Юбілей дастойнага чалавека…

Культура

У пачатку верасня адзначыў свой 90-ы Дзень нараджэння жыхар вёскі Сакаўшчына Мікалай Рыгоравіч ГАРНАСТАЙ. Гадоў такіх яму ні за што не дасі, бо мужчына, нягледзячы на складанасці лёсу, не страціў маладосці душы і не прад’яўляе грамадству і блізкаму асяроддзю ніякіх прэтэнзій.

 Актыўная жыццёвая пазіцыя гэтага чалавека можа служыць прыкладам больш маладым людзям. Мікалай Рыгоравіч з усёй адказнасцю рыхтуецца прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён упэўнены, што самы правільны выбар беларусаў – стабільнасць, незалежнасць і мір.

 

У далёкім 1925 годзе ў сялян Рыгора і Агафіі Гарнастаяў, у сям’і якіх падрасталі дзве дачкі ад першага шлюбу ўдаўца Рыгора і агульны сын, нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, якога назвалі Мікалаем. Жылі цяжка, але дружна, шмат працавалі. Любячыя тата і матуля асабістым прыкладам прывучалі іх шкадаваць адзін аднаго, паважаць старэйшых. На жаль, і маці, і бацька рана пачалі хварэць, таму сёстрам і братам з малых гадоў прыйшлося асвойваць асноўныя гаспадарскія навыкі. У 12 гадоў Коля ўжо пасвіў кароў, араў зямлю, нарыхтоўваў дровы. Рыгор і Агафія клапаціліся і аб навучанні сваіх дзяцей. Людзі, за плячамі якіх былі чатыры класы польскай школы, тым часам лічыліся даволі адукаванымі, таму дзяўчынкі і хлопчыкі з гэтай сям’і такую адукацыю атрымалі.

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Нашай Валожыншчыне, як і ўсёй Беларусі, прыйшлося выжываць ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Жыхары Сакаўшчыны, якія мелі коней, павінны былі вазіць у Гародзькі на станцыю дровы. Сям’ю Гарнастаяў на гэтай падзёншчыне давялося прадстаўляць Мікалаю. Бацьку не дазваляла здароўе, на плячах старэйшага брата была хатняя гаспадарка, а немцам было ўсё-роўна, хто выйдзе на працу. Старэйшыя аднавяскоўцы падтрымлівалі хлапчука, дапамагалі. А ён, баючыся, каб у родных не было з-за яго непрыемнасцей, стараўся, як мог…

У 1944 годзе юнаку споўнілася 18 гадоў і, як большасць аднагодкаў, ён атрымаў павестку з’явіцца ў Вішнева ў камендатуру. Было зразумела, што гэта азначае прызыў на службу да немцаў. Каб пазбегнуць яе, звярнуўся да старасты, які напісаў даведку аб тым, што маці маладога чалавека моцна хворая. Хто яго ведае, ці той дакумент дапамог, ці малітвы маці, якая сапраўды цяжка хварэла, ці нямецкі чыноўнік нешта наблытаў, але Мікалаю нічога не сказалі. Ён зразумеў, што трэба чакаць адказу. Прастаяўшы каля камендатуры да вечара, урэшце проста пайшоў дадому. Родныя і сам хлопец баяліся, каб яго ўсё ж не забралі, але гэта бяда абышла сям’ю Гарнастаяў.

Пасля вызвалення Беларусі яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў за Масквой у мінамётным палку. Камандзіры і саслужыўцы паважалі за працаздольнасць, безадказнасць і кемлівасць. Да таго ж ён меў здольнасць хутка засвойваць новую інфармацыю. Калі ўрачу санчасці спатрэбіўся памочнік – санінструктар, выбар упаў на нашага земляка. Мікалай Рыгоравіч з цеплынёў успамінае маёра Наташу, якая шмат чаму навучыла яго.

