Са святам, настаўнiкi!

Официально

“Рэдка якія прафесіяналы чуюць у свой адрас столькі шчырых слоў, як настаўнікі. Мы прызнаёмся ім у пашане і любові 1 верасня, на свяце апошняга званка, мы дзякуем ім, калі дзіця напісала ў сшытку першае слова або зразумела ўпарадкаваны свет матэматыкі. І сярод гэтых момантаў для выказвання ўдзячнасці не апошняе месца займае Дзень настаўніка”, – такімі словамі прывітаў сабраных на ўрачыстасці намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік.

Пра Дзень настаўніка не забываюць і тыя, хто далёкі ад педагогікі, для каго школа – усяго толькі ўспамін пра час дзяцінства, бо за кожным жыццёвым поспехам стаяць людзі гэтай высакароднай і паважанай прафесіі.

Напярэдадні свайго прафесіянальнага свята педагогі Валожыншчыны сабраліся ў кінатэатры “Юнацтва”. Павіншаваць, падзякаваць ім за працу прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні РА ГА “Белая Русь” С. Ф. Глінскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова, старшыня камітэта галіновага прафсаюза М. М. Камінская і, вядома ж, тыя, каго настаўнікі вядуць па чароўнай Краіне ведаў. Яны і адкрылі ўрачыстасць пад мелодыю А. Рыбнікава “Аллилуйя любви”. Прыгожае, кранальнае да слёз спалучэнне – чароўная музыка і мілыя дзеці – стала той уверцюрай, якая задала тон усяму мерапрыемству.

За правядзенне сёлетняга раённага Дня настаўніка адказвалі педагогі і вучні СШ № 2. Пастараліся яны на славу, нават паклапаціліся, каб кожны госць меў на памяць прыемны падарунак. Нельга не адзначыць і тую істотную дапамогу, якую аказалі ім калектывы гарадскіх дашкольных устаноў, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, маладыя спецыялісты. Усё прайшло на адным дыханні. Самыя яркія выступленні складана і назваць. Мяркуючы па апладысментах, гледачам спадабаўся танец “Рамонкі” ў выкананні выхаванцаў “Расінкі”, пастановачная мініяцюра маладых спецыялістаў Ёаны Смолкі, Канстанціна Буйко, Вольгі Вярбіцкай і Алены Шафаровіч. Шкада толькі, што імёны артыстаў засталіся “за кадрам”. Напрыклад, вельмі хацелася б знаць спявачку, што цудоўна праспявала песні “Залатое сэрца” і “Домой”, саліста-хлопчыка, які выйшаў на сцэну ўжо напрыканцы, а таксама прозвішчы тых, хто пісаў сцэнарый, прыдумваў афармленне. Але не лічыце гэту заўвагу “каменем у агарод”. Хутчэй наадварот: калі мерапрыемства слабае, то і яго ўдзельнікі не зацікавяць.

Нумары мастацкай самадзейнасці чаргаваліся з прыемнымі момантамі ўзнагароджання самых старанных педагогаў. Дарэчы, у сферы адукацыі раёна заняты 1300 чалавек, 700 з іх – настаўнікі. Гэта адна з самых шматлікіх прафесіянальных структур Валожыншчыны. І амаль дзясятая яе частка атрымала Ганаровыя граматы і Падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, галіновага прафсаюза, ГА “Белая Русь”.

Сярод узнагароджаных – сацыяльны педагог Вішнеўскай СШ Т. П. Пупа. Вопыту Тэрэзе Пятроўне не займаць, а дабрыні яе сэрца хапае не толькі па рабоце, але і для грамадскага жыцця ўсёй вялікай вёскі. Выхавацель ДЦРД “Расінка” Д. Г. Макаед яшчэ летась была маладым спецыялістам, пасля адпрацоўкі рашыла застацца ў Валожыне: не змагла пакінуць сваіх гадаванцаў, якія яе так палюбілі. Ветэран працы, былая настаўніца Івянецкай СШ Л. У. Страчынскай адзначана за актыўную жыццёвую пазіцыю, за імкненне дзяліцца вопытам з маладымі калегамі.

Феерычны фінал урачыстасці прымусіў усіх прысутных падняцца і шчыра падзякаваць арганізатарам і ўдзельнікам за падораную радасць. І цудоўны настрой аўдыторыі быў у той дзень лепшым падарункам для дырэктара СШ № 2 Л. В. Петрашкевіч.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *