Выбар за намі!

Общество

Таццяна Віктараўна БАРЭЙША,

вядучы бухгалтар цэнтральнай раённай аптэкі № 123:

— Любіць Радзіму, ганарыцца ёй з дзяцінства вучылі мяне бацькі. Выбары ў нашай сям’і ўспрымаюцца як свята. Я абавязкова бяру на галасаванне дачку, хачу, каб яна вырасла неабыякавай да лёсу сваёй краіны. Разумею адказнасць і значнасць свайго голасу. Лічу, што не прыйсці нельга: гэта грамадзянскі абавязак кожнага. Зараз у свеце няпростая абстаноўка, і я рада, што жыву ў краіне, дзе магу быць спакойнай за блізкіх. Гэта самае галоўнае. Наогул, у Беларусі ёсць усе магчымасці для працы, вучобы, развіцця здольнасцей і рэалізацыі любой мары. Я асабіста буду галасаваць за стабільнасць, за тое, каб мая дачка атрымала добрую адукацыю, у наступным мела магчымасць рэалізаваць сябе.

 

Маргарыта Сяргееўна АРТЫСЮК,

жыхарка горада Валожына:

— Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – вельмі важная падзея ў жыцці кожнага грамадзяніна нашай краіны. Я абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за самага годнага кандыдата. Галоўнае – захаваць стабільнасць і спакой у грамадстве. Хачу, каб і далей было мірнае неба над галавой. Мяне цешыць тое, што ўсе, хто прыязджае ў Беларусь, у тым ліку на Валожыншчыну, захапляюцца чысцінёй і добраўпарадкаваннем нашых гарадоў і вёсак. Трэба і далей старанна працаваць над тым, каб яшчэ харашэйшым і лепшым станавілася наша жыццё. Лічу, што кожны голас – гэта цаглінка ў падмурак стабільнага заўтра Беларусі.

 

Таццяна Аляксандраўна БАЛАШКА,

медработнік СШ № 2 г. Валожына:

— Я заўсёды хаджу на выбары і 11 кастрычніка гэтага года таксама аддам свой голас. Усведамляю, што выкарыстоўваю сваё выбарчае права і ўдзельнічаю ў палітычным жыцці краіны. Упершыню прыме ўдзел у выбарах мая дачка. Выбіраючы Прэзідэнта, мы выбіраем будучыню сваёй Беларусі. Сёння ў краіне назіраецца палітычная стабільнасць, сацыяльны спакой і эканамічнае развіццё. Хочацца, каб наша Беларусь працягвала развівацца і не спынялася на дасягнутых поспехах. Мяне хвалюе лёс дачкі. Ніхто, акрамя мяне, не паклапоціцца пра маю будучыню, і ад мяне залежыць, у якой краіне будзе жыць мая сям’я. Цвёрда вырашыла галасаваць за стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, за спакой у нашай краіне. Лічу, што мой голас патрэбны і важны.



Добавить комментарий