Калі скончылася вайна, Мікалай працягваў служыць у Беларусі. Месцам службы стаў Бабруйск, дзе дыслацыраваўся авіяполк. Армейскія будні былі нялёгкімі, але сэрца сагравалася ўсведамленнем таго, што вайна скончана і ўперадзе мірнае жыццё на роднай зямлі. У 1948 годзе вярнуўся дадому. Працаваў цесляром, мулярам, будаваў і рамантаваў масты, брукаваў дарогі. Любоў да сялянскай працы, адданасць родным мясцінам не дазволілі Гарнастаям працягваць адукацыю. На пытанне “Чаму не паехалі ў горад?” адказвалі проста: “Зямля не адпусціла”. Старэйшая сястра рызыкнула адарвацца ад сямейнага гнязда і накіравалася шукаць шчасця ў свет. Знайшла яго ў Польшчы, дзе пражыла ўсё жыццё. Мікалай жа з братам і сястрой засталіся ў роднай Сакаўшчыне. Адносіны паміж блізкімі людзьмі і іх сем’ямі заўсёды былі прыкладам для іншых.

У 1950 годзе пасталеўшы Коля Гарнастай ажаніўся з дзяўчынай з Няроваў. На адной з вечарынак маладыя людзі сустрэліся позіркамі, і з той хвіліны іх жыцці зліліся ў адно. “Добрая, шчырая была мая Яўгенія Васільеўна, мы з ёй душа ў душу пражылі 59 гадоў. Калі яна памерла, я не проста аўдавеў – асірацеў…” Са сваёй вернай сяброўкай жыцця ён выхаваў цудоўных дзяцей – дачку Лілю і сына Аляксандра. Радуюць сёння і ўнукі.

Любімым гаспадарскім клопатам Мікалая Рыгоравіча на ўсё жыццё застаўся доглад за жывёлай. Працаваў пастухом, загадчыкам фермы, конюхам, жывёлаводам, як гаворыцца, куды пашлюць. А пасылалі працавітага, сціплага чалавека на самыя цяжкія і адказныя работы. Ніхто не чуў ад яго скаргаў. Засяроджаны на даручанай справе і дабрабыце сваёй сям’і, М. Р. Гарнастай ніколі не бавіў час за пустымі заняткамі. Як удалося гэтаму чалавеку не страціць сябе на жыццёвай дарозе, не разгубіцца ў складаных абставінах, якімі не аднойчы выпрабоўваў яго лёс? “Мне Бог дапамагаў, – проста, без пафасу гаворыць Мікалай Рыгоравіч, – праўда, маці так навучыла маліцца, што ў самыя страшныя і цяжкія хвіліны жыцця я быў пачуты”. І сапраўды, 18 аднавяскоўцаў, якія ў далёкія ваенныя гады разам з ім атрымалі павесткі з нямецкай камендатуры, вымушаны былі служыць фашыстам, за што пазней панеслі пакаранне. Мікалай Рыгоравіч упэўнены, што менавіта вера ў Бога можа дапамагчы чалавеку ў крытычныя моманты жыцця. Таму, якім бы не быў занятым, як бы сябе не адчуваў, ён ніколі не цураецца свайго абавязку, які сам сабе прызначыў, – ужо некалькі дзесяцігоддзяў гэты чалавек з’яўляецца званаром мясцовай царквы. “Мне няцяжка, хоць спрыт ужо не той. Гэта падзяка Усявышняму і за выпрабаванні, і за падарункі лёсу”.

Я сустрэлася з шаноўным ветэранам у дзень, калі ён у асяроддзі самых блізкіх людзей адзначаў свой юбілей. Уразілі адносіны родных да пажылога чалавека. Колькі павагі, пяшчоты!

Мікалай Рыгоравіч за ўсё жыццё заслужыў нямала ўзнагарод за бездакорную службу і адданую працу, ганарыцца імі, але прызнанне і любоў родных – для яго найвялікшы падарунак. Таму на маю просьбу пажадаць штосьці валожынцам адказаў не задумваючыся: “Сям’я, дзеткі – галоўнае, што ёсць у чалавека. Сям’ю, Радзіму і веру продкаў шануйце, менавіта яны робяць нас людзьмі, не забывайце пра гэта. Пастарайцеся не быць абыякавымі, не дапускайце несправядлівасці. І гультайства пазбягайце, рухайцеся, працуйце. І дай вам Бог, вось гэтак, як я, адзначаючы 90-гадовы юбілей, станцаваць… “полечку”!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий