Дзеля дабра i справядлiвасцi

Общество

 У групе крымінальнага вышуку Валожынскага РАУС служаць шэсць чалавек. За апошнія два гады штат аддзялення амаль цалка абнавіўся, прыйшлі маладыя кадры, але гэта не паўплывала на вынікі працы, а недахопу вопыту не назіраецца.

Начальнік аддзялення маёр Віктар Рыснік прайшоў выдатную школу ў такіх карыфеяў крымінальнай справы, як Артур Махмудаў, Юрый Балдоўскі, Іван Залескі. Не навічкі службы Уладзімір Рэут і Арцём Гульба, добрых паказчыкаў дабіваюцца Ігар Міхайлаў і Аляксандр Бібік, ёсць важкі прафесійны патэнцыял у маладога лейтэнанта Аляксандра Чаховіча.

Гэтым летам капітан Ігар Міхайлаў у кароткі тэрмін раскрыў цяжкае злачынства – крадзеж, які кваліфікаваны па частцы 3 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса. Дарагі матацыкл імпартнай вытворчасці вернуты яго законнаму гаспадару. Малады оперупаўнаважаны дзейнічаў у цесным супрацоўніцтве з мясцовым участковым інспектарам міліцыі Аляксандрам Кажэкам.

Сёлета па лініі крымінальнага вышуку ў раёне ўчынена 156 злачынстваў, 95 з іх – раскрыты, што складае 61 працэнт і з’яўляецца даволі высокім паказчыкам. Станоўчы вынік прафілактычнай работы групы – невялікая колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Не так даўно капітанам Арцёму Гульбе і Уладзіміру Рэуту, якія адказваюць за барацьбу з такім злом, як незаконны абарот наркатычных рэчываў і супрацьдзеянне гандлю людзьмі, давялося суткамі сядзець у засадзе, каб выявіць і злавіць небяспечнага злачынца. Аперацыя праводзілася ў лесе, у забалочанай мясцовасці. Там, у глушы, нехта разбіў дзялянку і вырошчваў каноплі. Гарантыі, што лясны “наркабарон” не мае зброі, не было, як і ўпэўненасці ў яго адэкватных паводзінах пры затрыманні. Але ўсё скончылася паспяхова. Злачынцаў, а імі аказаліся жыхары Заслаўя, узялі з доказамі – пры сабе яны мелі амаль чатыры кілаграмы наркатычнай сыравіны.

Немагчыма прадугадаць, дзе давядзецца сустрэць сваё прафесіянальнае свята работніку крымінальнага вышуку, якія людзі будуць побач з ім. Аднак яго заўсёды падтрымаюць самадысцыпліна, абвостранае пачуццё абавязку і жаданне зрабіць гэты свет дабрэйшым.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий