены два лічыльнікі, якія вядуць расход затрачанай электраэнергіі і аб’ём выпрацаванай. Намінальная магутнасць аўгустоўскай ветраўстаноўкі даволі ўнушальная – 750 кВт. За год такі вятрак выпрацуе 1200000 кВт. Для параўнання зазначым, што гэтага аб’ёму энергіі хопіць, напэўна, на пятую частку ад усёй гадавой патрэбы ў энергарэсурсах горада Валожына.

Аўгустоўскі вятрак абышоўся ў пяць з лішнім мільярдаў рублёў. Але гэтыя затраты, як паказваюць прагнозы, акупяцца праз тры гады.

Гарызонты «зялёнай» энерасістэмы ў нашым раёне будуць пашырацца. Ужо падабрана некалькі ўчасткаў ля вёскі Бурмакі для размяшчэння чарговай сям’і ветракоў. Займацца гэтай справай тут будзе РУП «Беларусьнафта».

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий